• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алесь Ліпай: Спачатку трэба атрымаць заробак, а потым казаць — мала гэта ці не

    15 снежня ў нашу рэдакцыю завітаў заснавальнік і бяззменны генеральны дырэктар першага беларускага незалежнага інфармагенцтва БелаПАН Алесь Ліпай. Вёў размову Барыс Гарэцкі.

    — Як засноўваўся БелаПАН, за кошт чаго жылі першы год? Калі пачаў прыносіць прыбытак?

    — Пачыналася ўсё з таго, што я, працуючы рэдактарам газеты “Знамя юности”, выдання з найбольшым на той час накладам, зразумеў — аднаго інфармагенцтва БелТА недастакова, да таго ж яно працавала па-ранейшых, савецкіх шаблонах. Я падбухторыў некалькі чалавек са “Знамя юности” і мы заснавалі ў 1991 годзе БелаПАН. Калі ж прыйшла пара сыходзіць, то многія сказалі, што будуць пазаштатна супрацоўнічаць. Я іх разумею — з наседжанага месца сыходзіць у невядома куды было цяжкім маральным выбарам. У БелаПАН тады прыйшлі Віталь Цыганкоў, Зоя Галубнічая.

    Першы год мы з Віталём самі пісалі і самі разносілі па рэдакцыях матэрыялы, атрымлівалі за іх толькі ганарары. Валерыя Іванова з БелТА прыйшла да нас, Міхаіл Ваняшкін быў у БелТА перакладчыкам і таксама прыйшоў да нас, ён працуе дагэтуль.

    Цяпер за такія мінімальныя грошы заснаваць інфармацыйнае агенцтва немагчыма. Тады ж першы год працы быў няцяжкі. Пачатак 1990-ых — гэта свабода дзейнасці, свабода для бізнесу, свабода ў журналісцкай працы. Дзякуючы тым часам мы змаглі замацавацца на рынку. Спачатку мы аплочвалі працу нашых аўтараў за ганарары з “Радыё Свабода” — я быў іх першым пазаштатным карэспандэнтам у Беларусі.

    — Як агенцтву ўдалося пратрымацца на інфармацыйным рынку 25 гадоў, штодзённа канкуруючы з БелТА?

    — Мы змаглі пратрымацца, дзякуючы людзям, якія гэтыя гады працуюць у БелаПАНе. Напрыклад, нашыя журналісты Ірына Леўшына і Андрэй Серада працуюць шмат год. А таксама дзякуючы людзям ва ўладзе — яны стварылі манаполію для БелТА, але і сітуацыю, калі журналісты дзяржаўных медыя не пра ўсё могуць пісаць. Мы непадцэнзурнае выданне, у нас няма гэтых абмежаванняў, і ў гэтым — перавага.

    — Медыйная сфера сёння дазваляе зарабляць?

    — БелаПАН — інфармацыйная агенцыя. Усе гэтыя гады мы жылі найперш за кошт падпіскі на нашыя матэрыялы. Так, мы не маем фактычна доступу да дзяржаўнага сегменту і гэта перашкаджае зарабляць больш, чым маглі б. Разам з тым ёсць падпісчыкі, на якія ўлады не могуць уздзейнічаць — амбасады, даследчыя інстытуты, замежныя СМІ.
    Апошнія гады развіваецца рынак інтэрнэт-рэкламы, наша інтэрнэт-газета Naviny.by нарасціла аб’ём рэкламы. Да слова, пасля рэдызайну і рэканструкцыі Naviny.by аўдыторыя сайта павялічылася на 25 %.

    — Колькі інфармагенцый, на Вашу думку, можа “пракарміць” беларускае інфармацыйнае поле? Наогул, ёсць попыт на прадукцыю інфармагенцтва?

    — Могуць стварацца новыя інфармацыйныя агенцыі. Хаця сёння выглядае, што і тым, хто ёсць — цесна. Рынак інфармацыі ў нас стабільны. З аднаго боку гэта добра, бо мы захоўваем свае пазіцыі,а з іншага — кепска, бо стабільнасць вядзе да стагнацыі, нам хацелася б росту і развіцця. Я б не сказаў, што беларуская медыйная прастора малая, яна звужаная з‑за дзеяння уладаў, крызісных працэсаў. Інтэрнэт-прастора развіваецца так хутка, што гэты рынак ужо тычыцца і немаўлят.

    — Кажуць, што ў БелаПАНе вельмі нізкія заробкі і таму многія сыходзяць. Чаму так адбываецца? Не лічаце, што працу карэспандэнта трэба добра аплочваць? Ці гэта плёткі?

    — Працу журналістаў трэба аплочваць добра і вельмі добра, але можна аплаціць толькі з тых бюджэтаў, якія маюцца. Што тычыцца сыходаў людзей, то ў нас не нявольніцкі рынак, чалавек мае права працаваць дзе хоча.

    — БелаПАН называюць журналісцкай школай. Скажыце, чаму калі журналісты становяцца больш-менш вядомымі, яны сыходзяць з БелаПАНа ў іншыя СМІ, вам не крыўдна?

    — Нам не крыўдна — мы разумеем, што гэта і ёсць наша журналісцкае жыццё. Нармальная сітуацыя, калі чалавек папрацаваў у рэдакцыі, захацеў змяніць месца працы. Некаторыя ўвогуле мяняюць прафесію. А людзі, якія гавораць, што мала зарабляюць, хай прыйдуць працаваць да нас, атрымаюць заробак і потым скажуць мала ім гэта ці не.

    — Ці можна ўладкавацца ў БелаПАН цяпер, у крызісныя часы? Якая праверка чакае журналіста дзяржаўнага СМІ, калі ён прыходзіць працаваць у БелаПАН?

    — Калі гэта прафесійны журналіст, то для яго заўсёды ёсць вакансія. Праверка будзе такая ж, як і для любога іншага. Мы дадзім заданні, потым заключым дамову на месяц-два і паглядзім як журналіст спраўляецца. Рэдкія выпадкі, але былі, калі з дзяржаўных СМІ да нас прыходзілі на працу.

    — Хто і як вызначае змест стужкі навін?

    — БелаПАН складаецца з некалькіх структур — інфармацыйнае агенцтва, рэдакцыя мультымедыйных навінаў, аналітычная служба, рэдакцыя інтэрнэт-газеты «Белорусские новости» (www.naviny.by). У рэдакцыі праводзяцца планёркі, але ўсё вызначаецца ў рэжыме анлайн. Інфармацыйная палітыка застаецца нязменнай — пішам пра ўсё важнае, што адбываецца ў краіне.

     — Ці ёсць у БелаПАНа любімыя і нелюбімыя палітыкі?

    — Мы па-над палітычнай бойкай, мы не хочам быць рупарам ніякага палітычнага руху. Наша задача — аб’ектыўна пісаць пра ўсё, што адбываецца. Іх права не любіць, пра што мы пішам, як і наша права гэта пісаць.

     

    — Спадар Алесь, якія ў БелаПАНе існуюць правілы працы з суразмоўцамі? Ці запісваеце вы ўсіх на дыктафон?

    — Аўдыёзапіс абавязковы. Мы павінны пытацца, ці хоча чалавек паглядзець як гэта будзе публікавацца, ці хоча ўзгаднення — гэта тычыцца не кароткіх каментароў, а вялікіх інтэрв’ю.

    — Як чыноўнікі ставяцца да журналістаў недзяржаўнага інфармагенцтва?

    — Чыноўнікі стараюцца не мець з намі кантактаў, як і з іншымі незалежнымі выданнямі. Што тычыцца Мінінфарма, то ён маніторыць і кіруе гэтай інфармацыйнай прасторай, ім ёсць справа да ўсяго што пішацца. Час ад часу яны пільна назіраюць і за тым, што робім мы. Нядаўны быў зварот з Мінінфарма — мы напісалі пра расстрэльную ноч для беларускай інтэлегенцыі, і што гэтыя расстрэлы адбываліся ва ўнутраным двары турмы КДБ, якая цяпер называецца «амерыканкай». Мінінфарм быццам бы атрымаў ліст ад нейкага ветэрана, які абурыўся, што мы дэзінфармуем, што расстрэлы былі ў іншым месцы. І нам давялося прывесці доказы, што гэтыя расстрэлы сапраўды там адбываліся.

    — Ці былі выпадкі, калі па просьбе прадстаўнікоў улады БелаПАН здымаў матэрыялы з сайта?

    — Была аднойчы памылка, калі дзяжурны рэдактар перад прыездам Пуціна паставіў фотаздымак нібыта расцяжкі, прымеркаванай да прыезду Пуціна. І калі гэта выявілася (дарэчы, з непакою дзяржорганаў), то матэрыял знялі.

    — Ці падавалі калі-небудзь у суд на сам БелаПАН? Чаго тычыліся гэтыя іскі?

    — Напачатку працы БелаПАН я судзіўся са старшынём КДБ і міністрам абароны. Гэта было славутае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі перад другім турам выбараў. Ён гаварыў, што міністры чамаданамі вывозяць накрадзеныя грошы. Натуральна, гэтыя міністры абурыліся. Але быў аўдыёзапіс размовы, і гэта быў 1994 год — суды не бралі пад казырок, калі ім званілі зверху. Былі выпадкі іншых судовых спраў, але яны сканчваліся для нас кепска. Зразумела, калі ўлада захоча, то засудзіць каго заўгодна.

    — А ці падаваў БелаПАН калі-небудзь у суд за неправамернае выкарыстанне вашых матэрыялаў іншымі СМІ?

    — Матэрыялы бярэ шмат хто, не маючы нават права. Перадусім мы звязваемся з гэтымі людзьмі, ушчуваем іх, гаворым, што трэба падпісвацца. Звычайна яны адказваюць: “Ай-яй-яй, няма грошай”. І можа, улада нават “дапамагала” б засудзіць гэтых людезй, але мы не хочам улазіць у такія сваркі. Тое, што адбываецца на рынку журналісцкай інфармацыі, — нецывілізаваны рынак, пірацтва. Мы будзем надалей настойваць падпісвацца на навіны або ставіць толькі частку матэрыялу, каб плаціць нам трафікам. У суд не збіраемся, але заўтра можам пайсці.

    — Спадар Алесь, якія ў Вас планы адносна будучыні агенцтва? Наогул, каго б Вы маглі спакойна пакінуць на чале БелаПАНа і не баяцца за кампанію?

    —Заўсёды будзе пра што пісаць — улады, апазіцыя, жыццё падкінуць тэмы. Планы ў нас ёсць — збіраемся рабіць рэканструкцыю інфармацыйнай агенцыі. Бо змяняюцца часы і ўмовы, пашырэнне інтэрнэту, новыя медыя, сацыяльныя сеткі — гэта выклікі, на якія трэба адказваць.

    БелаПАН і цяпер не на адным мне, я гаварыў раней пра працу рэдакцый. І я  асабліва не ўмешваюся ў іх дзейнасць. Увогуле, тое, што сам стварыў, цяжка пакінуць, гэта — адно з маіх дзяцей. Я разумею, што рана ці позна гэта дабудзецца, але мне хацелася б, каб гэта адбылося як мага пазней. Нават калі дзеці вырастаюць, то імі апякуешся. Увогуле не важна, хто дырэктар, важна хто на іншых пасадах у БелаПАНе. Дзякуючы гэтым людзям агенцтва жыве.

    — Вы пішаце вершы, вас натхняе прыхільнасць да творчасці на журналісцкую працу? Ці няма жадання паехаць на лецішча і заняцца толькі літаратурай?

    — Хутчэй падзеі ў краіне натхняюць на творчасць. Такі зваротны працэс. У наступным годзе, спадзяюся, выйдзе трэцяя кніга маёй паэзіі, і кніга апавяданняў. Праца не замінае творчасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці