«Цішком напаскудзіць і нават не папярэдзіць». Экс-палітвязеню, журналісту Ігару Карнею беларускія ўлады анулявалі яшчэ дзейны пашпарт
Журналіст Ігар Карней вырашыў спраўдзіць статус свайго грамадзянскага пашпарта. Не з простай цікаўнасці: многія дэпартаваныя экс-палітвязні якраз гэтымі днямі даведаліся пра ануляванне беларускіх пашпартоў. Вынік быў той самы — дакумент журналіста прызнаны беларускімі ўладамі нядзейным.

Ігар Карней. Фота зробленае праз некалькі дзён пасля вызвалення ў 2025 годзе
«Можа, таму, што па ўсіх афіцыйных дакументах і я, і сотні калег па форс-мажорных абставінах (у каго не скончыліся тэрміны зняволення) фармальна працягваем адбываць пакаранне. Не ведаю, як у астатніх, а мяне яшчэ ў пачатку шклоўскага карантыну прымусілі падпісаць паперку аб абмежаваньні на выезд. І самі ж пры гэтым потым выштурхнулі. Поўны абсурд», — напісаў Ігар у Facebook.
Тэрмін дзеяння ягонага пашпарта павінен быў скончыцца толькі ў 2030 годзе. І гэты дакумент, у адрозненне ад іншых палітзняволеных, быў у журналіста на руках на момант вызвалення і перасячэння мяжы Беларусі і Літвы.
«Нагадзіць постфактум, ануляваўшы дзейныя дакументы, — новы від вычварэнства, якое ў прасунутае стагоддзе выглядае рэхам пакалечанага цемрашальства. Калі не да законаў — то ўжо ва ўсім», — піша Ігар Карней.
Прычым гэта было зроблена без папярэджання, і наступствамі для людзей у замежжы маглі стаць самыя непрадказальныя і непрыемныя сітуацыі. Такім чынам, негалоснае ануляванне дзейнасці пашпартоў стала яшчэ адной формай трансмежнага пераследу грамадзян Беларусі.
Нават спраўджванне статусу свайго дакумента цяпер стала асобным квэстам для прымусова дэпартаваных экс-палітвязняў. Сайт Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з‑за мяжы даступны, але стварыць асабісты кабінет для праверкі пашпарта можна толькі з беларускай сім-картай у тэлефоне або застаецца хіба толькі скарыстацца дапамогай знаёмых у Беларусі.
Між тым, выкрэсліўшы Ігара Карнея з супольнасці паўнавартасных беларускіх грамадзянаў, дзяржава на яго не забываецца і перыядычна прад’яўляе матэрыяльныя прэтэнзіі. Так, у сакавіку ён атрымаў паведамленне ад судовага выканаўцы пра неабходнасць сплаціць 285 рублёў — як мяркуе сам журналіст, за турэмную робу, выдадзеную яму ў папраўчай калоніі № 17.
Справа Ігара Карнея
Ігар Карней быў затрыманы 17 ліпеня 2023 года. Па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» ў сакавіку 2024 года журналіста асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі і 20 тысяч рублёў штрафу.
Ужо ў зняволенні Ігара Карнея звінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі № 17 і дадалі яшчэ 10 месяцаў зняволення, узмацніўшы рэжым адбыцця пакарання.
Ігар Карней быў вызвалены 21 чэрвеня 2025 года разам з 14-цю іншымі палітвязнямі пасля візіту ў Мінск і перамоў спецпасланніка адміністрацыі ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Журналіст адбыў за кратамі па палітычна матываваным прысудзе амаль два гады.
@bajmedia