Аляксей Дзікавіцкі пастанавіў датэрмінова пакінуць «Белсат»
Выканаўца абавязкаў дырэктара нашага каналу меўся заставацца на пасадзе да 3 снежня, аднак падаў заяву аб звальненні ўжо ад 22 лістапада. Аляксей Дзікавіцкі пастанавіў зрабіць так, каб яму не давялося фармальна ліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV».

Аляксей Дзікавіцкі адказвае на пытанні журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі. 20 сакавіка 2024 года. Варшава, Польшча. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі паведаміў рэдакцыі, што падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання (TVP) заяву аб звальненні на ўласнае жаданне ад 22 лістапада:„
«Сёння я падаў заяву аб скасаванні працоўнай дамовы з прапановаю зрабіць гэта паводле згоды бакоў і спыніць супрацу ўжо ў гэтую пятніцу».
Дзікавіцкі растлумачыў, што яму загадана зліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV», а ён не хоча гэтага рабіць нават фармальна.
Рэакцыя кіраўніцтва Польскага тэлебачання на гэтую заяву аб звальненні пакуль не вядомая.
Выканальнік абавязкаў дырэктара «Белсату»: Калі трэба нешта катастрафічна рэзаць – гэта без мяне
15 лістапада рэдакцыя «Белсату» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы – Аліны Коўшык. Журналістам таксама было абвешчана, што «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкаю, а стане часткаю новага цэнтру замежнага вяшчання TVP, куды таксама залучаць англамоўны канал TVP World. Эфір «Белсату» будзе падзелены паміж трыма рэдакцыямі: беларускай, расейскамоўнай рэдакцыяй «Вот Так» і ўкраінскай, што пакуль не мае назвы. Кожная будзе мець сваіх 6 гадзінаў.
Чаму кіраўніцтва Польскага тэлебачання пастанавіла не пакідаць Дзікавіцкага на чале беларускай рэдакцыі, журналістам не патлумачылі. Ён меўся заставацца на пасадзе да 3 снежня.
Аліна Коўшык цягам 15 гадоў працавала на «Белсаце», у тым ліку ў якасці вядоўцы, рэдактаркі і прадзюсаркі тэлепраграмаў. У верасні 2022 года пайшла ў палітыку: далучылася да Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, а потым трапіла ў Каардынацыйную раду. Яна ўжо пакінула абедзве структуры дзеля працы на тэлеканале.
У эфіры «Тыдня» Коўшык паабяцала, што «Белсат» застанецца незалежным каналам, без цэнзуры, каналам для беларусаў, які робяць беларусы.
«Белсат» зазнаў глабальныя змены пасля парламенцкіх выбараў у Польшчы. У сакавіку сёлета з пасады дырэктаркі звольнілі стваральніцу каналу Агнешку Рамашэўскую-Гузы, і з таго часу абавязкі дырэктара «Белсату» выконваў Аляксей Дзікавіцкі.
