• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    100 000 сапсаваных кадраў, або Шлях фатографа-дакументаліста ў дзесяці здымках

    Часта ў каментарах да фатаграфій Аляксандра Валодзіна можна прачытаць, што яго фота нагадваюць кадры з кінафільма. Адчуванне гэтае невыпадковае. «Мне падабаецца здымаць дакументальнае кіно, і фатаграфаваць я пачаў, каб навучыцца будаваць кампазіцыю кадра», – распавядае ў інтэрв’ю фатограф-дакументаліст і самаіранічна дадае, што на яго фотаапараце цяпер 104 000 кадраў, з якіх ён больш за 100 000 сапсаваў. Пра шлях, які ён зрабіў у фатаграфіі за апошні год, Аляксандр Валодзін распавядае дзесяццю кадрамі.  

    Фота N1

    – Я толькі купіў сабе новую камеру і пару аб’ектываў, вяртаўся з Лодзі дадому на Прагу з камерай у заплечніку. З акна трамвая я ўбачыў фактурнага мужыка на прыпынку «Гданьскі мост». У спробе зрабіць з ім пару кадраў я выскачыў з трамвая і стаў яго здымаць. Ад Віслы валіў туман, і аўтафокус не хацеў працаваць і прамахваўся. А я рабіў кадр за кадрам, раздражняючы мужыка, які праз хвіліну дастаў цыгарэту і запаліў. А да мяне дайшло, што нас на начным прыпынку толькі двое. І што я яго так дапёк, што яшчэ імгненне, і ён на мяне спусціць свайго сабаку. Мужык перайшоў на другі бок трамвайнага пуці, дэманструючы ўсім сваім выглядам, што мне трэба завязваць. Я сеў у бліжэйшы трамвай і паехаў дадому. Кадр, па сутнасці, не атрымаўся. Мне трэба было або бліжэй падысці, або працаваць з ручным фокусам, чаго я тады не ўмеў. З колерам таксама бяда. Я яшчэ не ўмеў апрацоўваць фота. Пасля гэтага выпадку я некалькі разоў трапляў у непрыемныя сітуацыі на Празе, калі мужыкі прымушалі мяне фарматаваць дыск. Але ўсе зубы на месцы, і камера таксама цэлая.

    Фота N2

    – Кадр на станцыі Warsza­wa Ocho­ta атрымаўся абсалютна выпадкова. Я выйшаў з цягніка, каб зрабіць перасадку, і вырашыў зрабіць пару фота. Гэты кадр быў першым – каб «прыстрэліцца». Я выпадкова зняў жанчыну, якая правярала, ці ўсе пасажыры выйшлі з цягніка. З колерам я тады працаваць не ўмеў, але ўжо хапала розуму, каб не псаваць кадр і заліць яго ў ч/б. Гэта адзна з маіх найлепшых фатаграфій. Яна надала мне крыху ўпэўненасці ў сваіх сілах.

    Фота N3

    – Мой самы любімы сапсаваны кадр. Зроблены ён на Празе на вуліцы 11 лістапада, ноччу. Сябры п’юць піва і размаўляюць паміж сабой. Хлопцы бачылі, што я іх здымаю, і былі не супраць. Мне не хапіла святла, каб кадр атрымаўся. Я мог паставіць тады большую вытрымку, каб паменшыць шумы. Але калі б я тады ведаў, што такое вытрымка і навошта яна патрэбная… У выніку здымак атрымаўся, як з камеры відэаназірання.

    Фота N4

    – Надвячоркам я ўбачыў хлопцаў, якія ганяюць на скейтах ля Музея навукі Каперніка. Яны хутка рухаліся і расплываліся ў мяне ў кадры. Я ніяк не мог іх зафіксаваць, да таго ж я іх жорстка злаваў, бо здымаў хвілін 40, цягам якіх яны то пасылалі мяне, то паказвалі сярэдні палец. Тады я апускаў камеру і галаву, а потым ізноў іх здымаў. З сарака хвілін атрымалася 4 кадры, якія далёка не ідэальныя, але іх можна паказаць. І гэта адзін з іх.

    Фота N5

    – Мой сябар і аператар Саша Мароз падарыў мне білеты на Anti­flag. На канцэрце я вырашыў здымаць людзей на танцполе і толькі іх. З улікам таго, што на Anti­flag быў сапраўдны слэм, мне трэба было чакаць, калі хваля з хлопцамі і дзяўчатамі, якія размахваюць кулакамі і рукамі, адыдзе ад мяне. Калі яна ляцела на мяне, у мяне было ўсяго доля секунды, каб закрыць камеру целам. Усё даводзілася рабіць на ручным фокусе і на шырокафарматны аб’ектыў. У зале было цёмна, як у падвале, і іншага варыянту не існавала.

    У пэўны момант, калі я ў чарговы раз захіліў сабой камеру і адвярнуўся да сцэны, каб яе не разнеслі ўшчэнт, я ўбачыў старога панка каля сцэны, які глядзеў на мяне і ўсім сваім выглядам пытаўся: «Табе што, рабіць больш няма чаго?» На драйве я яго сфатаграфаваў з адлегласці 20 сантыметраў. Ад таго часу я, наколькі гэта магчыма, заўсёды спрабую падысці максімальна блізка да героя і зняць яго на шырокафарматны аб’ектыў. 

    Гэта, дарэчы, быў адзін з апошніх канцэртаў гурта. Яны распаліся праз месяц, а я так і не зрабіў нармальных кадраў з адыходзячымі легендамі.

    Фота N6

    – На кадры рэпер Waco на дабрачынным канцэрце сквота «Сірэна». Мяне пусцілі паздымаць на імправізаваную сцэну на даху прыбудовы сквота. З канцэрта было шмат добрых кадраў. Але мяне ўразіла, як здаровы што буйвал мужык, які выкурвае цыгарэту за цыгарэтай, «рассыпаўся» перад маленькай дзяўчынкай. Для сябе я адкрыў, што ў фота мяне захапляюць не толькі агрэсія, драйв і пошукі філасофскага падтэксту, але і сентыментальныя рэчы.

    Waco напісаў праз некалькі дзён, што быў уражаны маімі здымкамі. Гэта цешыла. І яшчэ я зразумеў, што больш не магу здымаць у ч/б, бо не магу перадаць паўнавартасную атмасферу таго, што адбываецца. Я ў чарговы раз папрасіў Жэню Мужаву са мной пазаймацца. Дзякуючы ёй мае здымкі набылі колер.

    Фота N7

    – З‑за сімпатый да аўтара кнігі «Плошча Перамогі» для мяне было важна зняць аднайменны спектакль, пастаўлены Аляксандрам Гарцуевым, і атрымаць максімальна добры вынік. Святло ў тэатры на генеральнай рэпетыцыі было жахлівым. Калі я прынёс кадры дадому і аўтаматычна спрабаваў «піпеткай» адбудаваць баланс белага, акцёры ў ім былі колеры гною. Тады я зразумеў, што я папаў. У мяне заўсёды былі цяжкасці з выяўленчым мастацтвам, але прыйшлося ўзгадаць словы Жэні Мужавай, што фатограф – гэта не толькі чувак, які націскае на кнопку фотаапарата, але і мастак. Колер на фота мае мала агульнага з колерам на сцэне. Гэта плён майго ўяўлення, хаця выглядае ўсё рэалістычна.

    Фота N8

    – На фота – кадр са спектакля «Канец паўкабана» Юры Дзівакова. Я чуў розныя рэцэнзіі на пастаноўкі гэтага беларускага рэжысёра. Ад сябе магу сказаць, што ў Дзівакова лепшая сцэнаграфія, і гэта рай для фатографа. Таму калі мне напісалі, што трэба тэрмінова прыехаць, я кінуў усе справы і сарваўся здымаць. Калі ў вас будзе магчымасць папрацаваць над пастаноўкай Юры Дзівакова як фатографу, пагаджайцеся на любыя ўмовы і едзьце. Вы атрымаеце кадры, якімі зможаце ганарыцца яшчэ шмат гадоў.

    Фота N9

    – На фота – кадр з мастацкага фільма польскага рэжысёра Конрада Культыса «Нем». Я быў падпісаны на акаўнт Конрада і сачыў за яго работамі. Мне ён падабаўся як малады рэжысёр сваім нестандартным поглядам на кінематограф. Аднак на пляцоўцы я паняцця не меў, што і для каго здымаю, а калі даведаўся пра гэта пастфактум, то крыху прыфігеў. Калі я апрацаваў фатаграфіі, я вельмі ганарыўся работай і вынікам. Аднак пару дзён таму я атрымаў аплявуху. Выйшлі стоп-кадры са стужкі фільма «Нем». Якім жа было маё здзіўленне, калі я ўбачыў кадры, знятыя студэнтамі Лодскай кінашколы. Іх фрагменты, зробленыя на аналагавую стужку, былі на галаву вышэй за мае кадры з фотаапарата. Хаця магчымасцяў у мяне было ў разы больш.

    Так што якія б крутыя кадры вы не зрабілі, ніколі не задзірайце высока галаву. Заўсёды знойдзецца хтосьці, хто надае вам «по щам».

    Фота N10

    – Было адно з першых у гэтым годзе, але вельмі важным. Апынуўшыся ў кабінцы з мужчынам на гэтым кадры, я ўпершыню папрасіў у незнаёмага чалавека дазвол на здымку, і ён пагадзіўся. Гэтае фота дорыць надзею, што з парушэннем еўрапейскіх законаў я завяжу. Я не абяцаю, але вельмі моцна пастараюся.

    Цалкам размову з Аляксандрам Валодзіным слухайце ў плэеры ніжэй ці глядзіце тут

    Чытайце яшчэ:

    «Свет працягвае жыць далей, пакуль я замер паміж мінулым і будучыняй». Яўген Атцецкі пра сваю другую зіму ў Львове

    Сяргей Харэўскі: Мне вельмі хацелася б, каб Мінск бачылі горадам мастакоў

    «Как Bild в Германии и Le Monde во Франции». Главред RuDelfi Олег Ерофеев — об издании, конкуренции и новой аудитории эмигрантов

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці