• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Туризм и отдых» — газета, якая стварыла цэлую медыяэкасістэму

    1 сакавіка 1994 года выйшаў у свет першы нумар газеты «Туризм и отдых». БАЖ распавядае гісторыю гэтага выдання. Як мы памятаем, пачатак 90‑х — пасля распаду СССР межы пачалі прыадкрывацца, не тое, каб напоўніцу, але адпачынак у Турцыі, Егіпце, Грэцыі пачаў станавіцца даволі рэальнай мэтай. 

    Першы нумар газеты «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Нагадаем, у савецкія часы практычна любая краіна не з так званага сацлагера (ды і з гэтых не для кожнага) была недасяжнай экзотыкай. На пачатку 90‑х пачалі імкліва з’яўляццца прыватныя турфірмы, якім была патрэбная пляцоўка для рэкламы і інфармацыі.

    1 сакавіка 1994 года выходзіць у свет першы нумар газеты «Туризм и отдых». Заснавальнікамі спецыялізаванага выдання выступілі РТЭФ «Беларусьтурист», Анатоль Гулы, Ігар Маляўка, Сяргей Плыткевіч.

    Як дадатак да рэкламнай газеты

    Сігнальны (нулявы) нумар выйшаў 19 студзеня 1994 года. І выйшаў як дадатак да іншай газеты з характэрнай для таго часу назвай «Куплю & продам». Гучыць на сёння дзіўна, але «Куплю & продам» рабілі журналісты міліцэйскай газеты «На страже Октября».

    Сігнальны нумар газеты «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Фактычна газета «Туризм и отдых» стала першым спецыялізаваным выданнем пра турызм у Беларусі.

    Газета «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Вось як успамінае Сяргей Плыткевіч пра сігнальны і наступны нумары газеты:

    «Мы пайшлі на гэты крок, бо імкнуліся апярэдзіць усіх сваіх канкурэнтаў і першымі прапанаваць рынку спецыялізаваную турыстычную газету. І не пралічыліся. «Мы трапілі ў дзясятку!» — так называўся мой рэдакцыйная артыкул у першым, ужо законным нумары газеты «Туризм и отдых». Бо пробны нумар выклікаў станоўчыя водгукі ў чытачоў і прадстаўнікоў тады яшчэ толькі зароджанай турыстычнай індустрыі».

    Газета «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Асноўную частку даходаў газеты складала рэклама турфірм, бо для іх гэта была галоўная пляцоўка для пошуку кліентаў. Газета была фінансава незалежнай, бо мела больш за ўсё турыстычнай рэкламы сярод беларускіх выданняў гэтага кірунку.

    Газета «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Наклад газеты сягаў ад 8 да 11 000 асобнікаў — добрыя лічбы для спецыялізаванага выдання.

    Канкурэнцыя

    У першы ж час у «Туризм и отдых» з’явіўся канкурэнт — праз два месяцы пасля запуску паміж заснавальнікамі адбыўся канфлікт, і з’явілася яшчэ адна газета — «Тур-пресс-новости». Канфлікт — гэта кепска, вядома, але ў беларускіх турыстычных медыя з’явілася канкурэнцыя.

    Газета «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Не толькі пра турбізнес

    Паводле Сяргея Плыткевіча, рэдакцыя «Туризм и отдых» адразу ж вызначылася, што газета будзе распавядаць не толькі пра турбізнес. Вось загалоўкі першага нумара: «Что общего между ребенком и предпринимателем, если речь идет о туризме?», «От сотворения мира влюбленные нуждались в уединении…», «Машина за ящик пива? Увы, это уже в прошлом…», «Боритесь с хворями тела, исцеляя душу!», «Закопане».

    Ужо ў другім нумары газеты з’явілася рубрыка «Гістарычны клуб», дзе друкавалі матэрыялы сур’ёзных аўтараў. Першым быў аповед кандыдата гістарычных навук Ігара Груца пра трагічныя падзеі на рацэ Бярэзіна падчас пераправы праз яе Вялікай Арміі Напалеона Банапарта.

    Газета «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Газета «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Рубрыкі вядомых гісторыкаў і публіцыстаў былі сапраўднай крыніцай ведаў для тых, хто пачынаў адкрываць для сябе ўнутраны турызм. Падарожжы па Беларусі яшчэ не былі тады заўважным трэндам — публіка пазнавала свет.

    Газета «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Флагман на турыстычным полі

    «Туризм и отдых» персаніфікаваў беларускі турбізнес, публікуючы мноства інтэрв’ю з найбольш заўважнымі дзеячамі беларускага турбізнесу. А яшчэ рэгулярна ладзіў турыстычныя балі, падчас якіх падводзіліся вынікі года і ўручаліся дыпломы найлепшым тураператарам па напрамках.

    Рэдакцыя газеты стала адным з ініцыятараў стварэння «Беларускай асацыяцыі турыстычных агенцтваў».

    Газета «Туризм и отдых». Фота: «Планета Беларусь»

    Дарэчы, Сяргей Плыткевіч быў сузаснавальнікам вядомага конкурсу для ўязнога і ўнутранага турызму «Пазнай Беларусь», які праводзіла на пачатку нулявых Міністэрства спорту і турызму. Ды і назву конкурсу, яго візуальнае суправаджэнне, як кажуць крыніцы, прыдумвалі ў рэдакцыі «Туризм и отдых».

    Стартавая пляцоўка

    Газета дала пачатак цэлай медыяэкасістэме. З яе пазней выраслі некалькі праектаў: краязнаўчае выдавецтва «Рыфтур» з мноствам даведнікаў і фотаальбомаў, часопісы «Фотамагія», «Дзікая прырода», «Дзіцячая пляцоўка», «PROадпачынак», сайты tio.by, wildlife.by, planetabelarus.by.

    Сяргей Плыткевіч. Фота: «Планета Беларусь»

    Зараз Сяргей і Наталля Плыткевічы канцэнтруюцца на развіцці краязнаўчага партала «Планета Беларусь».

    «Мы пастаянна працягваем яго ўдасканальваць. Напрыклад, колькасць славутасцяў на сайце ўжо дасягнула чатырох тысяч! Маё жыццёвае прызванне — зрабіць Беларусь блізкай і роднай для беларусаў, адкрыць яе для замежных гасцей. «Мы адкрываем Беларусь!» — такі слоган выдавецтва «Рыфтур».

    На партале planetabelarus.by мы стварылі функцыянал, які дазваляе рабіць падрабязныя старонкі для абласцей, раёнаў, сельсаветаў, населеных пунктаў, нацыянальных паркаў і заказнікаў, славутасцяў, аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры, падзей і асобаў», — піша Сяргей Плыткевіч на сваім партале, які вырас з папяровай «Туризм и отдых».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.