• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Зрабі нешта для краіны»: пашыраюцца спробы вярбоўкі журналістаў. Парады, як супрацьстаяць

    Беларускія спецслужбы актывізавалі спробы вярбоўкі журналістаў як унутры краіны, так і ў эміграцыі. Праз маніпуляцыі, пагрозы турэмнымі тэрмінамі, абяцанні «бяспечнага вяртання» і нават усталёўку шпіёнскага праграмнага забеспячэння КДБ спрабуе стварыць сетку інфарматараў у медыяасяродку. Усе выпадкі, апісаныя ў артыкуле, адбыліся цягам апошняга года.

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    БАЖ сабраў чатыры гісторыі медыйшчыкаў, якія сутыкнуліся з навязлівай «увагай» сілавікоў, і запісаў рэкамендацыі юрыстаў, як дзейнічаць, калі вы аказаліся пад такім ціскам.

    «Ці сумуеш па родных?»

    Вось гісторыя журналісткі Аляксандры К.: «Адным днём мінулага года ў Telegram нехта мне невядомы напісаў проста: «Прывітанне, як справы?». Павіталіся і звярнуліся да мяне па імені і імя па бацьку. Потым было пытанне кшталту «ці сумую я па сваіх родных».

    Паводле Аляксандры, гэта быў супрацоўнік КДБ, бо яна наўпрост спыталася, хто ёй піша.

    «Хацелі дазнацца, як справы, як я там жыву ў эміграцыі і ці не хацела б я вярнуцца дадому, часцей бачыцца з роднымі. Напісалі, што «мы хочам проста з вамі пагутарыць». Калі ж я сказала, што не давяраю перапіскам у месенджарах, то пачалі пагражаць. Пасля гэтага я іх адразу заблакавала», — распавяла журналістка.

    Паводле Аляксандры, яна пракансультавалася з юрыдычнай службай БАЖ, якая расцаніла гэты зварот да журналісткі як спробу вярбоўкі. «Канкрэтных прапаноў па «супрацы» яны яшчэ не паспелі зрабіць», — дадала Аляксандра К.

    «Быць на пастаяннай сувязі»

    Паводле фрылансеркі Ганны Л., некаторы час таму «на сваякоў пачаў выходзіць нейкі чалавек з дзіўнымі паведамленнямі, таму першапачаткова гэта ўсё падавалася нейкім махлярствам».

    Праз некаторы час «даволі дзіўныя» паведамленні пачалі прыходзіць у Telegram медыйшчыцы.

    «Пазней вырашыла запытацца, хто ж гэта мяне так турбуе, бо я ўжо разумела, што гэта ўсё не проста так, што, можа быць, нейкія беларускія спецслужбы мне пішуць, — распавяла Ганна Л. — Суразмоўца не адказаў дакладна, адкуль ён, проста напісаў, што ёсць «прадстаўніком праваахоўных органаў Беларусі». Калі я запыталася, што ж цікавіць прадстаўніка, то першыя адказы, шчыра кажучы, былі вельмі дзіўныя».

    Паводле Ганны, было цяжка зразумець, чаго хоча навязлівы суразмоўца. Але пасля некалькіх наступных паведамленняў, яна разам з юрыстам БАЖ прыйшла да высновы, што гэта відавочная спроба вярбоўкі.

    «У Telegram «прадстаўнік праваахоўных органаў» прапанаваў, так бы мовіць, быць на пастаяннай сувязі з ім. Я, канешне, вельмі здзівілася, чаму менавіта мне прапануюць гэтыя стасункі, бо я не магу сказаць, што я з тых медыйшчыкаў, якія маюць вялікае кола кантактаў.

    Выбар мяне як кандыдаткі на агентку падаецца вельмі дзіўным і незразумелым. Як сказаў мой суразмоўца, сэнс у тым, што «нешта ў свеце змянілася» і менавіта цяпер да мяне ўзнік такі інтарэс. На гэта я адказала, што мяне такое не цікавіць. Перастала адказваць на паведамленні з таго боку. Чалавек працягваў мне перыядычна нешта пісаць, але я на гэта ніяк не рэагавала», — распавяла Ганна Л.

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    Паводле супрацоўніцы медыя, спачатку яе заваблівалі прапановамі кшталту «ці не хацела б я вяртацца беспраблемна ў Беларусь, наведваць сваякоў, нешта такое».

    «Такім чынам на пачатку 2026 года мы маем вось такі выпадак. Разам з тым зараз быццам бы складаецца такое ўражанне, што рэпрэсіі спыняюцца, перамовы з амерыканцамі ідуць, санкцыі здымаюцца, межы адчыняюцца — а тут вось такі нябачны ціск на медыйшчыкаў ідзе.

    Калі я распавяла юрыдычнай службе БАЖ пра гэтыя навязлівыя гутаркі, то мне сказалі, што мой выпадак зусім не ўнікальны, ты дакладна не адна такая», — зазначыла Ганна Л.

    Фэйкавыя журналісты, заданні і ганарары

    Алесь Ляўчук, галоўны рэдактар Dzik­Me­dia, расказаў БАЖ, што ў снежні мінулага года яму напісаў у Telegram нейкі невядомы Артур з пытаннем «Хочаш зарабіць?».

    «Я запытаў, як зарабіць? Той сказаў, што трэба зняць відэа для нейкага матэрыялу. Акрамя ніку «Артур», аніякіх больш дадзеных няма. Зразумела, гэта выклікае падазрэнні адразу. Потым узгадваю, што іншым людзям таксама пісаў чалавек з гэткім імем і з падобнымі прапановамі».

    На наступны дзень «Артур» паведаміў, што трэба зняць шэлтар у Беластоку. І паабяцаў ганарар у 100 еўра.

    Алесь Ляўчук

    Алесь Ляўчук

    На пытанні, куды дасылаць, у якім фармаце здымаць, у якую рэдакцыю, што канкрэтна здымаць, ад каго акрэдытацыя і г. д., адказаў не было.

    «Былі даволі грубыя рэплікі кшалту «Ты што не ведаеш, як і што здымаць? Прыходзіш, здымаеш і мне дасылаеш». «Ты што, зарабіць не хочаш? Ты ведаеш, колькі тут у Беластоку тых, хто за такія грошы здыме ўсё, што заўгодна?». Мяне яшчэ насцярожыла, што ён хоча зняць шэлтар, а ўласна шэлтара ніякага ў Беластоку і няма», — кажа журналіст.

    Калі Алесь Ляўчук папрасіў паказаць яму дакументы ці нейкія іншыя доказы існавання медыя, якое прадстаўляў «Артур», то той адразу выдаліў перапіску і кантакт.

    «Так дзейнічаюць толькі гэбісты ці міліцыя. Я так разумею, яны рыхтавалі матэрыял пра памерлага блогера Уладзіміра Усера. Хацелі нешта мець з гэтага. Але вось нават не высветлілі, што шэлтара няма, ёсць цэнтр для бяздомных ад Car­i­tas. То-бок яны рэальна нават аніякія факты не правяралі, ім проста трэба было хутка зрабіць пэўны матэрыял. Ведаю, што шмат да каго такія «Артуры» пішуць з прапановамі», — дадаў Ляўчук.

    9 гадзін у КДБ: паліграф, пагрозы і шпіёнскае ПЗ

    Апошняя гісторыя ў нашым артыкуле (але не апошняя, пра якую вядома БАЖ) адбывалася летась у Мінску. Журналістку Вольгу Д. (імя суразмоўцы змененае ў мэтах бяспекі) выклікалі на допыты ў КДБ некалькі разоў. Яна дэтальна распавяла БАЖ пра тое, як адбываецца вярбоўка спецслужбай.

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    На чарговую «размову» журналістку выклікалі па тэлефоне з пагрозамі, што ў выпадку адмовы прывязуць яе сілай.

    «Я ўзяла паўзу, выдыхнула і пастаралася размаўляць спакойна, высветліць хоць нейкую інфармацыю — прозвішча супрацоўніка, па якой справе ці пытанні выклікаюць. Амаль нічога з гэтага я не дазналася, але з дадатковых пытанняў змагла зразумець, што гутарка будзе пра тое, чым я займалася, з кім камунікавала.

    Падчас размовы супрацоўнік КДБ сказаў узяць мабільны тэлефон, якім я звычайна карыстаюся, і не чысціць там нічога, бо «мы даведаемся пра гэта», — распавяла БАЖ Вольга. — Насамрэч я пачысціла тэлефон адразу пасля размовы. Перапіскі ў Telegram , Insta­gram, Viber, праверыла Google-фота, спіс кантактаў у тэлефоннай кніжцы, выдаліла Sig­nal, каб не прыцягваць да яго ўвагу.

    Выдаляць той жа Telegram не бачыла сэнсу —  прымусяць занава ўсталяваць, таму лепей пачысціць ці перайсці ў бяспечны фэйкавы акаўнт. І ў мяне такі быў. Прадумала, якія пытанні па журналісцкай дзейнасці мне могуць задаць, і прадумала адказы на іх».

    Паводле журналісткі, яна папярэдзіла блізкіх людзей пра сітуацыю па бяспечных каналах (What­sApp і месенджар у Face­book), распавяла што здарылася. А таксама раілася, што далей рабіць: 

    «У мяне ёсць «анёл-ахоўнік», з якім у нас выпрацавана схема: гэты чалавек ведае, куды я іду, калі я не выходжу на сувязь праз пэўны час, значыць, мяне затрымалі, і гэты чалавек рэалізуе план Б. Усе інструкцыі — што рабіць, кантакты, каму званіць — гэты чалавек ведаў яшчэ з 2020 года. Мы прагаварылі ўсе дэталі яшчэ раз».

    Псіхалагічная «настройка»

    Калі ж Вольга прыйшла ў прызначаны час у КДБ, то ёй давялося чакаць яшчэ паўгадзіны. «Гэта робіцца, каб я сама сябе накруціла, каб заставалася ў стане невядомасці як мага больш», — тлумачыць суразмоўніца.

    «Потым за мной выйшаў супрацоўнік, які мне тэлефанаваў. На ўваходзе загадалі адключыць тэлефон, пакінуць яго ў шафе з ячэйкамі. У калідоры агледзелі з металадэтэктарам, праверылі рэчы. Допыт адбываўся ў кабінеце без вокнаў, — успамінае Вольга Д. — На стале ў супрацоўніка была тэчка на мяне: раздрукоўка з падатковай за 10 гадоў, звесткі, якія былі ў іх наконт мяне».

    Журналістка ўзгадвае, што супрацоўнік пачаў «з наезду»:

    ««Я магу быць добрым, магу быць злым — якім я буду, залежыць ад цябе, але лепей каб я быў добрым». Ён адсочваў маю рэакцыю на гэта. Я паставілася да гэтага спакойна, увесь час старалася сябе паводзіць паводле прынцыпу «не вер, не бойся, не прасі». Ён задаваў пытанні пра месцы маёй працы, дзейнасць, пра асобных людзей. Я адказвала лаканічна, на некаторыя пытанні казала, што «не памятаю, даўно было». Наконт майго сяброўства ў БАЖ адказвала, што гэта была цалкам афіцыйная арганізацыя, якая легальна існавала і дзейнічала ў краіне».

    Пытанні былі пра змест навін з‑за мяжы пра Беларусь. Былі закіды, каб высветліць стаўленне Вольгі да ўладаў у Беларусі, санкцый, вайны ва Украіне. Пыталіся, ці камунікуе яна з кімсьці з Палка Каліноўскага, БАЖа ці з кімсьці са сваіх калег-журналістаў у эміграцыі.

    «Яшчэ ён «прабіваў», як я стаўлюся да жыцця за мяжой, маўляў, там жа так кепска, а ў Беларусі так добра. Я не геройствавала і не пярэчыла яго развагам, — кажа суразмоўніца. — Прыкладна праз гадзіну мне загадалі дастаць тэлефон з ячэйкі, разблакаваць і перадаць супрацоўніку. Ён у маёй прысутнасці пачаў глядзець змесціва: прагартаў Telegram, Insta­gram, галерэю, але асаблівую ўвагу надаў кантактам — шукаў замежныя. Гэта працягвалася каля дзесяці хвілін. Пасля ён вярнуў тэлефон, я зноў яго адключыла і пакінула ў ячэйцы».

    Допыт працягнуўся. Журналістка сядзела ў фатэлі ля сцяны, супрацоўнік —  насупраць за сталом на адлегласці каля метра. Ён правакаваў пытаннямі і адразу глядзеў на рэакцыю.

    «Я старалася расслабіцца, наколькі гэта было магчыма ў такой сітуацыі, але цела ўсё роўна выдавала хваляванне.  Любыя змены адразу заўважаў супрацоўнік. Ён настойліва выпытваў, ці не супрацоўнічала я з замежнымі спецслужбамі, ці не атрымлівала грошы з‑за мяжы, ці не камунікую з канкрэтнымі асобамі, якіх ведала, ці не сачу за іх жыццём.

    Выглядала гэта так: ён казаў, маўляў, вось тут такая-та асоба займаецца тым-та там-та, як у яго справы? Ці, о, паглядзі, а гэтая вунь што ўчудзіла там, прыкольна, да? Але на ўсё я адказвала, што ні за кім не сачу, мне не цікава, ад яго такое першы раз чую. Былі і правакацыйныя пытанні кшталту «я ўсё ведаю пра цябе ў 2020‑м», але на гэта я не паддавалася».

    Вольга зазначае, што кдбіст увесь час псіхалагічна ціснуў, напрыклад, пытаўся: «А што ты ведаеш пра катаванні? Ці ўяўляеш, наколькі балюча вырываць пазногці з пальцаў?». А часам фліртаваў і рабіў кампліменты, спрабаваў паказаць сябе то ўсемагутным, то вельмі добрым, маўляў, калі ты шчыра мне ўсё раскажаш, мы будзем сябраваць і ўсё будзе ў цябе добра, у тваіх інтарэсах сябраваць са мной».

    Прымусовы паліграф

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    Журналістку «запрасілі» прайсці паліграф. Праходзіць яго жанчына не хацела і на гэтым даволі ўпарта настойвала. Супрацоўнік раззлаваўся і паставіў ультыматум: ці яна ідзе на паліграф, ці едзе на суткі на Акрэсціна. Урэшце давялося падпісаць паперу, што «згодная» прайсці даследаванне на паліграфе «па сваёй волі».

    «Паліграф выкарыстоўваецца для псіхалагічнага ціску, каб яны маглі даведацца, у якім кірунку цябе трэба даціскаць і дзе капаць», — упэўненая суразмоўніца БАЖ.

    Некалькі дзён Вольга  вывучала, як працуе паліграф, чытала сведчанні людзей, якія праз гэта праходзілі.

    «Я рыхтавалася, прапісала, якія пытанні мне могуць задаць, з блізкім чалавекам нават прайгралі пару пытанняў. Прачытала, што паліграф падмануць немагчыма, а вось паліграфіста — можна, — распавядае журналістка. — Паліграфіст спрабаваў усяляк увайсці ў давер, быў мілы і мяккі, казаў, што ў яго няма мэты мяне пасадзіць, наадварот, ён хоча мне дапамагчы, але я мушу быць шчырай з ім.

    Але я разумела, што гэты чалавек працуе на замову КДБ і верыць яму нельга. На стале стаяла камера, якая адсочвала ўсю нашу камунікацыю».

    Спачатку паліграфіст каля гадзіны размаўляў з Вольгай. Ён задаваў розныя пытанні, у тым ліку звязаныя з асабістым жыццём.

    «У галаве я трымала тое, што мае словы нікому не павінны нашкодзіць, адказвала па-мінімуму. Паліграфіст рознымі шляхамі спрабаваў высветліць, ці чытаю я забароненыя медыя і каналы, ці камунікую з кімсьці, хто з’ехаў, маўляў, гэта ж не злачынства, калі вы сябруеце ў сацсетках, каментуеце адзін аднаму нешта. Але менавіта за гэта пасля зачапіліся кдбшнікі».

    Вольга кажа, што падчас працэдуры спрабавала захоўваць спакой, кантраляваць дыханне і не спяшацца з адказамі, спрабавала аднолькава роўна, безэмацыйна рэагаваць на ўсе пытанні.

    «Нібыта гэта не са мной адбываецца. Калі задаваліся тонкія пытанні, я ўяўляла ў галаве мора, хвалі, а гэтыя пытанні былі проста шумам. Падчас працэдуры паліграфіст задае дадатковыя пытанні, удакладненні, і вось тут можна паспрабаваць выкруціць усё на сваю карысць. Праходжанне паліграфа адбывалася чатыры гадзіны.

    Але зноў жа, паліграф — гэта інструмент ціску, таму нават пасля правалу можна ўсё спісаць на тое, што я такое праходжу ўпершыню і не кантралюю эмоцыі, а вы дакажыце, што я схлусіла. Я гэта разумела», — кажа Вольга.

    Потым пачаўся новы допыт. Але дапытвалі ўжо два супрацоўнікі. Прыкладна гадзіну яны гулялі ў «добрага і злога паліцэйскага», адзін супакойваў і разумеў, другі — пагражаў: «Мы ўсё пра цябе ведаем, ведаем, з кім ты камунікуеш, чым займаешся, у цябе ў сябрах «экстрэмісты», якія лайкаюць твае допісы, а ты як сумленная грамадзянка мусіла іх усіх заблакаваць і забыць».

    Супрацоўнік даў Вользе паперу, на якой быў распісаны «экстрэмісцкі» артыкул, тэрміны, а таксама прыпіска, што калі яна пакаецца, то ёй быццам бы нічога не будзе.

    «Ён пачаў ціснуць, каб я сама на сябе напісала пакаянне — тлумачэнне, чаму я працягваю зносіны з «экстрэмістамі», і мяне тады прабачаць. Я сказала, што нічога сама на сябе пісаць не буду. Ён сказаў так: ці ты пішаш пакаянне і ідзеш дадому, ці мы ідзем на допыт у іншы кабінет, я пакажу, якія ўлікі на цябе ёсць, але пакаянне ўжо будзе позна пісаць — табе свеціць шэсць гадоў. Я сказала, каб паказвалі ўлікі зараз, цікава на іх паглядзець».

    Далей псіхалагічны ціск працягваўся. Журналістку папрасілі разблакаваць тэлефон, «добры» пачаў праглядаць Insta­gram, задаваў пытанні па перапісках, «злы» сядзеў бліжэй і пастаянна адцягваў увагу.

    «Дапамажы краіне»

    Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    Гэта працягвалася каля 20 хвілін. Пасля ёй загадалі аднесці тэлефон у ячэйку. Па вяртанні пасадзілі за стол, паклалі аркуш паперы з асадкай і сказалі, што ёсць 15 хвілін «на падумаць». І выйшлі на хвіліну з кабінета. 

    ««Добры» вярнуўся, не ціснуў, нават паспачуваў крыху. Пасля ў яго «раптам з’явілася ідэя». Ён запытаўся, а што я магу зрабіць для сваёй краіны, і сказаў, што адзінае выйсце з кабінета — падпісаць супрацоўніцтва», — расказала Вольга.

    Паводле яе ўспаміну, гэта было на дзявятую гадзіну марафону. Увесь гэты час журналістка была на стрэсе, без ежы і вады.

    «Калі я раілася з блізкімі, мне сказалі, што такая прапанова можа быць, і што мне варта зрабіць усё, каб проста выйсці з гэтага кабінета. Я падпісала, супрацоўнік павесялеў і пачаў распавядаць, што яму пра мяне яшчэ вядома, тэчка на мяне ў яго была новая, больш тоўстая.

    Пытаўся пра канкрэтных людзей, якія жывуць у Беларусі, пра калег, якія выехалі за мяжу, у тым ліку з БАЖ, ці магу я з імі пачаць перапіску і даведвацца інфармацыю. Я адказвала, што ні з кім не камунікую, ні ў Беларусі, ні за мяжой. І пачаць зносіны будзе даволі складана, чаго раптам? Ён прасіў мяне пастарацца. Задаваў яшчэ шмат пытанняў, быў вясёлы і добры, але я пачала проста вырубацца за сталом, фізічна адключацца. Тады ён пазваніў кудысьці, сказаў, давайце хутчэй, яна ніякая».

    У гэты час вярнуўся «злы паліцэйскі», ці то, каб забраць паперу з пакаяннем, ці то, каб завесці жанчыну на новы допыт. Яны разыгралі сцэнку здзіўлення, што першы знайшоў іншы варыянт. На гэтым журналістку адпусцілі.

    Шпіёнскае ПЗ

    Праз дзень на тэлефоне журналісткі спрацавала сістэма бяспекі — «знойдзена падазронае праграмнае забеспячэнне, якое мае доступ да ўсяго».

    «Я паглядзела: нейкая дзіўная праграма, якую я не ўсталёўвала. Паглядзела звесткі і зразумела, што яе ўсталявалі якраз у той час, калі я была на допыце. Тут я зрабіла вялікую памылку — выдаліла гэтую праграму.

    Звязалася з экспертамі па бяспецы, яны вельмі хутка адрэагавалі і дапамаглі зразумець, што падчас допыту мой тэлефон падлучалі да камп’ютара і на яго ўсталявалі шпіёнскую праграму, якая сачыла за ўсім — рабіла скрыны экрана, пісала размовы. Але праз тое, што я выдаліла гэту праграму, немагчыма было зразумець, якія звесткі яна запісала і што ўжо перадала».

    Вольга Д. кажа, што пасля допыту зрабіла яшчэ адну грубую памылку: «Я дзень размаўляла па гэтым тэлефоне, хаця можна было б здагадацца, што гэта можа быць небяспечна. У мяне быў занадта прыгнечаны стан, каб пра гэта думаць. У гэты ж вечар я выехала з Беларусі».

    Кейсы розныя, але мэта ў іх адна

    Сітуацыю каментуе кіраўнік юрыдычнага аддзела БАЖ і намеснік старшыні Асацыяцыі Алег Агееў.

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Гэтыя дзеянні супрацоўнікаў аператыўна-пошукавых органаў Беларусі, у тым ліку КДБ, рэгулююцца Законам аб аператыўна-пошукавай дзейнасці. Там прадугледжана, што чалавек, да якога звяртаюцца органы, можа адмовіцца ці пагадзіцца на такое супрацоўніцтва. Часцей за ўсё апошнім часам, на жаль,  гэта выкарыстоўваецца дзеля збору інфармацыі для палітычна матываванага пераследу, а не для барацьбы са злачыннасцю».

    Алег Агееў зазначае, што бываюць вельмі розныя кейсы: напрыклад, чалавек пад прымусам, пад пагрозамі схіляецца да супрацы з такімі органамі.

    «Яны могуць адкрыта прадстаўляцца, а могуць спрабаваць выкарыстаць чалавека, як яны гэта называюць, «уцёмную» — калі даюць нейкія заданні кшталту зняць ці запісаць як журналісту. Трэба быць пільным і разумець, што такое супрацоўніцтва можа выкарыстоўвацца для таго, каб прычыніць нейкую шкоду ці самому чалавеку, ці іншым людзям.

    Палітычна матываваны пераслед не ёсць барацьбой са злачыннасцю, гэтыя рэчы трэба адрозніваць».

    Парады юрыста

    Алег Агееў раіць, што калі пад прымусам ці пагрозамі ад вас атрымалі згоду на так званае супрацоўніцтва, то, калі ёсць жаданне гэта спыніць, лепш за ўсё з’язджаць з Беларусі.

    «Потым у адпаведнасці з гэтым законам такую дамову аб супрацы можна скасоўваць — проста даслаць пісьмовую адмову ад супрацы ў той орган, які здзейсніў парушэнне заканадаўства і схіліў да супрацы праз пагрозы ці праз падман, ці праз нейкія іншыя незаконныя дзеянні. Пазначыць гэтыя дзеянні падставай для скасавання згоды на супрацоўніцтва».  

    Ён кажа, што калі прааналізаваць гэтыя кейсы і вядомыя раней, то яны шмат у чым падобныя: калі вярбуюць дыстанцыйна праз месенджары, то выкарыстоўваюць і мяккія пагрозы, і, часцей за ўсё, завуаляваныя.

    «Раздаюць нейкія абяцанкі даброт кшталту вяртання на радзіму ці бяспечных паездак дадому. Гэта такое сабе, вядома, бо любы, хто глядзеў хоць нейкія фільмы пра гестапа, НКУС, нейкія іншыя карныя органы, разумее: такая палітыка спецслужбаў стагоддзямі ўжываецца ў розных краінах і ў розных палітычных сістэмах».

    Алег Агееў рэкамендуе звяртацца па юрыдычную дапамогу да юрыстаў-праваабаронцаў для таго, каб зразумець наступствы, якія могуць быць. «Што да апублічвання гэтых фактаў, то тут кожны чалавек павінен сам вырашаць, улічваючы ўсе фактары. Зразумела, што ў многіх засталіся ў Беларусі родныя, пытанне бяспекі тут будзе ключавым», — дадае ён.

    «На жаль, такіх кейсаў апошнім часам становіцца ўсё больш. Магчыма, у беларускіх спецслужб ёсць распрацаваныя планы па вярбоўцы, па схіленні да супрацоўніцтва. Ім патрэбная інфармацыя пра тое, што адбываецца за мяжой сярод беларусаў, адпаведна, такіх кейсаў наўрад ці стане менш. Гэтыя чатыры гісторыі цягам апошняга года — яскравае сведчанне таго, што спробы вярбоўкі адбываюцца даволі масава», — падкрэсліў кіраўнік юрыдычнай службы БАЖ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.