• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Анкары пройдзе з’езд Еўрапейскай федэрацыі журналістаў

    Плануецца, што ў кангрэсе 18–19 чэрвеня возьмуць удзел каля 70 журналістаў і прадстаўнікоў прафсаюзаў. З’езд EFJ, які сёлета пройдзе пад дэвізам «Незалежная журналістыка пад пагрозай», адкрыецца канферэнцыяй «Глабальны крызіс журналістыкі».

    ЕФЖ

    На канферэнцыі Мартан Гяргей, галоўны рэдактар HVG — вядучага венгерскага штотыднёвіка, выступіць з ключавым дакладам пра глабальныя выклікі, якія стаяць перад прафесіяй.

    «У рамках панэльных дыскусій плануецца разгледзець найважнейшыя пытанні сучаснай журналістыкі, у тым ліку працу ў зонах канфліктаў, нестабільныя ўмовы працы, лічбавую трансфармацыю і развіццё штучнага інтэлекту. Мерапрыемства таксама прыцягне ўвагу да крытычнага стану свабоды прэсы ў Турцыі і дасць платформу для пацвярджэння салідарнасці з турэцкімі журналістамі, якія падвяргаюцца рэпрэсіям», — гаворыцца ў паведамленні EFJ.

    Прэзідэнт Асацыяцыі журналістаў Турцыі Назмі Більгі падкрэсліў, што мерапрыемства стане важнай магчымасцю пацвердзіць міжнародную салідарнасць з усімі турэцкімі журналістамі:

    «У той час, калі журналісцкая прафесія сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі ва ўсім свеце, мы цвёрда перакананыя, што салідарнасць і супрацоўніцтва паміж журналістамі з’яўляюцца адной з нашых наймацнейшых агульных каштоўнасцяў. У гэтай сувязі мы разглядаем штогадовы з’езд Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, які сёлета пройдзе ў Анкары, як значны і магутны сімвал прафесійнай салідарнасці з усімі журналістамі Турцыі».

    Прэзідэнт EFJ Мая Север адзначыла: «Штогадовая сустрэча EFJ — гэта не проста чарговы сход нашых сябраў; гэта таксама пасланне і акт салідарнасці. Менавіта таму важна, што сёлета мы сустракаемся ў Турцыі — у знак падтрымкі журналістаў, якія працуюць пад пастаянным палітычным ціскам, сутыкаюцца з судовымі пераследамі, затрыманнямі і абмежаваннямі свабоды СМІ».

    Мая Север канферэнцыя БАЖ

    Мая Север з вітальным словам на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    «Мы адсочваем і дакументуем ціск на журналістаў, судовыя працэсы, затрыманні і іншыя парушэнні правоў журналістаў у Турцыі, і хочам паказаць, што еўрапейская журналісцкая супольнасць падтрымлівае сваіх калегаў і не будзе маўчаць, калі свабода СМІ і права грамадскасці на атрыманне інфармацыі знаходзяцца пад пагрозай. Быць журналістам у Турцыі сёння няпроста, і менавіта таму мы неўзабаве будзем там разам з імі, каб прадэманстраваць падтрымку, салідарнасць і нашу агульную прыхільнасць абароне свабоднай і незалежнай журналістыкі», — падкрэсліла Мая Север.

    Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) — найбуйнейшае журналісцкае аб’яднанне ў Еўропе, створанае ў 1990 годзе. Яно прадстаўляе інтарэсы звыш 300 000 журналістаў у 45 краінах і актыўна супрацоўнічае з такімі структурамі, як Еўрапейскі Саюз, Рада Еўропы і АБСЭ.

    Арганізацыя рэгулярна выступае з асуджэннем цэнзуры, фізічнага гвалту і палітычнага пераследу супрацоўнікаў медыя. ЕФЖ стала адным з самых рашучых міжнародных галасоў, якія асуджаюць рэпрэсіі супраць незалежных беларускіх журналістаў, ліквідацыю Беларускай асацыяцыі журналістаў і ціск на рэдакцыі, патрабуючы ад міжнародных інстытутаў канкрэтных крокаў для абароны свабоды слова.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.