• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абмежаванні свабоды дзейнасці ў Інтэрнэце / 1.10.2015–31.12.2016

    2015 (1 кастрычніка — 31 снежня)

    3 кастрычніка прыблізна а 12‑й гадзіне пачаліся масіраваныя DDoS-напады на сайты недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН. У выніку сайты naviny.by і belapan.by сталіся недасягальнымі для карыстальнікаў; ад 5 кастрычніка яны пачалі працаваць, але з перабоямі. 5 кастрычніка інфармацыйная кампанія БелаПАН выступіла з заявай з нагоды DDoS-нападаў, у якой яны звязваліся з публікацыяй у інтэрнэт-газеце Naviny.by артыкулаў пра рэлігійна-палітычнай акцыі “Малітва за Беларусь”. У артыкулах крытыкаваліся метады арганізацыі гэтай акцыі, падаваліся меркаванні студэнтаў, якія “па разнарадцы” прыйшлі на мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы. 5 кастрычніка ГА «БАЖ» таксама распаўсюдзіла заяву з нагоды атакі на сайты БелаПАН, разглядаючы яе як “спробу пакараць Belapan.com i Naviny.by за выкананне прафесійных абавязкаў” і “грубае ўмяшальніцтва ў працу незалежных медыяў” падчас электаральнай кампаніі. Журналісцкая арганізацыя заклікала спыніць атакі на незалежныя медыя, каб забяспечыць канстытуцыйнае права грамадзян атрымліваць інфармацыю з розных крыніц.

    12 кастрычніка – у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў – ад 1.20 да 1.35 былі недаступныя незалежныя інфармацыйныя сайты nn.by, charter97.org, belaruspartisan.org, naviny.by, euroradio.fm. Каля 1.35 доступ да іх аднавіўся.

     

    2016

    15 лютага не было доступу да сайта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН з‑за хакерскай атакі. Гэта была не першая хакерская атака на сайты інфармацыйнага агенцтва падчас грамадска значных падзеяў. Як адзначыла БелаПАН: “Гэта здарылася ў дзень, калі адбываліся важныя падзеі ў жыцці краіны: мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска і пасяджэнне Савета ЕС у СМІ ў Беларусі 2016 22 Бруселі, на якім разглядалася пытанне пра зняцце санкцый з большасці беларускіх чыноўнікаў”.

    1 сакавіка ў судзе Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці была разгледжана адміністрацыйная справа ў адносінах да блогера Андрэя Павука з г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці, які быў абвінавачаны ў дробным хуліганстве. Суддзя Уладзімір Васілеўскі не ўбачыў у абвінавачаннях міліцыянтаў складу адміністрацыйнага парушэння, і накіраваў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў аддзяленне міліцыі на дапрацоўку.

    Блогер шырока вядомы, дзякуючы сваім сатырычным відэа ў сацыяльных сетках, крытыкуючым мясцовае кіраўніцтва. Супрацоўнік міліцыі Андрэй Арцюшка склаў супраць яго адміністрацыйны пратакол на падставе заявы старшыні Любанскага сельскага савета Акцябрскага раёну Тамары Кароль, у якой сцвярджалася, што 18 студзеня Павук “беспрычынна, з хуліганскіх памкненняў, назойліва, неаднаразова прыставаў да Тамары Кароль, патрабаваў ад яе адказаў на пытанні, якія не датычыліся яе службовых абавязкаў”. Як расказаў Андрэй Павук, ён хацеў даведацца, з якой прычыны Тамара Кароль  арганізавала збор подпісаў бацькоў  школьнікаў, каб яго не бралі на работу ў Любанскую школу з‑за яго “дзейнасці”, пры тым адзін подпіс аказаўся падроблены. Тамары Кароль не спадабалася, што размова запісваецца на відэа. Яна выклікала міліцыю, а пасля напісала заяву пра “занудлівыя прыставанні”.

    2 сакавіка сайты nn.by (“Наша Ніва”) і ej.by (“Ежедневник”) атрымалі пісьмовыя папярэджанні Міністэрства інфармацыі за парушэнне закона аб СМІ. Інфармацыя пра гэта была размешчана на сайце міністэрства пад назвай “Закон аб СМІ трэба выконваць”. Сайт “Нашай нівы” быў папярэджаны за публікацыю «У Беларусі чырвоны ўзровень дэмаграфічнай небяспекі: штогод “вымірае” райцэнтр» – на думку Мінінфарма, гэта дыскрэдытуе выніковасць дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі. “Ежедневник” атрымаў папярэджанне за «дыскрэдытацыю ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь» – тэкст аб баявой гатоўнасці беларускай арміі суправаджаўся фотаздымкам нямецкай баявой тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны.

    6 чэрвеня адміністратара суполкі «Рудабельская паказуха» ў сацсетцы “Одноклассники” Андрэя Павука аштрафавалі на 2,1 млн рублёў (94 еўра) па арт. 9.2. КаАП Рэспублікі Беларусь (“Паклёп”). Такое рашэнне прыняў суддзя Акцябрскага CМІ ў Беларусі 2016 17 раённага суда (Гомельская вобласць) Уладзімір Васілеўскі. Пратакол быў складзены па заяве намесніка начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Сяргея Зарычнага. Падставай для звароту ў міліцыю стаў допіс Андрэя Павука, у якім ён выказваў падазрэнні наконт карумпаванасці чыноўніка. Сам адміністратар прызнае, што хацеў задаць пытанне, але атрымалася сцвярджэнне. Ён прынёс прабачэнні заяўніку ў судзе, але той не прыняў іх.

    16 жніўня з‑за дзеянняў невядомых асобаў не працаваў сайт магілёўскай філіі праваабарончага цэнтра “Вясна” mspring.online. Па словах журналіста сайта Аляксандра Буракова (малодшага), хтосьці адмыслова спрабаваў заблакаваць доступ да сайта сістэмнаму адміністратару. Фактычна сайт быў цалкам зруйнаваны. Каб аднавіць работу сайта, спатрэбілася шэсць гадзін. Журналісты mspring.online звязвалі спробу перашкодзіць працы сайта з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Фактычна іх сайт з’яўляўся адзіным незалежным вэб-рэсурсам у Магілёве, які рэгулярна даваў інфармацыю пра выбарчую кампанію.

    25 жніўня дзевяць артыкулаў, апублікаваных на сайце 1863x.com, былі прызнаныя суддзёй суда Цэнтральнага раёна г. Мінска «экстрэмісцкімі» ў сувязі з крымінальнай справай затрыманага рэдактара сайта Эдуарда Пальчыса. Разгляд справы адбываўся ў закрытым пасяджэнні. Па словах адваката Ганны Бахціной, суд разглядаў толькі вынікі экспертызы, а не самі матэрыялы з сайта. Эдуард Пальчыс (псеўданім Jhon Sil­ver) з’яўляецца заснавальнікам 1863x.com – блога, прысвечанага аналізу бягучых палітычных падзеяў у Беларусі, Расіі і Украіне, а таксама беларускай гісторыі і культуры. У 2015 г. ён быў абвінавачаны ў распальванні варажнечы па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт. 343 КК). У кастрычніку 2015 г. Пальчыс пакінуў Беларусь, каб пазбегнуць пераследу і быў аб’яўлены ў міжнародны вышук, пасля чаго затрыманы ў Расійскай Федэрацыі падчас перасячэння мяжы Украіны і Расіі 23 студзеня 2016 г. Эдуард Пальчыс быў пераведзены з Бранскага СІЗА ў следчы ізалятар ў Мінску напрыканцы траўня. Да суда ён знаходзіўся пад вартай. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Эдуарда Пальчыса палітычным вязнем, а справу супраць яго – палітычна матываванай. 28 кастрычніка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў блогера Эдуарда Пальчыса да 1 года і 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Блогер быў прызнаны вінаватым у распальванні варажнечы па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ), а таксама ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт. 343 КК ). CМІ ў Беларусі 2016 9 Э. Пальчыс быў вызвалены з‑пад варты ў зале суда. З улікам часу, праведзенага пад вартай і ў спецыяльнай медычнай установе падчас правядзення судова- медыцынскай экспертызы, пазасталы тэрмін пакарання склаў 2 месяцы.

    26 верасня суд Цэнтральнага раёна Мінска прыняў рашэнне заблакаваць на тэрыторыі Беларусі сайт беларускай анархісцкай суполкі «Прамень» pramen.io, з‑за быццам размешчаных на сайце «экстрэмісцкіх матэрыялаў». «Сапраўднай жа прычынай ёсць тое, што наш сайт прадстаўляе альтэрнатыўны афіцыйнаму пункт гледжання на падзеі ў Беларусі і ў свеце, — адзначылі прадстаўнікі суполкі. — Яго блакаванне — заканамерны крок па знішчэнні дзяржавай любых непадкантрольных сродкаў інфармацыі».

    6 снежня Следчы камітэт РБ арыштаваў блогераў Юрыя Паўлаўца (у Мінску) і Дзмітрыя Алімкіна (у Брэсце), супраць іх былі распачатыя крымінальныя справы за распальванне нянавісці (арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ) праз іх публікацыі на расійскіх сайтах Reg­num, Lenta.ru, EADai­ly. 9 снежня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў аб арышце супрацоўніка расійскага сайта “Регнум” Сяргея Шыптэнкі ў межах расследавання справы па арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Справа была распачатая па падазрэнні ў “здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне ў розных груп насельніцтва Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама варажнечы па прыкметах нацыянальнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія выявіліся ў падрыхтоўцы і размяшчэнні ў інтэрнэце артыкулаў пад псеўданімам Артур Грыгор’еў”. У падазраваных былі праведзеныя вобшукі; вынятая тэхніка. Першапачаткова паведамлялася, што справы ўзбуджаныя паводле трэцяй часткі арт. 130 Крымінальнага кодэкса (здзяйсненне злачынства групай асобаў), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 год. У далейшым абвінавачанне было перакваліфікаванае на першую частку ўзгаданага артыкула, якая дапускае альтэрнатыўныя віды пакарання (штраф, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на такі ж самы тэрмін). Падставай для распачынання крымінальных спраў сталі звароты ў Следчы камітэт Міністэрства інфармацыі, дзе паведамлялася пра наяўнасць у публікацыях гэтых аўтараў прыкметаў праявы экстрэмізму. Міністэрства інфармацыі спасылалася на заключэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі пры міністэрстве па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці / адсутнасці ў ёй прыкметаў праявы экстрэмізму. Меркаванні беларускай грамадскасці наконт затрымання аўтараў “Регнума” і іншых расійскіх сайтаў падзяліліся. Шмат хто палічыў гэтыя дзеянні з боку дзяржавы крокамі па абароне нацыянальнага суверэнітэту, але іншыя пабачылі ў іх пагрозу свабодзе выказвання меркавання. Рэдакцыя “Регнума” акрэсліла дзеянні сілавых структураў як “правакацыйныя і здрадніцкія ў дачыненні да Беларусі і Расіі”. “Рэпарцёры без межаў” заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць затрыманых. “Артыкулы гэтых трох блогераў з’яўляюцца спрэчнымі, але гэта не апраўдвае іх зняволенне, – заявіў Ёхан Бір, кіраўнік аддзела RSF па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. – У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі іх часовае затрыманне не з’яўляецца ні неабходным, ні прапарцыйным”.

    26 снежня Міністэрства інфармацыі РБ вынесла пісьмовае папярэджанне незалежнаму інфармацыйна-публіцыстычнаму інтэрнэт-парталу «Витебский курьер» (vkurier.by) “за распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду грамадскім інтарэсам”. У афіцыйным паведамленні на сайце міністэрства не ўдакладнялася, якая менавіта інфармацыя мелася на ўвазе.

    31 снежня з адказу намесніка міністра інфармацыі на запыт ГА “БАЖ” стала вядома, што са студзеня па лістапад 2016 г. Міністэрства інфармацыі вынесла 8 папярэджанняў інфармацыйным рэсурсам, якія распаўсюджваюцца з дапамогай глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт. Акрамя таго, у 2016 г. Міністэрствам інфармацыі былі прынятыя рашэнні аб абмежаванні доступу да 47 інфармацыйных рэсурсаў, да аднаго з якіх доступ быў адноўлены. 21 з гэтых рэсурсаў быў заблакаваны за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на збыт наркатычных сродкаў, 13 – за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, 11 – за неналежную рэкламу, 2 – за прапаганду парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці