З якіх крыніц беларусы атрымліваюць навіны? Даследаванне «Беларускай ініцыятывы»
«Беларуская ініцыятыва» інстытута Chatham House прадставіла вынікі даследавання «Успрыманне выбарчай кампаніі і сітуацыі ў Беларусі». Апытанні праводзілі з 9 снежня 2024 года да 15 студзеня 2025-га.
Падчас анлайн-апытання (CAWI) былі праведзеныя гутаркі з 833 рэспандэнтамі. Як завяраюць арганізатары, Статыстычная хібнасць выбаркі з верагоднасцю 95 працэнтаў не перавышае 3,4 працэнта. Квотная выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі старэйшага за 18 гадоў і скарэкціравана па полу, узросце, памеры горада і ўзроўні адукацыі.
На пытанне: «Як часта вы атрымліваеце навіны пра тое, што адбываецца / падзеі ў краіне» было прапанавана шэсць груп крыніц.
З вынікаў вынікае, што сума «штодня», «па некалькі разоў на дзень» і «практычна кожны дзень» выглядае так:
- Беларускія тэлевізійныя каналы, якія належаць медыям з дзяржаўнай формай уласнасці — 37%.
- Расійскія тэлевізійныя каналы — 34,2%.
- Беларускія незалежныя медыі на іх сайтах, YouTube-старонках, у Telegram — 18,9%.
- Расійскія медыі ў выгнанні на іх сайтах, YouTube-старонках — 16,8%.
- Расійскія медыі на іх сайтах, YouTube-старонках, у Telegram ці іншым спосабам — 21%.
- Украінскія медыі на іх сайтах, YouTube-каналах, у Telegram, Instagram ці іншым спосабам — 20,4%.
Аўтары падкрэсліваюць, што ў даследаванні могуць быць скажэнні ў сувязі з тым, што частка рэспандэнтаў баіцца выказваць крытычныя ў адносінах да ўлады пункты гледжання. Напрыклад, статыстычны аналіз паказвае, што гэты фактар можа зніжаць долю праўкраінскіх адказаў у пытаннях пра вайну на 9%.
«На аснове аналізу 35 глыбінных інтэрв’ю з удзельнікамі апытанняў мы ведаем, што адмаўляцца ад крытычных у адносінах да ўлады адказаў схільныя хутчэй за ўсё нейтральна настроеныя людзі, а рэспандэнты з моцнымі перакананнямі аддаюць перавагу не хаваць погляды», — дадаюць даследчыкі.