• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жонка Дзяніса Івашына: Ён сур’ёзна хварэў, не меў сілы нават падняцца з лазарэтнага ложка

    Дзесяць дзён палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын правёў у медсанчастцы магілёўскай ПК-15. Потым яшчэ на тыдзень быў вызвалены ад працы. Але не цалкам здаровым адчувае сябе і зараз. З прычыны хваробы з Дзянісам некалькі тыдняў не было сувязі. І толькі ў мінулую пятніцу, 6 лістапада, яго маці дачакалася тэлефанавання.

    Дзяніс Івашын: Буду прыцягваць да адказнасці і суддзю, і ілжэсведак

    Дзяніс Івашын. Фота: БАЖ

    «З кароткай размовы высветлілася і прычына доўгага перапынку ў камунікацыі з Дзянісам. Ён увесь гэты час (з 22.10 па 02.11) сур’ёзна хварэў, нават патрапіў у медчастку калоніі.

    Вірус настолькі моцна яго прыціснуў, што Дзяніс не меў сілы нават падняцца з лязарэтнага ложка, не тое, каб напісаць нам ліст ці падпісаць паштоўку.

    Пра паходы да тэлефонаў я наагул прамаўчу», — напісала Вольга Івашына, жонка зняволенага журналіста, на сваёй старонцы ў Face­book.

    Пакуль ад мужа не было ні лістоў, ні тэлефонных званкоў, Вольга меркавала, што яго маглі змясціць у ШІЗА. Высветлілася ж, што Дзяніс Івашын увесь гэты час змагаўся з вірусным захворваннем.

    Жонка палітвязня перакананая, што менавіта цяжкія ўмовы ў калоніі і немагчымасць аператыўна перадаваць зняволеным неабходныя лекі і вітаміны адыгралі злую ролю ў гэтай сітуацыі.

    «Наш Дзяніс захварэў менавіта праз аслаблены адсутнасцю вітамінаў імунітэт. Апошні раз мы перадавалі яму вітаміны, здаецца, яшчэ ў СІЗА гродзенскай вязніцы. Тыя вітаміны Дзяніс ашчадна выкарыстоўваў амаль увесь час турэмнага тэрміну. Але ж запас не можа быць бясконцым, а новыя вітаміны, як і любыя іншыя лекі, палітвязню перадаць у рэжымныя калоніі і турмы — амаль невыканальны квэст з асобных «колаў пекла»», — зазначае Вольга Івашына.

    Паводле яе звестак, з 9 лістапада Дзяніс павінен працаваць у калоніі на тых самых умовах, што і да хваробы.

    У ПК-15 палітзняволены журналіст знаходзіцца з 18 чэрвеня 2026 года. Дагэтуль ён 3 гады адбыў у турме № 8 у Жодзіне. Магілёўская калонія была першым месцам яго зняволення і да турмы. Менавіта туды яго накіравалі напрыканцы студзеня 2023 года, калі ўступіў у сілу судовы вырак, паводле якога Івашына асудзілі да 13 гадоў зняволення і вялізнага штрафу.

    Справа Дзяніса Івашына

    Дзяніс Івашын — карэспандэнт беларускай незалежнай газеты «Новы Час», рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай расследавальніцкай супольнасці Inform­Na­palm. Журналіст вядомы сваімі расследаваннямі пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў мемарыяльным урочышчы Курапаты пад Мінскам.

    Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве».

    Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прызнаў журналіста вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК РБ (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК РБ (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці). Ён прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафу памерам 4800 рублёў і кампенсацыі маральнай шкоды дзевяці сілавікам, ацэненай агулам у 22 800 беларускіх рублёў.

    Аспрэчыць гэты вырак у Вярхоўным судзе не ўдалося. Напрыканцы студзеня 2023 года Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы № 1 Гродна ў папраўчую калонію № 15 Магілёва, дзе для яго быў прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання.

    Аднак ужо ў чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на строгі турэмны рэжым у турму № 8 у Жодзіне. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Працэс праходзіў ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва.

    Агулам Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за 5 з паловай  гадоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.