• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Глядзіце і слухайце: пяць праектаў пра гісторыю Беларусі, якія выйшлі ў 2026 годзе

    Як дзесяць паўстанцаў разагналі роту расейскіх жаўнераў? Чаму адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху пахаваны пад дзвюма чужымі магіламі? Адказы ёсць не толькі ў архівах, але і ў новых відэа- і аўдыяпраектах. «Будзьма беларусамі!» сабраў пяць, што выйшлі ў 2026 годзе.

    «Беларусь 1863» ад «Будзьма беларусамі!»

    Праект цалкам прысвечаны паўстанню Кастуся Каліноўскага. Кожны выпуск — гэта асобны яркі факт, чалавечы лёс ці захапляльны сюжэт, якія разам дапамагаюць адчуць сапраўдную атмасферу і маштаб падзей 1863 года.

    Каларытны вядоўца — гродзенскі актор, рэжысёр і рэканструктар Васіль Калач. Ён апавядае пра тое, чаго не пачуеш у беларускіх школах. Чаго хацеў ад паўстання Каліноўскі, а чаго Карл Маркс? Чаму для паўстання закупілі 200 тысяч штуцэраў і карабінаў, а ваявалі збольшага самаробнай зброяй — ад косаў да драўляных гармат?

     Скрыншот з YouTube-канала «Будзьма беларусамі!»

    Скрыншот з YouTube-канала «Будзьма беларусамі!»

    Самае папулярнае відэа пра зброю, якой баяліся маскалі. З гэтай зброяй дзесяць паўстанцаў зайшлі ў тыл да роты расейцаў і ўсіх разагналі. У роце, паміж іншым, 200 жаўнераў.

    Колькасць відэа: 10

    Сярэдняя працягласць відэа: 12 хвілін

    Спасылка на YouTube

    «Каса на камень» ад «Белсат history»

    Скрыншот з YouTube-канала «Белсат his­to­ry»

    Серыя відэа, у якіх пра нашу гісторыю распавядаюць харызматычныя вядоўцы Кацярына Ваданосава і Васіль Калач. Яны тлумачаць падзеі мінулага і разыгрываюць невялікія сцэнкі, каб перанесці гледачоў у пэўную эпоху з яе канфліктамі і штодзённым жыццём. Дапаўняе сюжэты гісторык Алесь Кіркевіч. Ён каментуе падзеі і дадае неабходны кантэкст.

    «Каса на камень» — гэта не паслядоўны курс гісторыі. Вядоўцы закранаюць спрэчныя тэмы з розных эпох: ад Рагнеды і Полацкага княства да БНР, Чарнобыля і Афганскай вайны. Яны разбураюць савецкія міфы і паказваюць падзеі па-новаму.

    Найбольш папулярны выпуск пра партызанскі рух у Беларусі. Кацярына і Васіль не ставяць пад сумнеў сам факт супраціву, але спрачаюцца пра яго масштабы і эфектыўнасць. У фінале відэа гучыць пытанне: «Дакажуць вучоныя, што паўмільёна знішчаных партызанамі «фашыстаў» у Беларусі — гэта ў асноўным мірныя людзі. І што нам застанецца?».

    Колькасць відэа: 12

    Сярэдняя працягласць відэа: 20 хвілін

    Спасылка на YouTube

    «Цікавосткі беларускай гісторыі» ад PALATNO Media

    Скрыншот з YouTube-канала PALATNO Media

    Серыя відэа ў больш класічным фармаце: вядучая Наста распавядае, а побач з’яўляюцца візуальныя элементы для ілюстрацыі яе слоў. Выпускі можна слухаць не па чарзе. Агульнае ў іх адно — героі гісторый: людзі, жывёлы і нават рэчы маюць дачыненне да Беларусі.

    Наста закранае вельмі разнастайныя тэмы ад жывёл ледніковага перыяду да складаных сямейных гісторый. Напрыклад, пра трох родных братоў з‑пад Ліды, якія пасталелі і сталі прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў: беларускай, польскай і літоўскай.

    У самым папулярным выпуску Наста распавядае гісторыю «Парыжа». Які нейкім чынам мае дачыненне да БНР.

    Колькасць відэа: 17

    Сярэдняя працягласць відэа: 7 хвілін

    Спасылка на YouTube 

    SercaEuropy ад Васіля Герасімчыка

    Скрыншот з YouTube-канала Ser­caEu­ropy

    Праект гродзенскага гісторыка Васіля Герасімчыка. Фармат — класічныя лекцыі, дзе да аповеду дадаюцца выявы з фатаздымкамі і дакументамі. Відэаролікі ахопліваюць перыяд ад паўстання 1863 года да сярэдзіны XX стагоддзя.

    Васіль падае гісторыю праз гісторыі розных асобаў — ад Каліноўскага да Прытыцкага. Але распавядае і пра малавядомых людзей з нетрывіяльнымі лёсамі. Напрыклад, Барыс Каверда, сын беларускіх актывістаў з Варшавы, застрэліў у Польшчы паплечніка Леніна, а на судзе называў сябе рускім.

    Найбольш папулярнае відэа пра Івана Луцкевіча — аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Васіль распавядае пра магілу Івана, паверх якой пахавалі яшчэ двух не датычных да Луцкевіча чалавек.

    Колькасць відэа: 6

    Сярэдняя працягласць відэа: 30 хвілін

    Спасылка на YouTube

    «Magistra Svita налева пашыта» ад Цімоха Акудовіча

    Скрыншот са старонкі праекта Mag­is­tra Svi­ta. Фота: euroradio.fm

    Падкаст гісторыка Цімоха Акудовіча — класічны аўдыяфармат без відэа. Аўтар абяцае нешта падобнае да старых радыёперадач, але з нестандартным зместам. Калі вы глядзелі яго іншы праект «Сармацкі вус», які сёлета трапіў у шорт-ліст прэміі Багушэвіча, то ведаеце: нудна не будзе.

    У новым праекце Цімох разбірае ключавыя таямніцы ВКЛ: каранаванне Міндоўга, знікненне шляхецтва. А яшчэ ўздымае тэму, якая ўжо некалькі гадоў баламуціць польскае грамадства, а ў Беларусі яшчэ не мае шырокага распаўсюду: хто мы — нашчадкі гордай шляхты ці прыгонных халопаў?

    Самы папулярны выпуск пра малы ледніковы перыяд. У ім Цімох тлумачыць, чаму ў гэты час на землях сучаснай Беларусі не вадзіліся маманты і саблезубыя тыгры, а кіравалі Віцень і Гедымін.

    Колькасць аудыё: 11

    Сярэдняя працягласць відэа: 40 хвілін

    Спасылка на Patre­on

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.