Як шукаць працу ў медыя і прадаваць ідэі? У Беластоку прайшла сустрэча беларускіх журналістаў
Сучасны беларускі журналіст працуе ў некалькіх фарматах, валодае некалькімі мовамі, умее працаваць са штучным інтэлектам і гатовы пастаянна вучыцца новаму. 19 верасня ў Беластоку адбылася сустрэча беларускіх журналістаў, падчас якой прадстаўнікі розных беларускіх медыя абмяркавалі, як стаць часткай рэдакцыі, чаго чакаюць ад журналістаў і што перашкаджае знайсці працу.

Дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда выступае падчас сустрэчы беларускіх журналістаў у Беластоку. 19 верасня 2026 года. Фота: аўтар для БАЖ
Змяненні ў журналістыцы – гэта надоўга
19 верасня ў Беластоку беларускія журналісты сустрэліся з прадстаўнікамі трох медыя — дырэктаркай «Нашай Нівы» Настай Роўдай, спікерамі ад «Белсат» і Hrodna.life.
Мадэратарам сустрэчы выступіў Павел Мажэйка. Ён звярнуў увагу на тое, што апошнім часам гучаць заклікі скараціць ці цалкам спыніць фінансаванне беларускім незалежных медыя. У той жа час значная частка журналістаў вымушана з’ехала з Беларусі і доўгі час працуе ў новых, часта нестабільных умовах.
На думку Мажэйкі, нават у цяжкіх умовах важна заставацца ў прафесіі і не губляць назапашаныя навыкі, бо яны спатрэбяцца ў будучыні. Ён прызнаўся, што раней, калі яшчэ гэта было магчыма рабіць у Беларусі, успрымаў прафесійныя дыскусіі хутчэй як фармальнасць, аднак у цяперашніх умовах у іх ёсць асаблівая вартасць.
— Змяненні і пошукі сябе — гэта не часовы этап, які вось-вось скончыцца, а доўгатэрміновая перспектыва, — падкрэсліў Мажэйка.
«Калі вы хэйціце выданне, у якім хочаце працаваць, – гэта адразу чырвоны сцяг»
Наста Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы» разабрала станоўчыя і адмоўныя прыклады пошуку працы ў медыя. Адна з найбольш распаўсюджаных памылак — прапаноўваць супрацоўніцтва выданню, не разумеючы, што яно робіць. Наста падкрэсліла, што заўжды варта азнаёміцца з медыя (пачытаць матэрыялы, вывучыць фарматы і рэдакцыйную палітыку), а толькі пасля дысылаць рэзюме. Паводле Роўды, дзіўнай сітуацыяй з’яўляецца тая, калі кандыдат публічна крытыкуе выданне, але адначасова хоча ў ім працаваць.
— Калі вы дзесьці ў сацыяльных сетках хэйціце выданне, у якім хочаце працаваць, то для выдання гэта адразу чырвоны сцяг. У сучасным свеце вашы сацыяльныя сеткі дакладна будуць прагледжаныя патэнцыйным працадаўцам. Калі ўбачаць, што вы паставілі лайк пад допісам, у якім лаюць медыя, то гэта дзіўна, што вы ў такое медыя дасылаеце CV.
Сярод іншых праблем яна назвала: адсутнасць рэкамендацый і прафесійнай рэпутацыі, нежаданне праяўляць ініцыятыву і прапаноўваць уласныя тэмы, адсутнасць ідэй і ўнікальнай прапановы, адсутнасць сеткі кантактаў і нежаданне яе развіваць, страх размаўляць з людзьмі і адсутнасць іншых моцных навыкаў, што дазваляюць кампенсаваць слабую камунікацыю.

Наста Роўда і Зоя Хруцкая падчас сустрэчы беларускіх журналістаў у Беластоку. 19 верасня 2026 года. Фота: аўтар для БАЖ
— Варта адразу паказаць, што менавіта ён можа зрабіць для медыя і чым яго досвед адрозніваецца ад досведу іншых журналістаў, — заўважыла Роўда.
Наста Роўда зазначыла, што рэдакцыі чакаюць канкрэтных прапаноў ад журналістаў, якія імкнуцца працаваць у іх медыя.
Як трапіць на працу ў рэгіянальнае медыя
Беларускія медыя, што раней працавалі ў рэгіёнах, а цяпер аказаліся ў вымушанай эміграцыі, змаглі перабудавацца і аднавіць працу. Аднак рэгіянальная спецыфіка і невялікія каманды ўплываюць на працу рэдакцый.
Прадстаўніца Hrodna.life адзначыла, што заставацца ў прафесіі сёння складана, бо ў журналістаў няма адчування бяспекі, а да звычайных прафесійных праблем дадаюцца эйджызм і наступствы рэпрэсій. Некаторыя журналісты спрабуюць вярнуцца ў прафесію пасля турмы, а іншым даводзіцца пачынаць амаль з нуля ў эміграцыі. Усім ім неабходна нанова вызначаць свае моцныя бакі і фактычна «пераствараць» сябе, бо і сама журналістыка імкліва змяняецца.
Прадстаўніца Hrodna.life параіла людзям, якія хочуць пайсці ў беларускую журналістыку, мець добра складзенае і актуальнае рэзюме. У ім можна пазначаць уласныя сайд-праекты, якімі займаецца чалавек, бо гэта можа прадэманстраваць навыкі нават без досведу ў буйной рэдакцыі. Перад размовай з працадаўцам неабходна пераправерыць нават назву выдання, бо ў гісторыі Hrodna.life былі выпадкі, калі кандыдаты памыляліся ў назве медыя, у якое хацелі ўладкавацца.
Даследаванне: Беларускія незалежныя СМІ ў выгнанні захоўваюць аўдыторыю ў Беларусі
Рэгіянальныя рэдакцыі могуць наймаць новых людзей у розных сітуацыях. Напрыклад, калі супрацоўнікі сыходзяць у дэкрэтны адпачынак ці пачынаюцца буйныя праекты. Пры гэтым сумяшчэнне працы ў некалькіх месцах не з’яўляецца праблемай у многіх рэгіянальных медыя, тут галоўнае — загадзя адкрыта абмеркаваць умовы.
Як стаць часткай «Белсата»
Прадстаўніца «Белсата» расказала, як можна трапіць у каманду тэлеканала ці пачаць супрацоўнічаць з ім у якасці фрылансера. Сёння «Белсат» працуе на некалькіх пляцоўках: тэлеканал, сайт, YouTube і сацыяльныя сеткі. Унутры медыя існуюць асобныя рэдакцыі, якія працуюць з рознымі фарматамі.
Па словах прадстаўніцы «Белсат», тэлеканал чакае, што кандыдат заявіць пра сябе і дашле рэзюме: у ім важна пазначыць, якімі мовамі валодае чалавек, ці можа свабодна размаўляць на іх, з якімі журналісцкімі фарматамі працуе, ці выкарыстоўвае штучны інтэлект і якія дадатковыя навыкі мае.
Адно з галоўных патрабаванняў да журналістаў «Белсата» — натуральная беларуская мова. Важна свабодна гаварыць, адчуваць слова і пазбягаць штучных канструкцый. Пры гэтым бездакорнае валоданне беларускай мовай на старце не заўжды з’яўляецца абавязковай умовай. У гісторыі канала былі выпадкі, калі супрацоўнікі істотна паляпшалі беларускую падчас працы.
— На «Белсат» журналіст, які атрымаў заданне, ведае, колькі часу ў яго ёсць на падрыхтоўку матэрыяла і якім патрабаванням павінен адпавядаць вынік. Для нас асабліва важна ўменне коратка і зразумела даносіць інфармацыю да гледачоў. Таму нашы журналісты павінны ўмець напісаць, а затым скараціць напісанае. Тэлевізійная журналістыка ўсё ж адрозніваецца, бо інфармацыю неабходна падаваць так, каб яна была зразумелая вельмі рознай аўдыторыі.
«Белсат» чакае, што ў кандыдатаў будзе журналісцкая адукацыя, але яе адсутнасць не закрывае шлях на тэлеканал. Гатовыя разглядаць людзей з шырокім кругаглядам, якія добра пішуць, цікавяцца светам і ўмеюць жыць у навінавай павестцы. Асобнае патрабаванне — адказнасць за сябе і калег, бо памылка аднаго супрацоўніка можа стварыць небяспеку для ўсёй каманды.
«Белсат» абвясціў новы сезон. У эфір вяртаюцца і былыя палітвязні
«Белсат» гатовы разглядаць заяўкі на новыя праекты. Галоўнае — ініцыятыва і добра распрацаваная ідэя. Тэлеканал адкрыты для прапаноў: так, у новым сезоне гледачы могуць убачыць новыя праекты і твары.
Якім павінен быць беларускі журналіст?
Падчас практычнай часткі мерапрыемства журналісты прэзентавалі свае рэзюме. Плюсы і мінусы журналісцкіх рэзюме вызначалі прадстаўнікі «Белсат», Hrodna.life і «Нашай Нівы».
Спікеры адзначылі, што вялікія пытанні выклікаюць рэзюме, у якіх адсутнічае інфармацыя пра месца працы ў некаторых прамежках часу. Наста Роўда дадала, што ў рэдакцыі можа ўзнікнуць пытанне, ці не працаваў чалавек у КДБ у гэты час, і лепш напісаць адразу праўду, а не хаваць звесткі.
Сярод плюсаў журналісцкіх рэзюме — валоданне мовамі, рэкамендацыі ад людзей, якія ўжо працуюць у беларускай журналістыцы, абавязкова дадаваць дадатковыя навыкі і ўменні. Плюсам з’яўляецца ўказанне ўласных прац (артыкулаў, падкастаў, відэаматэрыялаў) са спасылкамі ў медыя, дзе раней працаваў кандыдат.
Калі чалавек толькі пачынае шлях у журналістыцы, то звычайна трапіць у «Нашу Ніву» ці «Белсат» бывае складана. У такім выпадку пачынаюць з рэгіянальнай журналістыкі. Так склалася, што ў лакальных медыя рыхтаваліся і рыхтуюцца кадры для буйных медыя. Па словах прадстаўніцы Hrodna.life, гэта з’яўляецца болем рэгіянальных СМІ, бо рэдакцыі нацыянальных выданняў перыядычна «пераманьваюць» учорашніх стажораў.
Усе спікеры сышліся ў думцы, што сучасная беларуская журналістыка стала шматфарматнай, і на сёння ад журналіста чакаюць якасных тэкстаў, умення працаваць з відэа і аўдыё, новымі тэхналогіямі.
@bajmedia