Аляксей Дзікавіцкі: «Мы ў выгнанні нярэдка робім рэчы ўнікальныя — не забывайцеся распавядаць пра гэта замежным калегам»
«Працуючы разам мы можам спрычыніцца да ўзросту ўзроўню бяспекі ў нашым рэгіёне», — распавядаў аператарам кабельніх сетак Польшчы на адной з прафесійных канферэнцый кіраўнік праекта Belarus Tomorrow Аляксей Дзікавіцкі. У калонцы для БАЖ медыяменеджар падзяліўся сваімі назіраннямі пра тое, што хочуць даведацца пра беларускіх журналістаў замежныя калегі.

Аляксей Дзікавіцкі, кастрычнік 2026 года. Фота: з асабістага архіва аўтара
Хіба кожная прафесійная супольнасць, асабліва калі яна адносна невялікая, жыве перадусім уласнымі праблемамі і ў пэўным сэнсе ёсць супольнасцю герметычнай. Так, як прыкладам, аператары кабельных сетак, якія, абʼяднаныя ў Польшчы ў дзве прафесійныя арганізацыі, рэгулярна збіраюцца на канферэнцыі, мэта якіх — падзяліцца досведам, паслухаць парады адмыслоўцаў у самых розных, звязаных з іхнай дзейнасцю галінах: ад найноўшых прапановаў буйных вытворцаў тэлевізійнага кантэнту да энергетычнай самадастатковасці, уплыву AI ці аховы дадзеных, задаць пытанні прысутным прадстаўнікам дзяржаўных органаў.
Практычна ўсе паміж сабой знаёмыя, у размовах выкарыстоўваюць мноства тэрмінаў з прафесійнага жаргону, так што чалавеку звонку часам нават цяжка зразумець пра што вядзецца.
Сёлета ў Гданьску цяжка было не заўважыць, што ў выступах амаль трох тузінаў экспертаў, пачалі гучаць у розных кантэкстах словы «надзвычайная сітуацыя», «вайна», «пагроза з Усходу». Ну то што будзе, калі непрыяцель ударыць па неўралгічных элементах інфраструктуры, калі частку супрацоўнікаў мабілізуюць у войска ці калі магутнасці аператара канкрэтнай сеткі будуць патрэбныя дзяржаве ў мэтах абароны?
Спадабалася максімальная канкрэтыка прамоўцаў (кожны меў прыкладна 25 хвілінаў) да тэмы — ніякай «вады», а таксама прафесійныя прэзентацыі, якія рабіліся не таму, што ўсе робяць і іначай не выпадае, а рэальна дапамагалі лепей разабрацца ў тэме.

Аляксей Дзікавіцкі, кастрычнік 2026 года. Фота: з асабістага архіва аўтара
Слухаючы выступоўцаў, думаў пра тое, як прадставіць прысутным праект Belarus Tomorrow — нешта зусім новае і ад зусім новых людзей, якія не належаць да супольнасці дзесяцігоддзямі? Як прадставіць тое, што робіцца сціплымі сіламі ў выгнанні і мае стаць прататыпам будучага беларускага грамадскага тэлебачання?
Добра, што мой выступ быў запланаваны на завяршэнне другога дня канферэнцыі, бо з размоваў у кулуарах і падчас вячэры напярэдадні стала зразумелай рэч, якая ў прынцыпе і так была для мняе відавочнай: ніхто тут, нават беручы пад увагу штодзённую датычнасць прысутных да інфармацыі (у той ці іншай ступені), не абавязаны ўсё і дакладна ведаць пра сітуацыю ў Беларусі, а тым больш пра тое, як і што робяць беларускія медыі ў выгнанні.
— Раскажыце, калі ласка, пра ўсё гэта і ў часе заўтрашняга выступу, бо я, шчыра кажучы, не меў паняцця, што ў вас там такое адбываецца — мы ўжо даўно забыліся, што так можа быць. А ўжо потым перайдзіце да апісання таго, што робіце, з якім прадуктам сюды прыехалі, — сказаў адзін з прысутных чыноўнікаў.
Так, трэба тлумачыць, прычым для розных аўдыторыяў па-рознаму. І гаворка не пра тое, каб жаліцца і чакаць спачування — не, а каб на зразумелых аўдыторыі прыкладах патлумачыць сітуацыю і паказаць, што мы не апускаем рукі і не толькі спрабуем выжыць, але і працуем на перспектыву, маем візію развіцця нашых пакетаў.
А паколькі ў дадзеным выпадку аўдыторыя складалася пераважна з бізнесменаў, неабходна было распавесці якую карысць яны атрымаюць з супрацы з намі, а яна дакладна ёсць, хаця можа пакуль і не такая значная. Казаў і пра яшчэ адзін, невідавочны для кожнага аспект, які палягае на тым, што працуючы разам мы, па вялікім рахунку, можам спрычыніцца да ўзросту ўзроўню бяспекі ў краіне, у нашым рэгіёне.
Варта таксама памятаць, што мы ў выгнанні нярэдка робім рэчы ўнікальныя, якія зусім не сорамна прадставіць на любым форуме і якія выклікаюць павагу — даволі працяглыя апладысменты стрыманых звычайна бізнесоўцаў пасля прэзентацыі Belarus Tomorrow, а таксама размовы з дзясяткамі зацікаўленых праектам удзельнікаў канферэнцыі няхай будуць гэтаму пацверджаннем.
Культура дыскусіі ў выгнанні. Пра новую хвалю беларускіх дэбатаў
Найбольш нечаканае здарылася, аднак, падчас апошняга сняданку ў гатэлі перад выездам. Падышоў мужчына прыкладна майго ўзросту, прадставіўся і сказаў, што беларусы найбольш блізкі да палякаў народ — гістарычна, культурна, ментальна. Ён, сярод іншага, узгадаў Грунвальд, ВКЛ, ролю Каліноўскага ў «студзеньскім паўстанні».
— Я працаваў з беларусамі і лічу, што вы — нашыя браты, нікога няма бліжэй, што б там не казалі. Удачы вам і свабоды!
@bajmedia