• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вядомую ютуб-блогерку затрымалі на мяжы за ўдзел у пратэстах — за кратамі яе пратрымалі больш за тры месяцы

    Пятага кастрычніка ў 29-гадовай Караліны Канановіч з Мінска, вядомай як відэаблогерка Караліна К., пасля чатырохмесячнай цішыні на канале з’явілася відэа, дзе дзяўчына распавяла, што гэты час яна правяла за кратамі.

    Больш за два гады блогерка жыве ў Амстэрдаме, але часам прыязджала да сваякоў у Мінск. Чарговая паездка ў Беларусь напачатку чэрвеня скончылася затрыманнем. У 2020 годзе дзяўчына, асвятляя на канале сваё жыцце, паказвала, як восенню хадзіла на пратэст і збягала ад сілавікоў (гэта відэа ўжо даўно не дасяжна на канале блогеркі). Верагодна, гэта і стала прычынай пераследу.

    Паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) Караліне прызначылі два гады і два месяцы «хатняй хіміі». Прысуд набывае моц шостага кастрычніка, але дзяўчына з’ехала з Беларусі.

    Караліна Канановіч. Фота: ilinterviews.com

    11 чэрвеня 2025 года Караліна прыляцела з Амстэрдама ў Вільню і села на аўтобус да Мінска. Уначы яна перасекла мяжу і праходзіла пашпартны кантроль на ўездзе ў Беларусь. Аказалася, што дзяўчына знаходзіцца ў крымінальным вышуку. 

    «Сказалі: «Пройдем». Потым зноў: «Пройдем». І яшчэ раз. Аказалася, я ў крымінальным вышуку. Праз яшчэ адно «пройдзем», ужо на вуліцы, мяне пасадзілі ў машыну ў кайданках. Мне дазволілі патэлефанаваць бацькам. Я дрэнна памятаю, што сказала. Нешта накшталт: «Мяне забіраюць», — і заплакала», — распавяла Караліна.

    Пасля гэтага ў кайданках дзяўчыну адвезлі ў ІЧУ ў Ашмянах. Там ёй паказалі пратакол затрымання, дзе было пазначана, што дзяўчыну абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у пратэстах 2020 года.

    «Бацькі ў той жа дзень перадалі мне гігіену і ліст ад таты. Я перачытвала яго, калі станавілася зусім дрэнна. У ІЧУ я правяла чатыры дні. Самы цяжкі час: вельмі холадна, адна ў камеры, 16 гадзін нельга спаць. Я хадзіла з кута ў кут, спрабавала набраць 10 000 крокаў, рабіла практыкаванні, спявала, успамінала цёплыя моманты, каб хоць неяк трымацца. Плакала, супакойвалася, зноў плакала».

    Потым дзяўчыну перавялі ў следчую турму ў Гродне, а затым — у СІЗА № 1 у Калядзічах. У выніку Карына правяла пад вартай 104 дні.

    «Гэта ўсё лета і больш. Абмежаванне свабоды — гэта цяжка патлумачыць. Асабліва, калі не разумееш, што будзе далей. Ты прачынаешся і зноў там. Але нават у такіх умовах я старалася зачапіцца за добрае: дзякавала за лісты, за добрых людзей, за падтрымку. Вяла дзённік падзякі. Кожны дзень — адзін і той жа, дзень сурка. Малявала паштоўкі, пісала лісты, хадзіла па камеры, рабіла зарадку, чытала кнігі, разгадвала японскія крыжаванкі», — распавяла Караліна.

    На 105‑ы дзень дзяўчыну асудзілі. Ёй прызначылі два гады і два месяцы «хатняй хіміі» — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На наступны дзень яна забрала дакументы з СІЗА. Паводле дзяўчыны прысуд мусіць набыць моц шостага кастрычніка, а значыць яе асудзілі 26 верасня. Хутка яе ўнясуць у «спіс экстрэмістаў», пра што ютуб-блогерка папярэдзіла сваіх падпісчыкаў і звярнула ўвагу на меры бяспекі пры зносінах з ёй.

    «Наступіла пытанне: заставацца або з’язджаць. Гэта было цяжка. Я чалавек, які не ўмее хутка прымаць рашэнні. Але часу не было. Я правяла на волі ў Мінску тры дні і з’ехала. Прыляцела ў Амстэрдам», — падзялілася блогерка.

    Пры гэтым Караліна звярнула ўвагу, што пакінула Беларусь легальна праз пашпартны кантроль. Дзяўчына адзначыла, што ўсё тое, што адбылося ёй «хочацца забыцца як страшны сон».

    «Хочацца адчуваць сябе нармальна, вярнуцца ў звыклае жыццё, у звыклы свой лайфстайл-блог», — распавяла Караліна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці