• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Тамковіч пачаў збор сродкаў на выданне кнігі «Мазаіка жыцця»

    Журналіст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч пачаў на краўдфандынгавай платформе Talaka.by збор сродкаў на выданне новай кнігі “Мазаіка жыцця”. Гэта — частка вялікага праекта, які задумаў аўтар. А менавіта — стварыць сайт-энцыклапедыю пра герояў найноўшай гісторыі.

    Аляксандр Тамковіч абяцае чытачам, мецэнатам цікавую кнігу пра нашых сучаснікаў — людзей мастацтва, якія ўжо шмат зрабілі для Беларусі, але пра іх вельмі мала інфармацыі альбо яна разрозненая.

    Вось некалькі персаналій, якія будуць прадстаўлены ў выданні: музыкі і спевакі Іван Кірчук, Зьміцер Вайцюшкевіч. Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч, Кася і Алесь Камоцкі, пісьменнік Віктар Марціновіч, незвычайны скульптар Генік Лойка, прадстаўнікі неафіцыйнага беларускага кіно — Андрэй Курэйчык і Андрэй Кудзіненка ды іншыя.

    Па сутнасці, новая кніга — пачатак своеасаблівай энцыклапедыі персон нашай сучаснасці.

    У новай кнізе «Мазаіка жыцця» не будзе ні палітыкі, ні палітыкаў. На жаль, аўтар не знайшоў інвестараў, хоць выдаткаваў на гэта амаль пяць гадоў.

    «Людзі мастацтва патэнцыйных спонсараў цікавяць мала, але гэта няправільна, бо зрабілі для Беларусі ніяк не менш за тых, каго мы прывыклі бачыць каля мікрафонаў … Ні ў якім разе не хочацца іх супрацьпастаўляць, але, паводле майго глыбокага пераканання, няправільна бачыць адных і “не заўважаць» іншых …» — адзначае Тамковіч.

    Аляксандр Тамковіч стварыў цэлую галерэю партрэтаў нашых сучаснікаў — усяго 18 кніг, а з улікам перакладаў было выдадзена нават больш — 24 кнігі.

     

    “Канчатковая мэта праекта — зрабіць сайт, дзе будзе сабраны ўвесь матэрыял пра людзей, з якімі я размаўляў і пра якія пісаў на працягу 10 апошніх гадоў. Кожны зможа туды зайсці, набраць прозвішча і адным націскам кнопкі прачытаць усё, што яны самі пра сябе расказвалі, паглядзець фатаграфіі і гэтак далей. Я хачу аплаціць хостынг за гэты сайт гадоў на 20 наперад”, — кажа аўтар.

    Журналіст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч адзначае, што сышоў у мінулае значны пласт падзей 1990-ых гадоў. А матэрыялаў у лічбавым выглядзе не так шмат. «Шмат гадоў таму я бачыў у сацыёлага Алега Манаева тэчкі з выразкамі з газет тых часоў. Стаў праглядаць за 1994 год — зачытаўся. Столькі фактаў, і сёння ўсё гэта ўжо з’яўляецца дакументам: было так і так, а не так, як сёй-той цяпер спрабуе прадставіць. Напрыклад, хто першы ўнёс бел-чырвона-белы сцяг у парламент? Сёння ўжо чалавек 10 гэтым выхваляюцца. Ці сёй-той сцвярджае, што ён адзін-адзіны не галасаваў за развал СССР. На самай справе ў газетах тых гадоў можна прачытаць, што гэта быў Ціхіня, а не той, хто сёння прыпісаў гэта сабе».

    Аляксандр абяцае трымаць у курсе аўдыторыю аб тым, як рухаюцца справы па зборы сродкаў. Таксама будзе паказваць у Face­book фрагменты з інтэрв’ю, каб людзі бачылі, на што пойдуць грошы.

    Падтрымаць праект можна ўжо сёння. Дапамагчы аўтару ўвасобіць у жыццё яго вялікую ідэю можна ахвяраваўшы любую суму. Аляксанд Тамковіч спадзяецца, што кніга выйдзе ў свет, тым больш і расходы на яе выданне заяўленыя не такія вялікія  — 5 947 рублёў.

    Саркафаг накрыў атамны рэактар, а Беларусь — раўнадушша. У Мінску гаварылі пра Чарнобыль

    У Германіі прэзентавалі кнігу Аляксандра Тамковіча

    Аляксандр Тамковіч: Турэцкай кампаніі давялося рамантаваць дамы і публічна папрасіць прабачэння

    Аляксандр Тамковіч: “Мне сказалі тады: вам застаўся год, смерць будзе страшнай”

    Тамковіч Аляксандр Леанідавіч

    Нарадзіўся 9 лістапада 1963 года ў горадзе Ашмяны Гродзенскай вобласці Рэспублікі Беларусь.

    У 1981 годзе скончыў сярэднюю школу № 1 г. Ашмяны, паступіў у Ленінградскі інстытут халадзільнай прамысловасці.

    У 1982–1983 служыў у марской інжынернай службе Паўночнага флоту СССР.
    У 1983 годзе паступіў на факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага вайсковы-палітычнага вучылішча, якое скончыў з адзнакай у 1987 годзе.
    У 1987 годзе адразу пасля сканчэння вучылішча па адпаведным запыце выдання быў накіраваны на пасаду карэспандэнта газеты Беларускай вайсковай акругі «Во славу Родины».

    Пасля путчу 1991 года на знак пратэсту звольніўся з вайсковай службы, выйшаў з КПСС І стаў намеснікам галоўнага рэдактар ​​газеты «Вольныя навіны».

    У 2001‑м стварыў і ўзначаліў газету «День», якая была ліквідаваная беларускімі ўладамі ў 2004 годзе.

    З 2006-га года выдаў 18 кніг. Чатыры кнігі перакладзеныя на англійскую мову, адна на нямецкую, адна перавыдадзеная.

    Аляксандр Тамковіч узнагароджаны рознымі прэміямі. У тым ліку дыпломамі імя Ю. Захаранкі «З паднятым забралам» і Прэміяй імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-Цэнтра.

    З 2000 года — уваходзіць у кіраўніцтва ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
    З 2009 года — сябра беларускага ПЭН-Цэнтру.
    З 2011 года — сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці