• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сіла прыкладу і шчырасць. Новыя мадэлі беларускіх медыяпраектаў у эміграцыі

    Медыяландшафт істотна змяніўся: многія спецыялізаваныя праекты зніклі, але на іх месцы — хай сабе і не звышхутка — з’яўляюцца новыя ініцыятывы. Пагаварылі з заснавальнікамі праектаў «Справы» і «Ласкатухі» пра тое, як рабіць эксклюзіўны кантэнт з мінімальнымі рэсурсамі і пра медыя як пляцоўкі для ўзаемападтрымкі.

    Вольга Бромэн і Мікіта Броўка

    Вольга Бромэн і Мікіта Броўка. Калаж зроблены БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    «Справы» пазыцыянуе сябе як «новае беларускамоўнае медыя пра тое, як беларусам станавіцца эканамічна незалежнымі і ўстойлівымі».

    У размове з БАЖ заснавальнік «Спраў» Мікіта Броўка кажа, што ідэя паспрабаваць займацца развіццём сярод беларусаў культуры прадпрымальніцтва, мецэнацтва і актывізму паўстала праз новыя рэаліі жыцця: «Зараз многа беларусаў патрапілі ў новыя для сябе ўмовы. Шмат каму давялося з’ехаць за мяжу, будаваць сваё жыццё ў пэўнай ступені наноў. І ў Беларусі таксама ўмовы даволі істотна змяніліся праз санкцыі і розныя іншыя вядомыя фактары. Трэба прызнаць, што вялікая колькасць медыйных праектаў, скажам так, загінула. Асабліва гэта тычыцца спецыялізаваных медыяў. Возьмем да прыкладу хаця б музычныя сайты — зараз няма ніводнага як такога. Сайты пра бізнес, некаторыя захаваліся, некаторыя — не».

    Мікіта Броўка. Фота з асабістага архіва

    Што да «развіцця сярод беларусаў культуры прадпрымальніцтва, мецэнацтва і актывізму», то, на думку Мікіты Броўкі, найлепшым спосабам для гэтага ёсць стварэнне медыя:

    «Ёсць розныя арганізацыі, якія спрыяюць развіццю гэтага напрамку, але медыйны спосаб для нас выглядае адным з найбольш эфектыўных. Нейкая ўмоўная арганізацыя можа для сваіх чальцоў за кошт донараў прафінансаваць нейкія бізнес-кансультацыі, але на кансультацыю прыйдзе адзін-два чалавекі, а рэсурсы будуць патрачаныя немаленькія.

    У бізнесе, у прынцыпе, як і ў любой добрай справе, менавіта сіла прыкладу найбольш моцна ўздзейнічае, таму што, па шчырасці, у інтэрнэце можна лёгка знайсці інфармацыю пра тое, дапусцім, як зарэгістраваць фірму ці ІП у любой краіне свету, як рабіць нейкія тэхнічныя рэчы. А вось паказаць, што ёсць іншыя людзі, якія таксама штосьці робяць і што ты таксама можаш — з такой місіяй лепш за ўсё спраўляюцца медыя».

    Такім чынам, задача «Спраў» палягае ў тым, «каб расказваць пра беларусаў па ўсім свеце, якія штосьці робяць, у якіх штосьці атрымліваецца, штосьці не атрымліваецца, расказваць пра тое, што людзі ў складаных новых умовах не апускаюць рук, спрабуюць нешта рабіць і будуюць базіс незалежнай беларускай нацыі ў розных краінах свету».

    Ствараць эксклюзіўны кантэнт эканомна

    Свай мэтавай аўдыторыяй, паводле Мікіты Броўкі, «бачаць усіх людзей, якім сапраўды цікавая тэма сваёй справы».

    «Гэта адпавядае нашай місіі адукоўваць. Кола ўласна беларускіх прадпрымальнікаў і за мяжой, і ўнутры Беларусі — гэта даволі маленькі адсотак насельніцтва. У Беларусі на 9 мільёнаў жыхароў сёння ўжо менш за 500 000 прадпрымальнікаў, але ёсць узор, напрыклад, Грузіі, дзе 30 % насельніцтва, паводле статыстыкі, лічацца самазанятымі.

    То-бок беларусам ёсць куды расці ў плане ініцыятыўнасці і бізнесовасці ў параўнанні з іншымі краінамі. Таму мы сваю аўдыторыю разглядаем максімальна шырока. Не хочам ператварацца ў часопісы кшталту «Галоўны бухгалтар» ці «Юрыст Беларусі» і т. п. Усё ж такі мы расказваем гісторыі — чымсьці павучальныя, чымсьці натхняльныя, якія паказваюць, што людзі ідуць наперад, штосьці спрабуюць і робяць нешта карыснае», — зазначае заснавальнік новага медыя.

    Аўтарскія матэрыялы на «Справах» чаргуюцца з перадрукам гісторый іншых медыя.

    Каманда медыя «Справы» на сёння складаецца з рэдактара і журналістаў-фрылансераў, «якія ствараюць свае эксклюзіўныя матэрыялы, то-бок праца наладжаная так, што частку матэрыялаў робім самі штатнымі сродкамі».

    «У прынцыпе новыя тэхналогіі дазваляюць эканоміць рэсурсы. Напрыклад, можна схадзіць на нейкую канферэнцыю, зрабіць запіс, расшыфраваць яго хутка дзякуючы нейрасеткам, і зрабіць з гэтага карысны матэрыял. Вось так даволі бюджэтна атрымліваецца часам рабіць пэўныя эксклюзівы.

    Такім чынам мы крыху эканомім на стварэнні кантэнту. І частку гісторый робяць журналісты паўнавартасна, цікава і глыбока, з раскрыццём розных аспектаў. У перспектыве, канешне, хацелася б перайсці цалкам на аўтарскі кантэнт. Але на сёння мы намацваем, каму ўвогуле наш праект цікавы, якія тэмы цікавыя, што спрацоўвае, а што не. Глядзім па рэальных рэакцыях людзей, што залятае», — распавёў Мікіта Броўка.

    Зваротная сувязь

    Ад пачатку працы медыя прапанавала аўдыторыі «пісаць і прапаноўваць тэмы, расказваць пра свае бізнесы, свае гісторыі».

    Паводле заснавальніка «Спраў», ім даволі рэгулярна пішуць людзі, якія хочуць патрапіць на іхныя старонкі, «хаця ў нас інфармацыйны рэсурс сам па сабе пакуль адносна сціплы — мы нават двух месяцаў яшчэ не прапрацавалі».

    «Але запыт з боку аўдыторыі бачым, людзі прапануюць сябе ў якасці герояў і сваю справу як сюжэт для матэрыялу. Нам падаецца, гэта сведчыць, што не тое, каб людзям патрэбная рэклама, якую мы пакуль што не можам даць, але ім хочацца, каб пра іх ведалі, ім хочацца распавесці пра сваю справу, яны расцэньваюць гэта важным. Можа быць, таму, што больш традыцыйныя СМІ, выданні шырокага профілю, гэта не вельмі асвятляюць. Таму попыт з боку герояў ёсць», — зазначыў Мікіта Броўка.

    Мадэль фінансавання дазваляе эксперыментаваць

    «Справы» падкрэсліваюць, што працуюць за грошы беларусаў, без грантаў, дзяржаўнага ці замежнага фінансавання.

    «Гэта дапамога беларускіх прадпрымальнікаў, якія працуюць за мяжой. Вось на гэтым пакуль што мы трымаемся. І хацелася б у такім жа ключы гэта захоўваць, каб мець пэўную незалежнасць і працаваць па бізнес-канонах і з бізнесовай эфектыўнасцю», — кажа Мікіта Броўка.

    Ілюстрацыя створана БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    Паводле заснавальніка, каманда спрабуе працаваць з відэа, «бо ў яго ёсць вялікі плюс — ролікі кароткага фармату маюць перспектыву атрымліваць арганічныя ахопы». «Бачым, што гэта даволі эфектыўна, бо, умоўна кажучы, можна запісаць нейкі падкаст на гадзіну з героем у студыі, патраціць пэўныя сродкі на мантаж, тэхнічныя пытанні, постпрадакшн, але дасягнуць меншых вынікаў, чым з кароткім відэаролікам, які вымагае нашмат менш часу, працы і задзейнічання людзей. І мы хочам выкарыстаць патэнцыял відэакантэнту — максімальная ахопы за прымальныя бюджэты. Практыка паказвае, што гэта працуе», — распавядае журналіст.

    Паводле Мікіты Броўкі, прыватнае фінансаванне дапамагае працаваць больш эфектыўна: «У нас няма грантавага праекта, у якім жорстка зафіксавана, напрыклад, выпуск дзесяці відэаінтэрв’ю па гадзіне на вось такую і такую тэму. Наш крытэр эфектыўнасці — гэта выпусціць дзесяць відэа, якія штосьці збяруць, карэктуючы ў працэсе шмат якія рэчы. Гэта мадэль дазваляе гнутка да ўсяго падыходзіць, у адрозненне ад грантавага жорсткага плану», — зазначае Мікіта Броўка.

    Выйсці ў афлайн

    Паводле журналіста, «Справы» ў будучыні плануюць выйсці за межы сайта: «Ёсць ідэі рабіць мерапрыемствы для прадпрымальнікаў, гэта таксама можа быць у плане ўстойлівасці карысным, можа быць і адной з крыніц фінансавання. У перспектыве, канешне, хацелася б івэнтаў з платным удзелам, але наўрад ці будзе давер аўдыторыі адразу да такога, ды і адукацыйную мэту падрывае такі падыход. То-бок на платныя мерапрыемствы прыйдуць людзі толькі вельмі высокаматываваныя. У перспектыве думаем падключыць адсоткі з падаткаў, бо бачым, што праекты, якія транслююць карыснае для сваёй мэтавай аўдыторыі, людзі сапраўды падтрымліваюць адлічэннем долі сваіх падаткаў. Але, зноў жа, тут вельмі многа залежыць ад нас, ад таго, што мы прапануем сваёй аўдыторыі, ці будзем вартымі яе даверу».

    «Увогуле, адна з мэт — паспрабаваць аб’яднаць беларускіх прадпрымальнікаў, перадусім у эміграцыі, у нейкую супольнасць. Не ў нейкі фармальны саюз ці асацыяцыю, а стварыць пляцоўку, дзе людзі сапраўды будуць адзін аднаго падтрымліваць, абменьвацца досведам і дапамагаць адно аднаму расці.

    Калі клас прадпрымальнікаў сярод беларусаў будзе колькасна расці, то беларусы змогуць свае грамадска значныя ініцыятывы фінансаваць уласнымі сродкамі, а не шукаць іх невядома дзе, з невядомай стабільнасцю і рэгулярнасцю. Зараз у гэтым ёсць праблема. Зразумела, гэта далёкая і высокая місія, якую мы перад сабой ставім. Паспрабаваць зрабіць так, каб мы маглі самі сваю грамадскую інфраструктуру фінансаваць», — распавёў Мікіта Броўка.

    Ад лакальнага падкасту да шырокай аўдыторыі 

    «Дзе яшчэ па-беларуску гавораць пра сэксуальнасьць, уладу і грамадства без прыкрас? «Ласкатухі» — відэападкаст з Амэрыкі, дзе беларускія жанчыны гавораць пра тое, пра што звычайна маўчаць. Тут ёсць выпускі пра ўсё: ад мілфаў да падаткаў. Інтэлектуальна, але па-простаму. Лямпава як за кавай з сяброўкамі», — гаворыцца ў апісанні падкаста, які робіць з сяброўкамі актывістка, прадстаўніца беларускай дыяспары ў ЗША Вольга Бромэн.

    Вольга Бромэн. Фота з асабістага архіва

    «Гэта праект адносна новы, скажам так. Хутчэй, тут можна казаць, што ад пачатку «Ласкатухі» быў падкастам для сваіх. І вось толькі нядаўна мы вырашылі, што прыйшоў час выходзіць на больш шырокую аўдыторыю», — распавяла БАЖ Вольга Бромэн.

    Маштаб краіны паўплываў: «У Амерыцы мы не так шчыльна ўсе размясціліся, як беларусы ў Польшчы, напрыклад, ці ў той жа Вільні. Мы ўсе жывем вельмі далёка адна да адной. Я — у Мічыгане, Ганна Шарко ў Нью-Ёрку, Яна Карcлян у Вісконсіне і Люда Мірончык у Сіэтле. Мы сябруем, перазнаёміліся праз нейкі беларускамоўны блогінг, праз Асацыяцыю беларусаў у Амерыцы.

    І мы любілі размаўляць адна з адной праз месенджары, вечна перакідваліся галасавымі на самыя розныя тэмы. Нам ёсць пра што размаўляць. І неяк падумалі: а што мы ўсё вось так між сабой размаўляем? Чаму б не паспрабаваць запісаць падкаст — раптам гэта камусьці адгукнецца, можа камусьці таксама не хапае сяброў з размовамі, як нам не хапала. То-бок спачатку мы рабілі гэта чыста для сябе. Проста бралі тэму, якую нам было цікава абмеркаваць, параўнаць нейкія рэчы ці з’явы ў ЗША і ў Беларусі, пагаварыць пра нешта заўважнае ў грамадстве і г. д. А потым заўважылі, што людзі і пішуць нам, і каментуюць».

    Каманда «Ласкатух». Скрыншот

    Вольга Бромэн кажа, што спачатку гэта задумвалася нібыта толькі для жанчын: «Кшталту, вось вам не хапае сябровак, вы далёка ад Беларусі, а тут, як нам казалі, «прыйшла пасля працы, уключыла за кавай на кухні, паслухала, як быццам пабыла ў коле сябровак, цікава і ўтульна». Але пасля пачалі атрымоўваць водгукі і ад мужчын на абмеркаванні актуальных тэм. Ну вось так у нас і атрымаўся інтэлектуальны лямпавы падкаст.

    Нават пра сур’ёзныя тэмы — кшталту падаткаў у ЗША — мы гаворым простай мовай і ў нефільтраванай атмасферы, кажам, як ёсць, і не выразаем нічога».

    Вольга Бромэн і Ганна Шарко. Фота з асабістага архіва

    «Ласкатухі» робяцца сваімі сіламі, «гэта не гранты і не данаты, гэта ўсё — наш вольны час і нашы сродкі»: «Я сама раблю вокладкі, рэдагую, пішу сцэнары, усяму вучылася сама. Можна пабачыць па першых выпусках — там заўважна, што яшчэ трохі коса-крыва. Канешне, яшчэ ёсць куды расці. А дзяўчыны-сувядоўцы дапамагаюць з тэмамі, з гасцямі дамаўляюцца і г. д. У мяне ж і журналісцкай адукацыі няма, я — гісторык, але ўвесь час было вельмі вялікае жаданне рабіць нейкія медыяпраекты».

    Падкаст глядзяць з розных краін, «па некаторых водгуках разумеем, што глядзяць і з Беларусі, але пераважна, канешне, беларусы Амерыкі і ЕС, часта і з Украіны».

    «Робім, як адчуваем»

    Выпускі выходзяць раз на два тыдні, «прынамсі, стараемся, бо гэта — адзін з маіх праектаў, акром «Ласкатух», у мяне яшчэ шмат усяго валанцёрскага».

    Вольга Бромэн. Фота з асабістага архіва

    «Спачатку мы думалі, што гэта будзе проста for fun для нас, але потым «Ласкатух» узялі ў праграму для жанчын-лідарак CNI Women Fel­low­ship ад Цэнтра новых ідэй. І я падумала, а чаму б і не перарасці праекту ў штосьці большае.

    Пакрысе будзем яго рабіць, прасоўваць, каб, можа, нават не тое, што ён ператворыцца ў нейкае медыя, а дзеля існавання такой вось суполкі, пляцоўкі ў першую чаргу для жанчын. Стварыць бурбалку беларусак і беларусаў, якім цікавыя такія інтэлектуальныя, лямпавыя нішавыя падкасты», — зазначыла Вольга Бромэн.

    Каманда «Ласкатух». Скрыншот

    Яна не ўпэўненая ў хуткім росце праглядаў, але гэта не галоўная мэта: «Мы наўрад ці пра хайп. Адна экспертка нам сказала: «Вы хочаце быць кітайскай крамай, у якой набываюць мільёны пакупнікоў хутка і танна, ці вы хочаце быць тыднем высокай моды ў Парыжы?» То мы думаем, тыднем высокай моды, вядома. 

    Значыць, як параіла экспертка, «рабі, як адчуваеш». Канешне, разумею, што трэба абгрэйдзіць крыху праект, можа быць, вокладкі памяняць, апісанне, зрабіць нейкія такія тэхнічныя ўпрыгожанні, але збіраемся застацца ў сваёй лініі, рабіць так, як мы адчуваем, быць шчырымі, а не хлусіць самім сабе. У каментах, якія нам пішуць, кажуць, што ў нас гэта шчырасць ёсць».

    Ад інфармавання да пабудовы супольнасцяў

    Маладыя медыя беларускай дыяспары паказваюць адыход ад класічнай мадэлі «вяшчальніка» на карысць стварэння гарызантальных сувязяў. Яны становяцца формай сацыяльнага клею, які дапамагае беларусам не толькі атрымліваць інфармацыю, але і пераадольваць ізаляцыю ў новых краінах.

    Новая эканоміка і тэхналагічная гнуткасць. Цікавай рысай новых каманд з’яўляецца іх фінансавая і аперацыйная мадэль. Адмова ад жорсткіх грантавых рамак дазваляе рэдакцыям быць больш гнуткімі: карэктаваць фарматы, эксперыментаваць з кантэнтам.

    Прыватнае фінансаванне, праца на валанцёрскіх пачатках забяспечвае рэдакцыйную незалежнасць і свабоду і дазваляе арыентавацца на рэальны запыт аўдыторыі, стварае мадэль «нішавай якасці».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.