Экстрэмісцкім фармаваннем прызналі YouTube-канал «Часики тикают»
У пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнеслі YouTube-канал «Часики тикают», а таксама яго акаўнты ў сацыяльных сетках, падкаст-сервісах і лагатып.

Скрыншот з Youtube-канала «Часики Тикают»
У абноўлены 27 красавіка «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС уключылі медыяпраект «Часики тикают». Гэта некалькі інтэрнэт-рэсурсаў, дзе вядоўцы дзеляцца сваімі меркаваннямі пра сітуацыю ў Беларусі.
Паводле інфармацыі на сайце сілавога ведамства, адпаведнае рашэнне МУС прыняў 27 красавіка 2026 года. У якасці ўдзельнікаў «экстрэмісцкага фармавання» згадваюцца Арцём Шрайбман, Яўгенія Сугак, Рыгор Астапеня і Леў Львоўскі.
На сайце МУС пералічаныя інтэрнэт-рэсурсы, якія нібыта з’яўляюцца сродкамі «экстрэмісцкай» дзейнасці. Гэта:
- YouTube-канал «Часики тикают», які мае каля 6,5 тысяч падпісчыкаў;
- TikTok-акаўнт з назвай «Часики тикают», які мае 15 падпісчыкаў;
- 4 падкасты на розных пляцоўках.

«Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып гэтых інтэрнэт-рэсурсаў — «у выглядзе ламанай ліні чорнага колеру на жоўтым фоне», як ён апісаны на сайце МУС Беларусі.
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (арт. 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
@bajmedia