• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Тут не прынята абвастраць». Досвед працы беларускай журналісткі ў Нарвегіі

    Ксенія Л. зараз праходзіць стажыроўку ў невялікай рэдакцыі непадалёк ад Осла. У інтэрв’ю БАЖ яна распавяла, як вучыць мову, піша тэксты праз перакладчыкі і спрабуе ўбудавацца ў мясцовую медыйную сістэму — з яе прафсаюзамі, мяккай камунікацыяй і нечаканымі рэдакцыйнымі практыкамі.

    Лецішча на выспе ў Нарвегіі. Фота Ксеніі Л.

    Мова праз практыку 

    — Як вы ўладкаваліся ў мясцовую газету?

    — Хутчэй, я знаходжуся на практыцы, я не ў штаце выдання. Я хаджу на інтэграцыйную праграму, дзе вывучаю нарвежскую мову. У Нарвегіі такія людзі павінны хадзіць на практыку на нейкае прадпрыемства. Зараз у мяне стажыроўка ў адным з мясцовых невялікіх выданняў.

    Уладкавацца працаваць у нарвежскае медыя вельмі складана, асабліва замежнікам. Але што будзе пасля заканчэння школы, складана сказаць.

    — Рэдакцыя ў самім Осла?

    — Яна знаходзіцца недзе паўгадзіны язды ад Осла на цягніку, прыкладна як ад Мінска да Лагойска. Тут гэта звычайная справа — нехта ездзіць з гэтага горада на працу ў сталіцу, нехта з Осла — сюды.

    Гэта вельмі маленькая рэдакцыя, у іх мала штатных супрацоўнікаў. У выдання, як я разумею, не самая лепшая сітуацыя з фінансамі. Гэта выглядае дзіўным, бо ў нас стэрэатып пра багатаю Нарвегію. Але так, не ўсе тут суперпаспяховыя.

    — Гэта сітуацыя з канкрэтнай газетай ці агульны трэнд?

    — Зараз у Нарвегіі не адно медыя перажывае нялёгкія часы. Вельмі многія журналісты мяняюць сваю прафесію, сыходзяць у фрыланс.

    Хаця тут і фрылансеры па-іншаму існуюць. Я была здзіўленая, што ў іх ёсць свой саюз, які прасоўвае іх інтарэсы, тлумачыць, як трэба працаваць, якія стаўкі мінімальныя і гэтак далей. Нешта накшталт прафсаюза. Увогуле ў Нарвегіі вельмі шмат разнастайных журналісцкіх арганізацый, цэнтральных і рэгіянальных, мяркую, дзясятак дакладна.

    TUT.by на мінімалках

    — І на якія тэмы піша беларуская журналістка ў лакальным нарвежскім выданні?

    — Тэмы вельмі розныя. Газету я б назвала TUT.by на мінімалках. Яна піша не ў такіх аб’ёмах, вядома, але пра ўсё. Палітыкі не вельмі шмат, спорт, культура, здароўе.

    Навіны я не раблю са зразумелых прычын: тут павінна быць хуткасць, моцная пагружанасць у кантэкст. Хуткасці ў мяне пакуль быць не можа — не такое веданне мовы.

    Выкарыстоўваю чат GPT, перакладаю ўсё напісанае, дзесяць разоў вывяраю ўсё, рыхтую фота. У мяне ёсць доступ да «адмінкі» партала, я загружаю свой тэкст, стаўлю фотаздымкі з подпісамі. Потым адсылаю рэдактару.

    Ikke stress ці катастрафічны пачатак 

    — Праца, дарэчы, пачалася з казусу. Мой першы артыкул — ці то нейкі збой, ці то я нешта зрабіла не так — выставіўся ў «адмінцы» на рускай мове. Я адправіла смс рэдактару, маўляў, усё загружана, і трэба паглядзець, ці ўсё ў парадку: ці не патрэбныя нейкія праўкі, можа быць, нешта варта дадаць. Няма адказу.

    Але тут усё даволі спакойна адбываецца, у працы таксама. Ikke stress («аніякага стрэсу») — гэта проста дэвіз мясцовага жыцця. Думаю, ну ладна, сапраўды ikke stress, пачакаем.

    Зноў пішу рэдактару з просьбай зваротнай сувязі наконт артыкула. Яна адказвае, што «не хвалюйся, я ўсё сама выпраўлю, калі спатрэбіцца». І што я бачу праз некалькі хвілін? Рэдактар сама пераклала на нарвежскую яшчэ не скончаны мной артыкул і ўключыла яго! Я была ў шоку — артыкул куцы, недапрацаваны, і так сорамна, што пад ім стаіць мой подпіс.

    Другі артыкул, які я ўжо правільна паставіла ў «адмінку», таксама выходзіць без усялякага ўзгаднення са мной, хоць я яго загрузіла ўвечары ў выходныя, каб у працоўны дзень рэдактар паглядзела. 

    Я ўжо і са знаёмай нарвежскай журналісткай гэта абмеркавала: можа быць, я чагосьці не разумею ў мясцовай спецыфіцы працы? У Беларусі, калі ты працуеш над артыкулам, у цябе рэдактар у любым выпадку пытаецца: «Я магу ўжо матэрыял у адмінцы чытаць?», ніхто без тваёй адмашкі артыкул не выставіць. Мая знаёмая сказала, што і ў Нарвегіі так не робіцца і што я павінна абавязкова абмеркаваць гэтае пытанне з рэдактарам.

    Але параіла напісаць ёй вельмі асцярожна, карэктна і дыпламатычна, каб не абвастрыць адносіны, бо тут на любой працы не прынята канфліктаваць і крытыкаваць. Нават калі прычына сур’ёзная — не прынята і ўсё. Гэта — дрэнны тон, ад такога работніка неяк будуць дыстанцыявацца. З таго часу я вывяраю артыкул дзясяткі разоў, перш чым загрузіць яго на сайт. На ўсялякі выпадак.

    — Рэакцыя аўдыторыі была на гэтыя не зусім гатовыя артыкулы?

    — Тут не вельмі са зваротнай сувяззю і каментарыямі. Нарвежскія чытачы вельмі спакойныя, калі сітуацыя не тычыцца нейкай надзвычай актуальнай тэмы, то яны могуць не каментаваць. Прачытаюць, можа быць, выкажуцца ў коле сям’і, паціснуць плячыма, не больш за тое. Такія асаблівасці. Вядома, ёсць сітуацыі, якія іх абураюць, пытанні, па якіх яны будуць выказвацца. Але тут трэба ўлічыць, што гэта яшчэ не мая тэматыка, на звышвострыя тэмы я яшчэ не пішу.

    — Дык а на якія тэмы ўсё ж такі?

    — Мая першая тэма — гэта турэцкія крамкі, дзе прадаюцца экзатычная гародніна і садавіна з Азіі і Афрыкі. Нарвежцы іх, аказваецца, наогул не купляюць, ды і проста не ведаюць. Іх набываюць у асноўным толькі эмігранты. І вось я пайшла ў краму, пагутарыла з некалькімі людзьмі, распытвала, што і чаму. І ў дадатак да гэтага ў артыкуле аповед пра саму гэтую гародніну і садавіну, пра стравы з іх, пра карысць і гэтак далей.

    Google Translate, ШІ і мова жэстаў

    — А як вы камунікуеце з крыніцамі інфармацыі?

    — Гэта такі складаны пакуль працэс (смяецца). І стрэсавы даволі для мяне. Мая нарвежская яшчэ вельмі мінімальная, але, тым не менш, трэба праз бар’ер пераступаць. Пачынаю з вельмі простых пытанняў. Плюс тэхналогіі вельмі дапамагаюць, Google Trans­late, ШІ.

    Я адразу тлумачу, што яшчэ толькі вучу нарвежскую, прашу прабачэння. Распавядаю, што стажыруюся ў газеце, і прашу адказаць на мае пытанні. І людзі звычайна пагаджаюцца. Гэта значыць, у мяне атрымліваецца мікс англійскай з нарвежскай пакуль.

    Адна з тэм была — што вас больш за ўсё здзівіла, калі вы прыехалі ў Нарвегію, што вас наогул уразіла, што падалося дзіўным, захапляльным, дрэнным, добрым. І гэта ўсё пытанні да бежанцаў з розных краін.

    Прасцей за ўсё з украінцамі, з якімі ў беларусаў няма моўнага бар’ера, але я сама ўскладніла задачу, узяўшы герояў з розных краін. І ў мяне ў артыкуле былі людзі з Сірыі, Эрытрэі, М’янмы. Гэта было вельмі пазнавальна. Англійская мова ў многіх так сабе, нарвежская таксама, а я не ведаю тыгрынья або бірманскай. Таму ўсё праз тэхналогіі. Або на ламанай нарвежскай з вар’яцкай жэстыкуляцыяй.

    Смешна і складана. Так можна назваць працэс падрыхтоўкі інтэрв’ю з эмігрантамі, калі няма магчымасці камунікаваць на адной мове. Заўважу, што ў пісьмовых адказах людзей цалкам губляецца эмацыйнасць, пачуцці. Тады даводзіцца літаральна па крупінках выцягваць з людзей нешта пачуццёвае.

    У такія моманты адсочваю іх жэсты, міміку, імкнуся злавіць тое, на чым у іх большы ўздым, а потым развіваю гэта. Ці прашу паказаць фоткі чагосьці асаблівага, што яны бачылі. Праз усё гэта напісанне артыкула расцягваецца на некалькі дзён, хоць такі я магла б напісаць гадзіны за тры.

    У цэнтры Осла ёсць саўны на вадзе. Папрацаваў і можаш адпачыць. Фота Ксеніі Л.

    Беларуская тэма ажывілася 

    — Як зараз з Беларуссю ў нарвежскіх медыя?

    — На фоне вайны ва Украіне Беларусь трохі сышла ў туман, скажам так. Але тут ёсць Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, ёсць праваабаронцы, якія беларускую тэму адсочваюць. Ды і Алесь Бяляцкі зараз тут — вядома, з яго з’яўленнем беларуская тэма ажывілася. Тут была два разы Святлана Ціханоўская з афіцыйным візітам.

    Але ўвогуле, калі нарвежцы, асабліва маладыя, пытаюцца, адкуль ты, то ў адказ пра Беларусь задумваюцца. Яны спрабуюць успомніць і могуць, як мне здаецца, зрабіць выгляд, што «а, дакладна, класна, ведаю, дзе гэта».

    Тут яшчэ такі момант, што раней Беларусь тут называлася Hviterus­s­land, а з 2022 года афіцыйна яна ў Нарвегіі называецца Belarus, чаму я вельмі радуюся. У той жа час для многіх нарвежцаў гэтая назва яшчэ незнаёмая. Але многія ведаюць пра краіну, ведаюць, што «о, у вас жа Лукашэнка, крэйзі чувак».

    Стопрацэнтная занятасць — гэта вельмі рэдкі выпадак

    — Якія правы ў журналіста ў рэдакцыі?

    — Тут не могуць звольніць журналіста проста так, калі ён аформлены не па дамове падраду, а знаходзіцца на пастаянным кантракце. Нават калі ён парушае дысцыпліну, працоўны рэжым, п’е і ўсё такое.

    «Мы павінны з ім звязацца і спытаць, што здарылася. Можа быць, у цябе ёсць нейкія праблемы? Можа быць, табе патрэбна нейкая дапамога? Можа быць, табе нешта трэба, можа, мы нешта можам для цябе зрабіць? Можа быць, табе трэба да доктара ці ў адпачынак?», — так мне адказаў пра гэта рэдактар адной з нарвежскіх рэгіянальных газет.

    Насамрэч, калі чалавека, дапусцім, не зусім законна звальняюць, то ён ідзе ў прафсаюз — і тады працадаўцу можа вельмі не паздаровіцца. Мабыць, менавіта таму ў Нарвегіі вельмі шмат людзей, якія не знаходзяцца ў штаце СМІ. Яны проста працуюць па дамове падраду, альбо на замене, альбо іх бяруць на часовы перыяд.

    Мы прывыклі, што ў Беларусі звычайна ёсць праца на поўную стаўку і на паўстаўкі. А тут па ўсіх прафесіях можа быць 40 % занятасці, ці 30 %, ці 20 %. Стопрацэнтная занятасць — гэта вельмі рэдкі выпадак. Хутчэй, ты працуеш на 30 % у гэтай газеце, на 30 % у той, на 30 % працуеш настаўнікам, дапусцім.

    — Прафесія журналіста ў Нарвегіі прэстыжная?

    — Гэта вышэй за ўзровень па прэстыжы, дапусцім, прафесіі прадаўца, але не скажу, што прама ваў. Годная добрая прафесія.

    Цікава, што ў Нарвегіі можна проста скончыць каледж і стаць журналістам, гэтая прафесія не патрабуе вышэйшай адукацыі. Проста дастаткова нядрэнна пісаць.

    «Журналісту неабходная рэпутацыя ў колах»

    — Уладкавацца на сталае месца працы?

    — Увайсці ў нарвежскія СМІ складана. Мне адзін спецыяліст з мясцовай камуны прама сказаў: «Так, вопыт у вас сур’ёзны, усё класна. Але вы павінны разумець, што патрэбныя знаёмствы, калі хочаце быць журналістам тут».

    Насамрэч у Нарвегіі вельмі многае робіцца па знаёмстве. Падкрэслю, гэта не ў разуменні кумаўства — гэта рэкамендацыі, рэпутацыя ў колах. Як следства, імігрантам вельмі складана ўладкавацца на любую офісную працу проста таму, што іх ніхто не ведае тут, яны не знаходзяцца ў гэтых гарызантальных сувязях.

    А яшчэ вельмі моцна зараз баяцца ў Нарвегіі шпіёнаў з Усходу. Часам гэта проста маніякальна. Я была на сумоўі ў адной мясцовай газеце, вельмі сур’ёзнага ўзроўню. Каля гадзіны галоўны рэдактар са мной размаўляла, вельмі добра прыняла, глядзела мае матэрыялы. Я была на 80 % упэўненая, што я буду працаваць у гэтым выданні. Але потым яна раптоўна сказала, што ёй трэба параіцца з рэдакцыйнай калегіяй, бо яна не можа прымаць такія рашэнні самастойна.

    У выніку я атрымала ліст, у якім яна падкрэслівае, што не сумняецца ў маёй кампетэнтнасці, але яны вырашылі не браць мяне нават на неаплатную стажыроўку, бо ў іх ужо ёсць стажоры і ім не хапае часу, каб удзяляць яго яшчэ на кагосьці.

    І чым далей, тым беларусам складаней. У рэдакцыях вялікіх газет, такіх як Aften­posten або Dag­bladet, шыкоўныя ўмовы працы, яны вельмі крутыя, але патрапіць туды складана.

    Я размаўляла з украінцам, які працаваў ва ўкраінскім Forbes, і ўкраінкай — з друкаваных медыя і ТБ у Кіеве. Хлопца, які быў на практыцы ў Dag­bladet, у выніку не ўзялі, бо ў рэдакцыі пайшлі скарачэнні, ён пайшоў працаваць ва ўніверсітэт не па спецыяльнасці.

    Журналістка дрэнна ведала нарвежскую, а англійскую не ведала зусім, але вельмі старалася, працавала па вечарах і ў выходныя, выкладваючыся больш чым на 100 %, каб сябе зарэкамендаваць. Рабіла відэа, фота і пісала тэксты. Калі яна пыталася ў рэдактара пра якасць сваёй працы, ёй адказвалі, што ўсё добра, усё падабаецца. Яна спадзявалася на кантракт, працавала яшчэ больш, але ў канцы практыкі ёй адмовілі, заявіўшы, што ў яе «часопісны стыль», а ім патрэбны больш нефармальны і «чалавечы».

    Яна была вельмі расчараваная, бо калі б ёй адразу сказалі пра свае патрабаванні, яна магла б карэктаваць свой стыль і дакладна не перапрацоўваць на практыцы, спадзяючыся, што гэта ацэняць.

    Не перапрацоўваць

    Увогуле ў Нарвегіі не прынята перапрацоўваць. Адзін нарвежац так сказаў пра сітуацыю ўкраінскай журналісткі: «Рэдактар і не павінна была яе спыняць. Гэта ж было яе жаданне і рашэнне. Не перапрацоўвай».

    Калі чалавек не абавязаны працаваць экстра, ён не будзе гэтага рабіць без асобнага рэдакцыйнага задання. У Нарвегіі праца ў выходны павінна аплачвацца паводле пагадзіннай стаўкі ў два разы вышэйшай за звычайную.

    Калі бачыш кагосьці, хто працуе ў выходныя, то гэта будуць выхадцы з Літвы, Украіны ці іншых постсавецкіх краін. Нарвежцы вельмі добра ведаюць сабе кошт, і многае тут у эканоміцы трымаецца зараз на эмігрантах.

    Такія электрамабілі развозяць прэсу і карэспандэнцыю па дамах. Фота Ксеніі Л.

    Свабода і асаблівасці медыяполя

    — Нарвегія на працягу некалькіх гадоў займае першае месца ў свеце ў рэйтынгу свабоды прэсы ад «Рэпарцёраў без межаў». Падкрэсліваецца, што краіна характарызуецца найвышэйшым узроўнем абароны журналістаў, прававой празрыстасцю і нізкім узроўнем цэнзуры. Гэта сапраўды так?

    — У прынцыпе, так, пісаць можна ўмоўна пра ўсё. Але тут ніхто не будзе рабіць крытычных матэрыялаў, калі гэта не штосьці звышважнае для грамадства.

    Калі я толькі ішла на гэтую практыку, то спытала на сумоўі, ці магу пісаць крытычныя матэрыялы. Рэдактар сказала, што «так, вядома», але потым удакладніла, што такія артыкулы пра несвядомых — грамадзян, напрыклад, якія не даносяць сабачыя какашкі да бакаў — безумоўна, можна пісаць, а вось крытыкаваць жорстка камуну (мясцовую выканаўчую ўладу) не варта.

    На мой погляд, крытыкі ўладаў розных узроўняў тут замала. Мне здаецца, у Беларусі да 2020 года мы больш усяго такога рабілі. Пры тым, што тут дакладна я не чула пра званкі «зверху» і пагрозы пасадзіць ці звольніць журналіста.

    Вось зараз абмяркоўваюць скандалы ў каралеўскай сям’і. Пра гэта пішуць. Быццам бы і не скажаш, што ёсць забароненыя тэмы. Можа быць, я яшчэ не да канца зразумела, як наладжана медыяполе тут, не выключаю.

    У Нарвегіі не прынята абвастраць адносіны. Гэта значыць, калі сітуацыя не на ўзроўні разгляду судамі, калі няма вялікіх разборак, то, верагодна, не варта і пісаць пра яе.

    Я толькі пачала знаёмства, можна сказаць, да гэтага я была тут у іншым статусе, ездзіла на ўсякія мерапрыемствы ад БАЖ з нарвежскімі журналістамі. А зараз я гляджу на кухню знутры. Магчыма, праз нейкі час, калі я буду знаходзіцца ў гэтай краіне і буду працаваць у гэтай сферы, то ў мяне ўжо будзе трохі іншы погляд на мясцовыя медыяпрацэсы. Пакуль вось так.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.