Ад радыё да раёнак: людзі з сілавым бэкграўндам усё часцей узначальваюць гомельскія СМІ
Кіраўніцай Гомельскага гарадскога радыё прызначылі Ганну Плахатнюк — журналістку і прапагандыстку, вядомую цеснымі кантактамі з сілавымі структурамі. Яе прызначэнне зацвердзіў кіраўнік аблвыканкама.

Ганна Плахатнюк
Філолаг паводле адукацыі Ганна Плахатнюк працавала карэспандэнткай на гарадскім радыё, пасля — у абласным упраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, а таксама спецыялісткай па сувязях з грамадскасцю ў Гомельскай абласной філармоніі. У Камітэце судэкспертыз яе выбар тлумачылі «цікавасцю да працы ў ваенізаванай структуры, няхай і цывільнай асобай».
У 2023 годзе Плахатнюк была вядоўцай на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 4 Гомель» і тады ж публічна пахвалілася граматамі і падзякамі ад упраўленняў КДБ і МУС Гомельскага аблвыканкама «за садзейнічанне», паведамляе гомельскае незалежнае анлайн-выданне «Штодзень».
Прызначэнне Плахатнюк — не адзінкавы выпадак пранікнення людзей, звязаных з сілавымі структурамі, на кіраўнічыя пасады ў рэдакцыі дзяржаўных медыя. Раней «Штодзень» пісаў, што намеснікам галоўнага рэдактара «Гомельскіх ведамасцяў» стаў падпалкоўнік міліцыі Віталь Прыстромаў. А ў Рагачове рэдактарку раённай газеты «Свабоднае слова» Жанну Шабашаву таксама вылучылі з асяродку сілавікоў — раней яна працавала ў прэс-цэнтры УУС Гомельскага аблвыканкама.
@bajmedia