Журналіста Паўла Дабравольскага пачнуць судзіць 27 лютага
Палітзняволены журналіст Павел Дабравольскі абвінавачваецца ў «здрадзе дзяржаве». Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Павел Дабравольскі. Фота: з асабістага архіва
На пачатак лютага следчыя дзеянні ў дачыненні Паўла Дабравольскага былі скончаныя і крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 356 КК РБ перададзеная ў Мінскі гарадскі суд (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1).
Як стала вядома БАЖ, судовы працэс над журналістам пачнецца 27 лютага. Мяркуецца, што слуханні будуць праходзіць у закрытым рэжыме.
Увосень 2025 года Павел Дабравольскі быў пераведзены з СІЗА КДБ, дзе яго ўтрымлівалі пасля затрымання, у СІЗА № 1 у Калядзічах.
Паводле звестак БАЖ, абвінавачанне ў «дзяржаўнай здрадзе» звязанае з журналісцкімі публікацыямі Дабравольскага. Раней ён працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі). Апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН.
Павел Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года —праз некалькі месяцаў пасля вяртання на радзіму.
З Беларусі Павел з’ехаў на пачатку восені 2021 года. Паводле інфармацыі на яго старонках ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду падарожнічаў па свеце: аб’ехаў шэраг еўрапейскіх краін, быў у Іране, Расіі, краінах Паўднёвай Амерыкі. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.
Падчас паслявыбарчых пратэстаў 2020 года Паўла Дабравольскага затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці. У прыватнасці, 30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Дабравольскага палітычным вязнем.
12 студзеня за кратамі СІЗА ён сустрэў свае 36 гадоў.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёння ў Беларусі ў няволі ўтрымліваюцца 28 супрацоўнікаў беларускіх СМІ.
@bajmedia