Літоўскія журналісты абвясцілі акцыю пратэсту супраць дзеянняў уладаў
У Літве журналісты і іншыя супрацоўнікі грамадскага вяшчальніка LRT заявілі пра пратэст. Цягам тыдня ў эфіры будуць выходзіць «хвіліны маўчання», а 9 снежня ў Вільні каля Сейма адбудзецца акцыя. Нагодай сталі папраўкі дэпутатаў, якія замарожваюць фінанасаванне LRT і спрашчаюць працэдуру змены кіраўніцтва медыя.

Фота: V. Raupelio / LRT
«У апошнія гады мы, журналісты LRT, адчуваем беспрэцэдэнтны ціск з боку палітыкаў і бачым спробу захопу грамадскага вяшчальніка. Пра нас распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя ў спробе настроіць грамадскасць супраць LRT», — гаворыцца ў публічным звароце супрацоўнікаў LRT, апублікаваным у панядзелак, 1 снежня.
Папраўкі да закона аб LRT былі ўхваленыя ў Сейме на першым галасаванні ў чацвер, 27 лістапада. У выпадку прыняцця яны дазволяць Радзе LRT звальняць дырэктара вяшчальніка не кваліфікаванай большасцю дзве траціны, як цяпер, а паловай галасоў на тайным галасаванні. Акрамя таго, на тры гады замарозіцца фінансаванне медыя на цяперашнім узроўні.
Аўтары паправак — дэпутаты правячай кааліцыі, кажуць, што хочуць зрабіць кіраванне грамадскім вяшчальнікам больш празрыстым. Але частка журналісцкай супольнасці і сябры Рады LRT лічаць гэтыя змены крокам да палітычнага ўплыву на кіраўніцтва вяшчальніка.
«Яны [папраўкі — рэд.] супярэчаць Еўрапейскаму акту аб свабодзе СМІ, магчыма, супярэчаць дактрыне Канстытуцыйнага суда і абмяркоўваюцца без удзелу медыясупольнасці і экспертаў-юрыстаў. Яны адкрываюць шлях для палітызацыі LRT: існуе пагроза, што кожны новы ўрад будзе імкнуцца прызначыць генеральнага дырэктара, які адпавядае яго ўласным інтарэсам», — пішуць журналісты.
Цягам тыдня супрацоўнікі LRT будуць у эфіры аб’яўляць хвіліны маўчання і тлумачыць гледачам і слухачам, чаму незалежнасць грамадскіх медыяў важная для дэмакратычнага грамадства і што адбываецца ў краінах, дзе ўлада бярэ пад кантроль дзяржаўны вяшчальнік. Пры гэтым яны працягнуць працаваць: будуць выпускаць навіны і праграмы, выконваючы законы і этыку.
Журналісты патрабуюць, каб кіруючая партыя адмовілася ад паправак і распачала грамадскую дыскусію аб дэпалітызацыі Рады LRT з удзелам журналісцкіх арганізацый і экспертаў у галіне СМІ і права.
Таксама супрацоўнікі LRT звяртаюцца да грамадскасці з заклікам падпісаць петыцыю «супраць палітычнага захопу LRT» і выйсці на акцыю пратэсту 9 снежня каля літоўскага Сейма.
«Мы, журналісты LRT, якіх амаль 200, упершыню просім грамадскасці падтрымаць абарону свабоды СМІ і свабоды слова, бо гэта адзін з гарантаў дэмакратыі. Гэта важна, бо сёння дзеянні ўладных структур пачынаюць нагадваць злавесныя прыклады Венгрыі, Славакіі, Польшчы і Грузіі, дзе палітыкі задушылі свабоду слова» — адзначаецца ў звароце.
@bajmedia