• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я пачула пра гатоўнасць рэдакцыі да эксперыментаў». Як будзе змяняцца «Зялёны партал» пры Ганне Галёце

    15 студзеня Яніна Мельнікава абвясціла пра сыход з пасады кіраўніцы рэдакцыі «Зялёнага партала». Тады ж яна прадставіла грамадскасці пераемніцу — ёй стала Ганна Галёта, былая журналістка тэлеканала «Белсат». Новая галоўная рэдактарка медыя пра экалогію ў гутарцы з БАЖ падзялілася планамі развіцця рэсурсу.

    Ганна Галёта. Фота з асабістага архіву

    Ганна Галёта. Фота з асабістага архіва

    «Атрымаўся перапынак амаль на год»

    — Ганна, чаму «Зялёны партал»? Вясной вы казалі пра сыход з журналістыкі. Раней была інфармацыя, што вы адкрылі ў Варшаве кветкавую краму.

    — У журналістыцы я з 16 гадоў. Пачынала з тэкстаў, потым перайшла ў відэажурналістыку, а пазней — у прадзюсаванне і бізнес. Амаль дзевяць гадоў майго прафесійнага жыцця былі звязаныя з «Белсатам»: у апошні час я працавала з каналам як незалежная прадзюсарка і рабіла дзве праграмы.

    Супрацоўніцтва завяршылася ў красавіку мінулага года, калі перасталі выходзіць «Лукавыя навіны». Раней закрылася і праграма «Шчыра кажучы», над якой я таксама працавала. 

    Анна Голёта: “Смех стал типичной реакцией при обнаружении фейков”

    Да таго моманту ў мяне ўжо быў кветкавы бізнес у Варшаве і фотастудыя, і я вырашыла засяродзіцца на гэтых праектах. Так атрымаўся перапынак амаль на год.

    Я свядома не рассылала рэзюмэ — шчыра кажучы, проста стамілася ад палітыкі і пастаяннага знаходжання ў балючым для нас парадку дня. 

    Але даволі хутка зразумела, што сумую па журналістыцы. Да таго ж надышоў момант, калі бізнес змог працаваць цалкам без майго ўдзелу: усе працэсы былі выбудаваныя, каманда спраўлялася аўтаномна. Супрацоўнікі нават жартавалі, што калі я прыходжу, то больш замінаю, чым дапамагаю — працы для мяне там амаль не засталося.

    Тады стала канчаткова ясна, што я хачу вярнуцца ў прафесію. Першай вакансіяй, на якую я адгукнулася, была аб’ява «Зялёнага партала».

    «Экалагічная тэма была для мяне новай»

    — Вам блізкая тэма экалогіі?

    — Мяне зацікавіла гэтая вакансія менавіта таму, што экалагічная тэма была для мяне новай: раней я ніколі глыбока з ёй не працавала. Пасля анлайн-сумоўя цікавасць толькі ўзмацнілася — я пачула пра планы развіцця партала, пра гатоўнасць рэдакцыі да эксперыментаў і новых фарматаў. Я адчула, што мне сапраўды хочацца ў гэта ўключыцца.

    Ганна Галёта. Фота з асабістага архіва

    Ведала, што на вакансію было шмат прэтэндэнтаў, і вельмі радая, што выбралі менавіта мяне. Зараз пачаўся мой трэці працоўны тыдзень на пасадзе галоўнай рэдактаркі, і магу сказаць, што сама не чакала, наколькі мяне захопіць экалагічная павестка.

    Па-першае, я кожны дзень даведваюся нешта новае — і атрымліваю ад гэтага задавальненне. Напрыклад, нядаўна ў нас выйшаў матэрыял пра нямецкі горад Эберсвальдэ: там можна піць ваду проста з ракі, выкарыстоўваецца «разумнае» асвятленне, якое ўключаецца толькі пры неабходнасці, а сам горад умее рэгуляваць сваё ацяпленне і ахалоджванне. Такія гісторыі паказваюць, што экалогія — гэта не абстрактная тэма, а пра якасць жыцця тут і цяпер.

    — У вас вялікі досвед у відэажурналістыцы. Ці будзеце скарыстоўваць яго ў «Зялёным партале»?

    — Так, канешне, на партале будуць відэа. Зараз мы рыхтуемся да запуску некалькіх паўнавартасных праграм, якія будуць выходзіць на нашым YouTube. Плануем, што гэта будзе пяць відэапраграм.

    — Гэта будзе нешта кшталту падкастаў ці сюжэтаў?

    — Будзе і тое, і другое. Фарматы будуць розныя, зараз над імі і працуем.

    Таксама будзем пашыраць прысутнасць у сацыяльных сетках. 

    «Перамяшчаем фокус на моладзь»

    — «Зялёная сетка», часткай якой з’яўляецца і «Зялёны партал», прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем» у Беларусі. Уся ваша рэдакцыя працуе па-за межамі Беларусі, але наколькі гэтыя рашэнні беларускіх уладаў перашкаджаюць працы?

    — Статус «экстрэмістаў», безумоўна, замінае прасоўванню: кантэнтам складаней дзяліцца, аўдыторыя больш асцярожна ўзаемадзейнічае. Асабліва цяпер, калі мы перамяшчаем фокус на юнакоў і дзяўчат і хочам «амаладзіць» экалагічны парадак дня.

    Пры гэтым уяўленне, што экалогія нецікавая гэтаму ўзросту, — міф. Моладзі важна, у якім асяроддзі яна жыве і як гэтае асяроддзе можна зрабіць лепшым. Я ўпэўненая, што экалогія ўваходзіць у топ‑5 тэм, якія сапраўды хвалююць людзей.

    Ганна Галёта. Фота з асабістага архіву

    Ганна Галёта. Фота з асабістага архіва

    Іншая справа, што ў многіх экалогія дагэтуль асацыюецца з нечым сумным і сухім. Але пытанне не ў тэме, а ў падачы.

    Наша задача — гаварыць пра экалогію жыва, зразумела і цікава. І паколькі мы цяпер перафарматоўваем працу партала, то робім гэта менавіта ў гэтым кірунку.

    Акрамя таго, у «Зялёнай сеткі» моцная экспертная база. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва з іншымі медыя і заўсёды гатовыя дапамагаць кампетэнтнымі каментарамі і ацэнкамі.

    — «Зялёны партал» заўсёды надаваў увагу вострым тэмам накшталт беларускай атамнай палітыкі, парушэнням прыродаахоўнага заканадаўства ў Беларусі і г. д.

    — Вядома, мы працягнем сачыць за ўсім гэтым. Мяркую, і маладой аўдыторыі гэта будзе таксама цікава, бо ўсё гэта звязана з іх сучаснасцю і будучыняй.

    Нядаўна ў нас выйшла расследаванне Насты Захарэвіч пра беларуска-польскую мяжу і наступствы ўзвядзення плота для фаўны. У планах ёсць сумесныя расследаванні з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам.

    Складаныя тэмы застаюцца — і «Зялёны партал» працягне за імі сачыць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці