• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Вільні адкрылася фотавыстава беларускіх жанчын аб траўмах вымушанай эміграцыі

    У прасторы «Кропка» ў Вільні адкрылася выстава фатаграфіяў беларускіх жанчын, якія пераехалі ў Літву пасля рэпрэсіяў 2020 года ў Беларусі. Яна стала вынікам праекту «Нашы гісторыі» — шматмесячнай адукацыйнай праграмы, дзе ўдзельніцы пісалі тэксты, рабілі фота і вучыліся расказваць, праз што ім давялося прайсці.

    фотавыстава беларускіх жанчын аб траўмах вымушанай эміграцыі

    На адкрыцьці выставы Кацярына Пытлева. Вільня, 30 траўня 2026

    Фота як тэрапія

    Праект задумала і рэалізавала Лілія Беразюк, якая сама апынулася ў вымушанай эміграцыі.

    «Я разумела, што аказалася адна ў чужым месцы ў чужы час і ў стане, у якім не было сіл ні на што. І я падумала, што такіх, як я, можа быць шмат», — тлумачыць яна Свабодзе.

    Лілія Беразюк, стваральніца праекта «Нашы гісторыі»

    Праграма ўключала сэрыю трэнінгаў і варштатаў для разьвіцьця лідэрскіх і камунікацыйных навыкаў, а таксама працу з асабістымі гісторыямі. Удзельніцы вучыліся публічным выступам, пісалі тэксты пра свой досьвед, рабілі фатаздымкі. Для многіх гэта стала сапраўднай тэрапэўтычнай практыкай.

    Ідэю праекта удалося рэалізаваць дзякуючы фінансавай падтрымцы Эўразьвяза.

    Адно з галоўных назіраньняў Ліліі — разрыў паміж бачным і рэальным. Жанчыны ў эміграцыі вядуць актыўнае жыцьцё: праекты, праца, дзеці, вывучэньне замежнай мовы.

    Але за гэтым часта хаваецца траўма.

    «Нам усім, хто тут пасьля 2020 году, патрэбная падтрымка і бясьпечнае месца, дзе можна проста размаўляць і падтрымліваць адна адну», — кажа яна.

    Для Кацярыны Пытлевай удзел у праекце стаў магчымасьцю нарэшце сфармуляваць тое, што доўга заставалася невымоўным.

    «Калі я зьехала зь Беларусі, я анямела. Я праходзіла праз такія цяжкія выпрабаваньні, як эміграцыя, хвароба, пераезд у новую краіну зь дзецьмі. Але я не магла гэта неяк для сябе сфармуляваць», — расказвае яна.

    Праект даў ёй час і прастору, каб прайсьці гэты шлях:

    «Агучыць і сфармуляваць для сябе ўсё, праз што я прайшла ў эміграцыі, — вось гэта быў асноўны вынік», — кажа Каця.

    Кацярына Пытлева, удзельніца праекту

    Тацяна, псыхоляг паводле адукацыі, прыйшла ў праект з разуменьнем таго, як працуе кантакт з іншымі людзьмі.

    «Усе праблемы нараджаюцца ў кантакце аднаго з адным і гэтаксама вырашаюцца. Калі трэба нешта для сябе зразумець, то лепш за ўсё ісьці да людзей», — тлумачыць яна.

    Тацяна Ігнацьева, удзельніца праекту

    Вымушаная эміграцыя, на яе думку, «надае жыцьцю шэрае адценьне» — і менавіта таму так важна зьбірацца разам.

    «У нас ужо сфармавалася супольнасьць жанчын, якія падтрымліваюць адну адну і дзеляцца сваімі гісторыямі», — кажа Тацяна Ігнацьева.

    Што дапамагае ў выгнаньні

    Валянціна кажа пра ўразьлівы стан, у якім аказваецца жанчына ў эміграцыі:

    «Ты шукаеш розныя зачэпкі: новыя сацыяльныя сувязі, знаёмствы, нейкую інфармацыю, магчымасьці».

    Прапанову далучыцца да праекту яна разглядала як нешта «цікавае, бясьпечнае, як тое, што можа падтрымаць».

    Фатаздымкі і тэксты, якія можна ўбачыць на выставе, — гэта дакумэнтацыя досьведу: тое, што ўдзельніцы пакінулі ў Беларусі, тое, з чым сутыкнуліся ў Літве, тое, што іх злуе, трывожыць або дае апору. Лілія кажа, што адной з мэтаў было зрабіць гісторыі жанчын бачнымі — і для беларускай дыяспары, і для літоўскага грамадзтва.

    Выставу можна бясплатна наведаць у прасторы «Кропка» (Sav­iči­aus g. 6, Вільня) да 7 чэрвеня. Гісторыі ўдзельніц таксама апублікаваныя на сайце праекту «Нашы гісторыі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.