• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аксана Колб: Сёння мы ўсе TUT.BY. І як бы хто не стараўся, свабоду слова не забіць

    Больш за ўсё на свеце мне хацелася б абняць цябе, Марына. Як ты абняла мяне ў мой першы дзень у СІЗА. Абняць, усміхнуцца і сказаць, што ўсё будзе добра. 

    Раніца 9 студзеня пачнецца для Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай не так як звычайна. Ім раней за ўсіх прынясуць сняданак. А потым павядуць валадарскімі калідорамі ў адстойнік. Прыкладна праз гадзіну, выклічуць па спісе, дадуць з сабой бутэрброд, выведуць на вуліцу, зашчапяць кайданкі і пасадзяць у стакан аўтазака.

    Іх прывязуць задоўга да пачатку пасяджэння. Будуць распранаць, скажуць прысесці некалькі разоў, каб правесці дагляд. Зноў пасадзяць у стакан, на гэты раз у будынку суда. Дзе яны будуць чакаць пачатку судовага паседжання. Тое, што ўлады называюць судом, будзе закрытым. Значыць родныя, магчыма, змогуць убачыць Марыну і Людмілу толькі здалёк. Але гэтыя мужныя жанчыны, якія 600 дзён правялі за кратамі, абавязкова адчуюць нашу падтрымку, якой будзе прасякнуты кожны сантыметр будынка Мінгарсуда.

    600 дзён у СІЗА без суда. Без магчымасці абняць родных і калег.600 дзён у цесных, прапахлых цыгарэтным дымам камерах. Фактычна без сонечнага святла і свежага паветра. З уключаным і днём і ўначы святлом. 600 дзён неба праз краты. Амаль без лістоў. Але пры гэтым з велізарнай падтрымкай усіх людзей па абодва бакі кратаў. І з неверагоднай верай у праўду, справядлівасць, лепшае заўтра і людзей.

    Падтрымка блізкіх, вера ў людзей, у тое, што ў сваім жыцці ты ўсё рабіў правільна і па-іншаму быць не магло, даюць магчымасць там не зламацца, не ўпасці ў дэпрэсію, выстаяць і стаць яшчэ мацней.

    “Побытавыя складанасці — гэта з разраду “з гэтым можна жыць”. — пісала Марына Золатава калегам. — Значна складаней даецца расстанне з сям’ёй. Але ў мяне цудоўныя родныя. Дзеці побач з мужам, так што за іх я спакойная. Я прапусціла ўжо два дні нараджэння сына і два-дачкі. Прапусціла Надзін выпускны і паступленне ў Акадэмію мастацтваў. Гэта, вядома, сумна, але я ведаю, што за гэты час яны, гэта значыць мы, з’ядналіся мацней, а яны сталі дарослымі і самастойнымі. Сын вырас на 10 сантыметраў, а я гэта прапусціла. Я заўсёды кажу, каб кампенсаваць гэта скрадзенае ў нас час, мы проста абавязаны жыць далей».

    Свой дзень я звычайна пачынала з таго, што адкрывала TUT.BY. як і некалькі мільёнаў беларусаў. Мы заходзілі на партал, каб прачытаць праўдзівыя навіны пра тое, што адбываецца ў краіне ад прафесіяналаў журналістыкі. Раніцай 18 мая 2021 года мы даведаліся, што ў рэдакцыі і рэдактараў ператрус, а неўзабаве — і пра тое, што журналісты, рэдактары, менеджары за кратамі.

    Толькі за тое, што рабілі сваю працу сумленна. Праўда, сумленне, гонар і прафесіяналізм цяпер не патрэбныя. Патрэбныя хамства, жахлівая хлусня, адкрытыя абразы. Менавіта гэта ўмеюць рабіць азаронкі-гладкія-красоўскія ды такія ж. Толькі гэта яны і ўмеюць рабіць. І верагодна з пенай і пырскамі сліны будуць паліваць брудам найлепшага рэдактара Беларусі – Марыну Золатаву. Будуць старацца падлавіць самы гідкі кадр, каб потым дадаць атрутны з’едлівы подпіс пад фота на старонках прапагандысцкіх рэсурсаў.

    Але як бы яны не стараліся, Марына і Міла будуць усміхацца. Таму што ведаюць, як мы чакаем гэтыя кадры. Будуць махаць нам рукой. Не гледзячы на кайданкі, у якіх іх будуць трымаць цэлы дзень. Не гледзячы на ўвесь абсурд і недарэчнасць таго, што адбываецца. Не гледзячы на выдуманыя абвінавачванні. Будуць усміхацца і махаць нам рукой. А ўвечары іх зноў адправяць у стакан, зноў у аўтазак, у адстойнік, у камеру… каб на наступны дзень зноў раней за ўсіх прынесці сняданак і даць бутэрброд у суд.

    Што б там не прагучала з вуснаў тых, каго цяпер называюць суддзямі і пракурорамі, мы ж ведаем — Марыну і Мілу катуюць за праўду. За пазіцыю. За сумленнасць і веру ў дабро. Бо так і не зламаліся. За тое, што не гледзячы на пакутлівыя тыдні так званага суда, яны кожны дзень будуць ўсміхацца. І махаць нам рукой.

    А мы кожнай клетачкай сваёй будзем дасылаць ім дабро, падтрымку і вядома ж нашы ўсмешкі. Мы будзем верыць, што свой лепшы ў жыцці рэпартаж Марына Золатава напіша з залы суда, дзе ў клетцы, закутымі ў кайданкі будуць сядзець усе тыя, хто думае, што можа жыць і кіраваць вечна. Хто сёння кідае за краты лепшых людзей Беларусі, хто здзекуецца, абражае і парушае ўсе мажлівыя законы і нормы маралі.

    Гэты лепшы ў сваім жыцці рэпартаж мы будзем пісаць разам. Каця Андрэева будзе весці стрым. Дзяніс Івашын абавязкова правядзе дэталёвае расследаванне, каб ніхто не сышоў ад адказнасці. І ўсе тыя журналісты, якія сёння сустракаюць кожны свой дзень па той бок кратаў, абавязкова зоймуць месцы ў першым шэрагу, каб бачыць вочы тых, хто вырашыў што будзе кіраваць вечна. Ці будуць яны усміхацца і махаць хоць камусьці рукой? Наўрад ці.

    Але пакуль той дзень яшчэ не надышоў, Марына і Міла раніцай 9 студзеня раней за ўсіх з’ядуць свой сняданак, каб потым усміхацца нам у клетцы залы Мінгарсуда, нягледзячы ні на што. І нават ахоўнікі СІЗА будуць шчыра жадаць ім поспеху.

    Больш за ўсё на свеце мне хацелася б абняць цябе, Марына. Як ты абняла мяне ў мой першы дзень у СІЗА. Абняць, усміхнуцца і сказаць, што ўсё будзе добра. Я так і зраблю ў сваіх думках. А ты абавязкова гэта адчуеш. Сёння мы ўсе TUT.BY. І як бы хто не стараўся, свабоду слова не забіць.

    Чытайце яшчэ: 

    Па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць. Зварот рэдакцыі «Люстэрка» ў сувязі з пачаткам суда па справе TUT.BY

    Слонімскі журналіст і літаратуразнавец Сяргей Чыгрын выйшаў на волю пасля арышту

    Правительство ФРГ требует освободить Алеся Беляцкого и 1400 политзаключенных в Беларуси

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці