• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пракуроры Віцебшчыны адсправаздачыліся, што за сёлета выявілі 95 «дэструктыўных» інтэрнэт-рэсурсаў

    Менавіта столькі пазоваў аб прызнанні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» было накіравана пракуратурамі Віцебскай вобласці ў судовыя інстанцыі. Што суды і рабілі — адмоўных рашэнняў не было.

    Фота: pix­abay для pexels.com

    Супрацоўнікі пракуратур расцанілі кантэнт 95-ці інтэрнэт-рэсурсаў як «дэструктыўную інфармацыю», накіраваную на «павышэнне сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і стварэнне недаверу да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады».

    Як сцвярджае прэс-служба Віцебскай абласной пракуратуры, супрацоўнікамі ведамства былі заўважаныя «недакладныя звесткі пра дзейнасць праваахоўных органаў», скажэнне навінавай тэматыкі «шляхам камп’ютарнага мантажу асобных ролікаў і распаўсюду загадзя ілжывай інфармацыі», а таксама размяшчэнне інфармацыі, якую прызнавалі «экстрэмісцкай» раней, што «ўзмацняла дэструктыўны ўплыў».

    Ад пачатку 2025 года толькі пракуратура Віцебскай вобласці  ініцыявала прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 5‑ці старонак у сацыяльнай сетцы Face­book, 3‑х — у Insta­gram, 2‑х — у «ВКонтакте», адной — у «Одноклассниках», 5‑ці каналаў і ролікаў на відэахостынгу Tik­Tok. Усе звароты пракурорскіх работнікаў былі падтрыманыя судом Кастрычніцкага раёна Віцебска і ўключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Не менш актыўна, паводле прэс-службы Віцебскай абласной пракуратуры, у гэтым кірунку дзейнічалі пракуратуры Полацкага, Сенненскага, Чашніцкага і Гарадоцкага раёнаў.

    Тут варта зазначыць, што 95 інтэрнэт-рэсурсаў з ініцыятывы наглядных органаў прызнаных «экстрэмісцкімі» за дзевяць няпоўных месяцаў на Віцебшчыне, — гэта не самая вялікая колькасць у параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Так, пракуратуры Магілёўскай вобласці за першыя шэсць месяцаў 2025 года накіравалі ў суды 99 заяў аб прызнанні сайтаў і акаўнтаў у розных сацсетках і месенджарах «экстрэмісцкімі». Пракуратуры Мінскай вобласці сёлета ў перыяд са студзеня па жнівень  склалі для судоў 237 такіх заяваў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці