Журналістка Ганна Любакова атрымала ўзнагароду Amnesty International Chair 2026
Ганну адзначылі за яе працу па асвятленні аўтакратыі, рэпрэсій і дэмакратычнага супраціву ў Беларусі.

Ганна Любакова. Падчас запісу перадачы на «Белсаце»
Беларуская журналістка Ганна Любакова атрымала ганаровае званне лаўрэата Amnesty International Chair 2026 года.
З 2007 года Генцкі ўніверсітэт прысуджае гэтую ўзнагароду асобам, якія дэманструюць выключную і нязменную адданасць справе абароны правоў чалавека.
Ганну адзначылі за яе працу па асвятленні аўтакратыі, рэпрэсій і дэмакратычнага супраціву ў Беларусі. «Нават у выгнанні яна працягвае ўзмацняць галасы палітвязняў, журналістаў пад пераследам і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якіх спрабуюць прымусіць маўчаць», — сказана ў заяве аб узнагародзе.
Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 1 кастрычніка ў цэнтры VierNulVier (Гент, Бельгія).
Ганну Любакову завочна асудзілі па справе «аналітыкаў Ціханоўскай» да 10 гадоў зняволення.
Узнагарода Amnesty International Chair заснаваная арганізацыяй Amnesty International і Генцкім універсітэтам. Яна ўшаноўвае асоб, якія зрабілі выключны ўклад у прасоўванне правоў чалавека ва ўсім свеце.
Кожны год гэтае ганаровае званне прысуджаецца выдатнаму праваабаронцу, навукоўцу або грамадскаму дзеячу. Лаўрэат запрашаецца ў Генцкі ўніверсітэт, каб падзяліцца сваімі ведамі і вопытам як з акадэмічнай супольнасцю, так і з шырокай грамадскасцю. У межах праграмы лаўрэат выступае з лекцыямі і семінарамі.
@bajmedia