«Каб злачынствы не заставаліся ў ценю і маўчанні» — Таццяна Нядбай пра кнігу Ігара Карнея
Старшыня Беларускага ПЭН распавяла гісторыю стварэння кнігі былога палітвязня «Інкамунікада. Катаванне адзінотай», якую Ігар Карней напісаў «па святым абавязку журналіста».

Вокладка кнігі Ігара Карнея. Фота: выдавецтва SVIEDKI
«Сканцэнтравацца на тэме ізаляцыі»
Паводле Таццяны Нядбай, усё пачалося з сустрэчы ў Варшаве летам 2025 года — Ігар Карней пасля вызвалення з калоніі прыехаў з Літвы ў Польшчу, каб сустрэцца з роднымі і сябрамі.
«Я папрасіла яго напісаць кнігу, пакуль свежыя ўражанні і ўспаміны пра тое, што з ім адбывалася. Бо пасля з памяці хутка ўсё сціраецца. Трэба сказаць, што размовы пра тое, што «трэба пісаць кнігі», «трэба фіксаваць успаміны», вядуцца часта, але да рэальных дзеянняў даходзіць не заўсёды. Ігар задачу прыняў, сказаўшы, што гэта яго святы абавязак як журналіста. І потым мы яшчэ раз сустракаліся з ім і рэдактарам, каб абмеркаваць канцэпцыю, падачу матэрыялу.
«Вада не ведае пра краты, не падпісвае пратаколаў, яна проста цячэ. І ў гэтым руху ёсць воля, якой тут не мае ніхто, нават ахоўнікі. Так-так, бо чым яны розняцца ад зэкаў? Я ўрэшце ўсё ж выйду, а яны застануцца на сваіх назіральных вежах пажыццёва. Пры ілюзорнай уладзе над бездапаможнымі. Або непагадзь заносіць у фрамугу парыў ветру. Ён моцны, галасісты, халодны, ад такога нідзе не схавацца і ні ў што не захутацца. У яго надзвычайная прывілея — гэтак жа выдзьмуцца адваротным маршрутам, не атрымаўшы прафуліку за несанкцыянаваныя ўцёкі. Па-добраму яму зайздросціш, задаючыся старым як свет пытаннем пра крылы: чаму мы не птушкі? Вунь як вераб’і нахабна паводзяцца ў дворыку… Сядаюць проста на калючы дрот, бессаромна спраўляюць патрэбу і весела злятаюць туды, куды не дае зазірнуць шматметровая сцяна». Урывак з кнігі Ігара Карнея.
Гэта быў незвычайны досвед супрацы з рэдактарам — на самым пачатку, а не на моманце, калі рукапіс ужо гатовы. Нам хацелася зрабіць штосьці, што адрознівалася б ад папярэдніх кніг, бо традыцыя беларускай турэмнай літаратуры вельмі часта пакладаецца на бытапісанні «турэмных універсітэтаў». Гэта часта моцныя па сваім матэрыяле кнігі, згадаць, хіба, кнігу Паўла Севярынца пра ягоны досвед знаходжання на «хіміі» ў Малым Сітне.
Але мы з рэдактарам прапанавалі Ігару сканцэнтравацца на тэме ізаляцыі, з якой сутыкаўся і ён сам, і дадаць паліфаніі — дапоўніць палітру іншымі галасамі «сядзельцаў»». Так у кнізе з’явіліся раздзелы «Катавальня Лосіка», «Крыж Севярынца», «Выбар Семчанкі», «Страйк Луцкіной», «Пятля Меркіса», «Феміда Лабковіча» і гісторыі пра іншых беларускіх палітзняволеных, якіх пазбавілі не толькі свабоды, але і зносін з блізкімі.
Менавіта ў гэтым галоўны сэнс кнігі — паказаць тыя катаванні адзінотай, якія сёння беларускія ўлады ўжываюць да вязняў, зазначае Таццяна Нядбай:
«Гэтая кніга не ў лоб, але праз канкрэтныя жыццёвыя гісторыі расказвае пра тыя парушэнні правоў чалавека, з якімі сёння сутыкаюцца палітычныя вязні ў беларускіх турмах. І я хацела, каб гэтая кніга адпачатку праектавалася як цікавая замежнікам, якія павінны даведацца не толькі пра колькасць палітвязняў у Беларусі, але і пра тыя катаванні, якія да іх ужываюцца. Спадзяюся, што яна будзе перакладзеная і на іншыя мовы».
«Пачаць адразу, пакуль эмоцыі яшчэ не распыліліся»
І ўсё ж кніга «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» — гэта вынік аналізу вельмі асабістага жыццёвага досведу. Менавіта таму, што яна пісалася паводле яшчэ вельмі свежых і балючых успамінаў, рукапіс быў пачаты і скончаны за два месяцы.

Ілюстрацыя з кнігі Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» зрабіла яго жонка Іна Карней
«Пісалася лёгка, бо ўсё яшчэ «не астыла». І гэта было правільнае рашэнне — пачаць адразу, пакуль эмоцыі яшчэ не распыліліся.
Тым больш, што я 40 гадоў адпрацаваў у аператыўнай журналістыцы і ведаю, як хутка састаравае любая інфармацыя. Канешне, згадваць тое, што нядаўна перажыў, было не вельмі прыемна. Але я разумеў, што чым больш такіх сведчанняў, тым лепш.
Некаторыя былыя вязні афішуюць, што з імі адбывалася за кратамі, некаторыя, наадварот, хаваюць. Для ўладаў лепей, каб людзі маўчалі і нічога не распавядалі пра тыя катаванні, якіх не павінна быць у прынцыпе ў Еўропе ў XXI стагоддзі. Я маўчаць не стаў. І спадзяюся, што некалі гэтая кніжка трапіць на стол да тых, хто «на тым беразе». Да сілавікоў, якія ўспрымаюць усё гэта як «заслужанае» пакаранне. Няхай бы яны паглядзелі на свет вачыма тых, з каго яны здзекваліся! А можа, гэтыя звесткі спатрэбяцца і для судоў над тымі, хто гэта ўсё рабіў», — кажа Ігар Карней.
«Цынічныя турэмнікі ведаюць, што сапраўдны гвалт не ў болю, не ў кайданках, не ў крыках. Найбольш эфектыўны прэсінг — прымусіць вязня існаваць у свеце, дзе няма нікога, акрамя яго самога. Слухаць уласнае дыханне, пакуль не пачнеш сумнявацца, ці вартае яно таго, каб працягваць. І вось у гэтым бетонным меху, дзе нават шоргат крокаў адгукаецца рэхам, раптам неймавернае: у шчыліну прабіраецца муха. Спачатку толькі раздражненне, інстынкт — адшпурнуць, знішчыць. Але рука замірае. […] І адчуваю амаль дзіцячую радасць: я не адзін!» Урывак з кнігі Ігара Карнея.
Асобная частка кнігі прысвечаная тым, хто падтрымлівае палітвязняў у зняволенні. Для Ігара гэта найперш была ягоная сям’я, і кніга таксама стала «сямейнай справай» — малюнкі для яе зрабіла жонка аўтара Іна Карней. Падчас зняволення мужа яна была вымушана пакінуць Беларусь, і пасля вызвалення Ігар далучыўся да яе, перабраўшыся ў Партугалію.
Пакуль праз спецыфіку тамтэйшай бюракратычнай сістэмы ён не можа вольна перамяшчацца ў іншыя краіны, таму прысутнасць Ігара Карнея на прэзентацыі ягонай кнігі — пад пытаннем. Але сама кніга ўжо вось-вось убачыць свет: 20 жніўня яна выйдзе ў выдавецтве SVIEDKI, якое раней выдала кнігу Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу».
@bajmedia