• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускі ПЭН абвесцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»

    Праваабарончую арганізацыю «Беларускі ПЭН» 4 сакавіка 2026 года ўнеслі ў «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС. Беларускі ПЭН-цэнтр быў створаны ў 1989 годзе з мэтай абароны свабоды слова.

    Беларускі ПЭН абвесцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»

    Паводле інфармацыі на сайце сілавога ведамства, адпаведнае рашэнне было прынятае Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі яшчэ 27 лютага 2026 года і ў той жа дзень набыло юрыдычную моц.

    У якасці ўдзельнікаў «экстрэмісцкага фармавання» названыя Таццяна Леанідаўна Нядбай і Алена Барысаўна Талкачова.

    На сайце МУС згадваюцца інтэрнэт-рэсурсы, якія нібыта з’яўляюцца сродкамі «экстрэмісцкай» дзейнасці:

    • сайт з ідэнтыфікатарам penbelarus.org;
    • Face­book-акаўнт (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/penbelarus.org);
    • Х‑акаўнт (ідэнтыфікатар https://x.com/pen_belarus);
    • Insta­gram-акаўнт (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/pen_belarus);
    • Telegram-канал (ідэнтыфікатар https://t.me/PENBelarus);
    • YouTube-канал (ідэнтыфікатар https://www.youtube.com/channel/UCUU7-N0fwKE3OAd1NKemhDg);
    • старонка на краўдфандынгавай пляцоўцы Рatre­on (ідэнтыфікатар https:\\www.patreon.com\PENBelarusBY);
    • старонка ў Linkedin (ідэнтыфікатар lt.linkedin.com/pen_belarus).

    Частка гэтых інтэрнэт-рэсурсаў 23 лютага 2026 года была ўключаная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфармацыі. Рашэнне пра прызнанне іх «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 16 лютага 2026 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля.


    Беларускі ПЭН — гэта адна з найстарэйшых беларускіх праваабарончых арганізацый, якая адстойвае свабоду выказвання і прыцягвае сусветную ўвагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку культурных правоў.

    У шэрагах Беларускага ПЭНа — двое лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, гэта пісьменніца Святлана Алексіевіч і праваабаронца, заснавальнік ПЦ «Вясна», экс-палівязень Алесь Бяляцкі. У першыя гады па заснаванні арганізацыі яе прэзідэнтамі былі выбітныя беларускія літаратары Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.

    У 2021 годзе Беларускі ПЭН ліквідавалі ў Беларусі рашэннем Вярхоўнага суда — якраз на гадавіну прэзідэнцкіх выбараў, 9 жніўня. З тае пары арганізацыя перажыла блакаванне сайта і рэлакацыю актыву ў Варшаву. Цяпер Беларускі ПЭН зарэгістраваны ў Польшчы і працягвае сваю дзейнасць як асацыяцыя (sto­warzysze­nie).

    Спіс медыя, названых «экстрэмісцкімі» арганізацыямі альбо фармаваннямі

    Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (артыкул 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.