• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.

    Два гады зняволення за стрым з «плошчы Перамен»

    Журналісткі тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года ў шматпавярховіку на знанай «плошчы Перамен» у Мінску за стрым падчас якога паказалі жорсткі разгон сілавікамі мірнай вулічнай акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Спачатку журналісткам прызначылі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля адбыцця гэтага тэрміну на волю так і не выйшлі — ім прад’явілі крымінальнае абвінавачанне паводле арт. 342: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Да суда ўтрымлівалі ў СІЗА № 1, так званай «Валадарцы».

    18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук падтрымала патрабаванне прадстаўніцы пракуратуры Аліны Касьянчык і пакарала фігурантак 2 гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. (Дар’я Чульцова цалкам адбыла прысуджаны тэрмін зняволення, выйшла на волю і цяпер знаходзіцца ў бяспецы за мяжой.)

    На прапанову напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі Кацярына Андрэева не адказала.

    Журналіст Ігар Ільяш, муж Кацярыны, так казаў пра першае кароткатэрміновае спатканне ў ліпені 2021 года: «Каця была ў стандартнай казённай сукенцы з нашытай жоўтай біркай (…) Трымаецца цвёрда і ўпэўнена. Яна перакананая ў слушнасці свайго шляху. Сказала, што ні пры якіх акалічнасцях не будзе пісаць прашэнне аб памілаванні. Гэта яе прынцыповая пазіцыя».

    У жаночай калоніі Гомеля ад адміністрацыі атрымала статус «схільнай да экстрэмізму». Працавала на швейнай фабрыцы.

    «Мая задача — захаваць душу ад распаду і не дазволіць зоне пракрасціся ў мяне. Не стаць часткай выродлівага, а зрабіць трохі больш цудоўнай прасторы вакол сябе», — сказала Кацярына мужу.

    Другі тэрмін

    10 лютага 2022 года Кацярыну Андрэеву раптам этапавалі з гомельскай папраўчай калёніі № 4 у гомельскае СІЗА № 3 — без паведамлення прычын родным Кацярыны.

    У красавіку стала вядома пра новае абвінавачанне, выстаўленае Кацярыне — здрада дзяржаве (паводле ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса).

    У ліпені 2022 года адбыўся суд, на якім суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка вынес жахлівы вырак — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму.

    Працэс праходзіў за зачыненымі дзвярыма. Пра сутнасць абвінавачання невядома дагэтуль. Толькі фармулёўка: «вінаватая ў выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь».

    20 верасня мінулага года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу юрыдычнай абароны Кацярыны Андрэевай і чакана пакінуў рашэнне першай інстанцыі без зменаў. Пры гэтым постфактум стала вядома, што была скарэктавана фармулёўка абвінавачання. Замест «выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі ці дзяржаве» журналісцкую дзейнасць Кацярыны Андрэевай пастанавілі лічыць «шпіянажам». Зрэшты, сутнасная падстава засталася ранейшай, адбылася тэхнічная ратацыя ў межах таго ж арт. 356 Крымінальнага кодэкса.

    Неўзабаве пасля рашэння Вярхоўнага суда Кацярыну Андрэеву этапавалі са следчага ізалятара ў калонію № 4 Гомеля. Паралельна Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўключыла палітзняволеную журналістку ў спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці».

    Сёлета ў жніўні, у сумную дату — 1000 дзён за кратамі Кацярыны — Ігар Ільяш напісаў у сваім Face­book: «У адным з лістоў Кацярына, не без гумару, сфармулявала ўніверсальнае жыццёвае правіла:

    «Мы вызначаемся тым, як мы пераадольваем, асвойваем гэта жыццё і яго ўдары. Тое, як мы трымаем удар, і складае нашу сутнасць. Астатняе — бздура!.. Таму як бы ні было кепска — перабірай лапкамі:)».

    З патомных журналістаў, але ў журналістыку прыйшла пасля працы выкладчыцай

    Прадзед Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) Давід Пінхасік — вядомы журналіст у БССР, прабабуля Марыя Ваганава таксама журналістка, першая галоўная рэдактарка «Палескай праўды». Бабуля Ала Ваганава — гісторык, дацэнт кафедры археалогіі БДУ. Дзед Сяргей Ваганаў — вядомы журналіст. Бацькі — філолагі.

    Пасля беларускамоўнай гімназіі № 23 Кацярына паступае ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт іспанскай мовы. Па праграме Еўракамісіі ў 2013 годзе паехала ў Іспанію, дзе выкладала англійскую мову.

    Па вяртанні з Іспаніі напісала артыкул «Паланэз на вакзале» для «Нашай Нівы». Потым супрацоўнічала з «Народнай воляй», «Нашай Нівай», Радыё «Свабода».

    Ад 2017 года супрацоўнічала з тэлеканалам «Белсат».

    «Беларускі Данбас»

    Разам з мужам Ігарам Ільяшом напісалі кнігу «Беларускі Данбас» пра беларусаў — удзельнікаў расійска-ўкраінскай вайны. Яна выйшла ў свет у тым самым 2020 годзе. Кніга раззлавала беларускія ўлады — у ёй вядзецца пра ўдзел у вайне на Данбасе беларускіх наймітаў на баку так званых ДНР і ЛНР, пра ўдзел беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у гэтым канфлікце. У 2021 годзе кнігу ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай.

    Лаўрэатка шматлікіх узнагарод

    Апроч перамог у журналісцкіх конкурсах, Кацярына Андрэева атрымала некалькі ўзнагарод нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню:

    • 10 снежня 2020 года беларускія праваабаронцы назвалі яе «Журналістам года»;

    • 10 сакавіка 2021 года стала лаўрэатка Прэміі імя Дарыюша Фікуса;

    • 9 красавіка 2021 года атрымала прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая;

    • 7 чэрвеня 2021 года стала лаўрэаткай «Axel-Springer-Preis»;

    • 10 чэрвеня 2021 года — прэмія «За мужнасць у журналістыцы»;

    • 29 ліпеня 2021 года — прэмія «За свабоду і будучыню СМІ»;

    • 12 жніўня 2021 года — прэмія імя Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Усходняй Еўропы».

    • 15 кастрычніка 2021 года стала лаўрэаткай прэміі «Prix Europa» ў катэгорыі «Еўрапейскі журналіст 2021 года».

    Чытайце яшчэ:

    «Пазл склаўся». Ігар Ільяш пракаментаваў гіпотэзу, якая пралівае святло на другі прысуд Кацярыне Андрэевай

    Пагрозы, харасмент, судовыя цяжбы. Журналісты краін Балтыі — пра выклікі для медыя

    Махачкала — Менск. Як прапаганда прыводзіць да пагромаў. Тлумачаць экспэрты

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці