МФЖ і ЕФЖ у 4‑ю гадавіну беларускіх фальсіфікаваных выбараў патрабуюць вызвалення зняволеных журналістаў
Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў (IFJ-EFJ) далучыліся да свайго партнёра — Беларускай асацыяцыі журналістаў, заклікаючы рэжым вызваліць усіх журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія знаходзяцца за кратамі.

Фота: БАЖ
Сёння, 9 жніўня 2024 года, спаўняецца чатыры гады з моманту фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія ўзмацнілі рэпрэсіі супраць журналістаў, незалежных СМІ і прафсаюзаў, каб задушыць свабоду слова і палітычную апазіцыю рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
IFJ-EFJ патрабуюць вызваліць усіх журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія знаходзяцца за кратамі. Федэрацыі таксама заклікаюць улады спыніць пераслед журналістаў у выгнанні, у тым ліку шляхам рэйдаў на іх жыллё і выклікання занепакоенасці ў іх сем’яў, каб аказваць ціск на іх.
Чатыры гады прайшло пасля самазванага абвяшчэння Лукашэнкі пераможцам фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і падаўлення мірных дэманстрацый з крайняй жорсткасцю. За гэты час рэпрэсіі супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі сталі яшчэ горшымі. Так, у сакавіку 2023 года партнёр МФЖ-ЕФЖ у краіне БАЖ быў прызнаны рэжымам «экстрэмісцкім» фарміраваннем. Гэта азначае, што любы, хто ўдзельнічаў у яго дзейнасці, можа сутыкнуцца з тэрмінам да 10 гадоў турмы.
БАЖ з’яўляецца адзінай незалежнай і прадстаўнічай арганізацыяй журналістаў і супрацоўнікаў СМІ ў краіне.
«Відавочна пераследуюцца ў сувязі з іх журналісцкай дзейнасцю»
37 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ — 10 жанчын і 27 мужчын — зняволеныя ў Беларусі. Суды краіны працягваюць накладаць доўгія тэрміны на тых, хто адважваецца выказацца супраць рэжыму або адыходзіць ад афіцыйнага наратыву. Яны пазначаюцца як «экстрэмісты» і відавочна пераследуюцца ў сувязі з іх журналісцкай дзейнасцю.
Сярод самых вядомых выпадкаў — справа Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай, галоўнай рэдактаркі і дырэктаркі незалежнага партала TUT.by. Медыйшчыцы былі асуджаны на дванаццаць гадоў турмы ў сакавіку 2023 года ў закрытым судзе. Абедзве знаходзяцца за кратамі з 18 мая 2021 года, калі праваахоўнікі правялі рэйд у офісе медыя і затрымалі шматлікіх супрацоўнікаў.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава, 3 верасня 2020 года. Фота: TUT.BY
Таксама была асуджана карэспандэнтка «Белсат TV» Кацярына Андрэева. Яе абвінавацілі ў здрадзе ў чэрвені 2022 года і асудзілі на васьмігадовы турэмны тэрмін. Спадарыня Андрэева была затрымана ў лістападзе 2020 года падчас прамой трансляцыі мірнага пратэсту ў Мінску супраць працяглага кіравання Лукашэнкі.
Журналістка Ларыса Шчыракова атрымала тры з паловай гады ў калоніі 31 жніўня 2023 года. Шчыракова была абвінавачаная ў дыскрэдытацыі Беларусі і прасоўванні экстрэмісцкай дзейнасці ў форме нібыта распаўсюджвання дэзінфармацыі ў інтэрнэце. Журналістка знаходзіцца за кратамі з 6 снежня 2022 года, калі ўлады загадалі правесці ператрус у яе дома.

Ларыса Шчыракова. Архіўнае фота
Гэта толькі чатыры гісторыі з 37 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.
Павялічэнне пераследу журналістаў у выгнанні
У жніўні БАЖ асудзіла павелічэнне рэйдаў паліцыі на жыллё журналістаў у выгнанні. Гэта тактыка, накіраваная на ціск на журналістаў, якія вымушаны былі ўцячы з краіны, праз ціск на іх сем’і. 16 траўня ўлады правялі ператрус у доме намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, які знаходзіцца ў выгнанні, і завялі крымінальную справу супраць яго. Таксама вядома пра канфіскацыю кватэры журналіста Дзмітрыя Казакевіча, якая будзе прададзена як «кампенсацыя за шкоду, нанесеную санкцыямі».

Зміцер Казакевіч. Фота: сацсеткі
МФЖ і ЕФЖ патрабуюць, каб улады Беларусі адмовіліся ад гэтых рэпрэсіўных тактык. Саюзы журналістаў ва ўсім свеце выказваюць сваю салідарнасць з журналістамі, якія былі вымушаны ўцячы ў выгнанне.
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец сказаў: «37 журналістаў знаходзяцца за кратамі. Гэта не проста лічба для шматлікіх людзей, але я ведаю амаль усіх іх. Многія з іх — мае сябры. Я нават у самых страшных снах не мог уявіць, што столькі маіх знаёмых і калег трапяць у турмы і калоніі. Нават праз чатыры гады пасля падаўлення пратэстаў рэпрэсіі не спыняюцца. Журналісты не злачынцы. Яны плацяць сваёй асабістай свабодай за свабоду выказвання меркаванняў для ўсіх».
МФЖ і ЕФЖ заяўляюць: «Рэжым Лукашэнкі занадта доўга душыць свабоду слова і пазбаўляе журналістаў свабоды. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення нашых несправядліва зняволеных калег і выказваем салідарнасць з тымі, хто быў вымушаны ўцячы з краіны і па-ранейшаму вымушаны жыць у страху за мяжой. Беларускія ўлады павінны спыніць пераслед і запалохванне журналістаў».
