Маладога блогера і захавальніка архіва Клічаўскага краязнаўчага музея асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Яўген Старавойтаў — краязнаўца і стваральнік блога «Магілёўскія хронікі», у якім ён расказвае пра цікавосткі роднай Магілёўшчыны. Але нядаўна ён правёў больш за тры месяцы ў СІЗА — падобна, па справе Гаюна.

Яўген Старавойтаў. Фота: kino.fotobel.by
Яўгену Старавойтаву 26 гадоў. Ён родам з Клічава. Пасля школы паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова, дзе вучыўся на археолага. Скончыў магістратуру там жа. Ягоная спецыялізацыя — вывучэнне культур жалезнага века на тэрыторыі Беларусі.
Яўген — патрыёт сваёй малой радзімы. Ён доўгі час працуе ў Клічаўскім краязнаўчым музеі, захоўвае хронікі музея і арганізоўвае там мерапрыемствы.
А тры гады таму Старавойтаў стварыў праект «Магілёўскія хронікі». Гэта відэаблог пра цікавосткі і займальныя факты з гісторыі Магілёўскага края. Ён мае больш за 4000 падпісчыкаў у ютубе і больш за 7000 — у інстаграме. Праект намініраваўся на конкурс «Падарожнічаем па сінявокай».
Хлопец знік з сацсетак у канцы мая 2025 года — яго змясцілі ў СІЗА. Выйшаў ён на пачатку верасня, ужо пасля прысуду па ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Падобна, Яўген трапіў пад пераслед па справе Гаюна.
Яўгену Старавойтаву прысудзілі хатнюю хімію. Ён працягвае распавядаць пра свой родны край.
