• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Уліцёнак: Калі б журналісты не адпавядалі найвышэйшым стандартам прафесіі, яны б не дабіліся такога прызнання

    Аляксандр Уліцёнак, шэф-рэдактар газеты “Свободные новости плюс”, дзеліцца сваімі высновамі пра змены ў медыяполі краіны.

    Свабодны беларускі медыярынак-2020 на вачох “оцифровался”. І ў гэтага медаля два бакі. Першы проста ўражвае касмічнай статыстыкай росту цікавасці да незалежнага інтэрнету ва ўсіх яго сегментах — тут як рост цікавасці да каронабяды і рэвалюцыі, так і годны адказ нашых калегаў на востры, глыбокі запыт грамады.

    Калі б беларускія журналісты не адпавядалі найвышэйшым стандартам прафесіі, яны б не дабіліся таго поспеху і прызнання, які маюць зараз.

    А другі бок сумны. Найперш, гэта відавочныя страты — затрыманні, суды, суткі, нервы, здароўе, планы… На такім жорсткім тле спыненне друку пяці добра вядомых краіне незалежных газет, сярод якіх і “Свободные новости плюс”, неяк адышло ў цень прафесійнай увагі. Важны момант: не з‑за абыякавасці. Проста ўсе разумеюць і бачаць: праблема вялізная, можна сказаць — бяда, але…

    Так, прынт спынены, гэта драма і для дзясяткаў тысяч чытачоў, і для дзясяткаў прафесіяналаў, для якіх пах газетнай паперы — кісларод. Але мы, хто працаваў у выданнях «Свободные новости плюс”, «Народная Воля», «Комсомольская правда в Беларуси», «БелГазета», «Брестская газета» не задыхнуліся — вынырнулі ў лічбавай прасторы. Толькі пачалі больш актыўна асвойвацца ў анлайн, таму ўдзячны за спрыянне і дапамогу тым, хто добра ведае гэтую кухню. Перыядычна гэта дапамога — проста велічэзная. Як у тэхналагічным плане, так і ў чалавечай падтрымцы.

    І трошкі пра сябе.

    Да вясны 2020 года насуперак прароцтву пра газетны спачын мы кожны месяц нарошчвалі свой наклад — перайшлі за 25 тысяч асобнікаў. Па цяперашніх рэаліях ого-го!

    Сярод розных чыннікаў вылучу два. Нарошчванне арыгінальнага экспертна-аналітычнага кантэнту. У нас з’явілася многа новых аўтараў. Гэта як вядомыя публіцысты, так і неардыныя навукоўцы ды смелыя ў нестандартнасці стылю маладзёны. Напрыклад, вялікі рэзананс атрымалі артыкулы двух Тацян — Шчытцовай і Вадалажскай. Ёсць над чым разважаць: яны сваёй аналітыкай закранулі куды большы чытацкі пласт, чым класныя журналісцкія матэрыялы. Не варта шукаць тут суперніцтва — гэта пра іншае: у цане роздум, аўдыторыя шукае новыя імёны… Але адначасова мяне радуе і тое, што нашыя радыкальна амаложаныя сацсеткі цалкам прымаюць, напрыклад, публіцыстыку Сяргея Законнікава, які куды больш вядомы і блізкі чытачам 45+. Так што можна гаварыць адначасова і пра пераемнасць, сінтэз. Гэта як у жыцці. А значыць, абноўленая журналістыка — жывая.

    Канешне, вельмі хацелася пахваліцца нашым газетным рэдызайнам. Завяршылі яго якраз тады, як нас «падстрэлілі». Безумоўна, выкладаем у інтэрнет PDF-версіі кожнага ненадрукаванага нумара, але ж шмат хто з традыцыйных прыхільнікаў “Свободных новостей” гарой выключна за папяровы фармат.

    Таму паралельна выпускаем скарочаны варыянт нумара: гэта 8 старонак А4, якія лёгка вывесці на прынтары ў каляровай ці ч/б гаме і даць сваім “неоцифрованным” сябрам, знаёмцам. Дарэчы, сярод іншага гэты скарочаны варыянт газеты — адказ і доказ не вельмі дасведчаным крытыкам СН, якія лічаць, што газеце бракуе арыгінальнага кантэнта. А вы пачытайце!

    Што да пажаданняў… Сябры, калегі, у новым годзе будуць новыя выпрабаванні, таму давайце не проста захаваем тую салідарнасць і ўзаемападтрымку, якія маем сёння, але і займеем моцы ўзняць гэтую хвалю яшчэ вышэй. Каб вярнулі акрэдытацыі, рэгістрацыі СМІ, права на друк, каб спынілі гвалт — каб панавала свабода.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці