• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Адамі” – журналісцкі конкурс пра людзей

    “Адам быў першым чалавекам на Зямлі, і наш конкурс – пра людзей. Да таго ж, “адамі” па-грузінску – чалавек”.

    Так патлумчыла паходжанне назвы конкурсу “Ada­mi” яго каардынатарка, грузінская журналістка Саламэ Кікалеішвілі. Прэзентацыя “медыяўзнагароды за культурную разнастайнасць ва Усходняй Еўропе” адбылася 21 верасня ў офісе ГА “БАЖ” у Мінску.

    Акрамя Саламэ, удзел у сустрэчы бралі Пасол ФРГ у Беларусі Пэтэр Дэтмар, кіраўнік Аддзела па пытаннях палітыкі, інфармацыі і прэсы Дэлегацыі ЕС у Беларусі Джым Казэнс, намеснік старшыні ГА “БАЖ”, прадстаўнік тэлеканала “Белсат” у Беларусі Міхась Янчук, а таксама вядомая беларуская спявачка Марына Руся-Шукюрава.

    Саламэ нагадала ўмовы конкурсу, пералічаныя ў прэс-рэлізе і на сайце adamimediaprize.eu (па-руску).

    Спаборнічаць у конкурсе могуць журналісты з шасці краін Усходняга партнёрства: Украіны, Малдовы, Арменіі, Азербайджана, Грузіі і Беларусі.

    Удзел друкаваных СМІ не прадугледжаны – гаворка ідзе толькі пра аўдыёвізуальныя журналісцкія творы ў шасці намінацыях: мастацкае кіно, дакументальнае кіно, навіны і кароткаметражныя дакументальныя фільмы, моладзевая творчасць, інтэрнэт-сайты, інтэрнэт-відэа.

    У кожнай намінацыі будзе свой прыз. Акрамя сімвалічнай шкляной статуэткі, у медыяўзнагароды ёсць і грашовы складнік – праўда, назваць яго памер Саламэ Кікалеішвілі на гэты момант не гатовая.

    Галоўнае патрабаванне – каб матэрыялы былі звязаныя з тэмай міграцыі, інтэграцыі і культурнай разнастайнасці.

    Больш падрабязнае апісанне катэгорый і патрабаванняў да матэрыялаў можна знайсці на сайце конкурсу на рускай мове.

    Ніякіх прэферэнцый ці абмежаванняў у звязку з формай уласнасці, фінансавым становішчам розных СМІ і г.д. не прадугледжваецца.   

    Для афармлення заяўкі трэба зарэгістравацца на сайце і, атрымаўшы рэгістрацыйны нумар, спампаваць і запоўніць адмысловую форму, якую арганізатары чакаюць разам з вашым DVD па пошце. «Часам пошта ідзе доўга, таму не адкладвайце на апошнія дні», – папярэджвае Саламэ.

    Заяўкі прымаюць да 25 кастрычніка, паседжанне журы адбудзецца ў Кіеве ў лістападзе, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе ў Тбілісі 10 снежня.

    Ідэя заснавання медыяўзнагароды “Аda­mi” належыць некалькім нямецкім недзяржаўным арганізацыям, а фінансава падтрымлівае яе знешнепалітычнае ведамства ФРГ. Ключавымі партнёрамі выступаюць медыяфонд Civis і Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU).

    Пасол ФРГ у Беларусі Пэтэр Дэтмар вылучыў некалькіх асноўных пунктаў, якія характарызуюць конкурс “Аda­mi”: ён з’яўляецца ўнёскам у агульную ініцыятыву Усходняга Партнёства, мае на мэце наладжванне супрацы паміж журналістамі шасці краін і, наогул, скіраваны на больш шчыльныя кантакты не на палітычным, а на чалавечым узроўні. “Пытанні міграцыі, інтэграцыя, культурная разнастайнасць – гэта тое, што можна паказаць шырокай публіцы і што можа спрыяць узаемаразуменню паміж людзьмі”, – адзначыў сп. Дэтмар.  

    Джым Казэнс, які толькі нядаўна пачаў працаваў у Дэлегацыі ЕС у Беларусі, адзначыў, што ведае пра складаныя ўмовы працы журналістаў у нашай краіне. “І гэты праект таксама важны для таго, каб вам выйсці ў грамадскую прастору, у прастору Еўропы”, – перакананы кіраўнік Аддзела па пытаннях палітыкі, інфармацыі і прэсы.

    “Цяжка ўявіць больш своечасовую ініцыятыву, – заўважыў намеснік старшыні ГА “БАЖ” Міхась Янчук. –  Цяпер мы сутыкаемся з найбольш сур’ёзным выпрабаваннем еўрапейскіх каштоўнасцяў з часоў распаду СССР. Бо каштоўнасці, не спраўджаныя жыццём – гэта толькі шаблоны… Краіны Усходняга Партнёрства вельмі па-рознаму скарысталіся магчымасцямі гэтага механізму. На сённяшні дзень можна сказаць, што яно эфектыўнае на 50 адсоткаў: тры краіны актывізаваліся і ідуць “за цывілізаваным светам”. І я вельмі спадзяюся, што такія праекты, як “Ada­mi”, дапамогуць актывізавацца і прачнуцца і тром астатнім краінам”.

    Руся распавяла пар праект Shu­ma і падзялілася ўласным досведам інтэгравання беларускай культуры ў еўрапейскую, а таксама папулярызацыі яе сярод тутэйшага маладога пакалення

    Арганізатары «Ada­mi» гатовыя адказаць на дадатковыя пытанні датычна конкурсу:

    +995 32 222 57 59, e‑mail: competition@adamimediaprize.eu

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці