Бі-бі-сі закрывае эфірнае вяшчанне двух тэлеканалаў і радыёстанцыі
Бі-бі-сі вырашыла закрыць эфірнае вяшчанне тэлеканалаў BBC Three і BBC Scotland, а таксама Radio 4 Extra.

Фота: Бі-бі-сі
Брытанская вяшчальная карпарацыя Бі-бі-сі вясною спыніць эфірнае тэлевізійнае вяшчанне каналаў BBC Three і BBC Scotland. Карпарацыя таксама плануе закрыць эфір радыёстанцыі Radio 4 Extra. Гэта адбываеца у межах двухгадовага плана па скарачэнні выдаткаў на 500 млн фунтаў (каля 670 млн долараў), паведаміла тэлерадыёкампанія.
Абодва тэлеканалы працягнуць працу анлайн, на стрымінгавым сэрвісе Бі-бі-сі iPlayer, а Radio 4 Extra перайдзе на аўдыястрымінгавы сэрвіс BBC Sounds.
«Нам неабходна дамагацца большай аддачы ад кожнага фунта ў інтарэсах аўдыторыі, рэагуючы на бягучы рост выдаткаў і пераўтвараючы Бі-бі-сі ў адпаведнасці з светам, які змяняецца. Мы ўсе разумеем, што гэта азначае неабходнасць прымаць цяжкія рашэнні», — заявіў генеральны дырэктар Бі-бі-сі Мэт Брыцін.
Нагадаем, Бі-бі-сі таксама плануе цягам двух гадоў скараціць ад 1800 да 2000 працоўных месцаў — амаль дзясятую частку сваіх супрацоўнікаў — і зэканоміць паўмільярда фунтаў. Цяпер у BBC News, навінавым падраздзяленні карпарацыі, ідзе першая хваля скарачэнняў: ліквідуюцца каля 550 штатных пазіцый.
@bajmedia