• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖаўцы Магілёўшчыны падтрымалі пісьменніка-ветэрана Фелікса Шкірманкова

    Сябры ГА “БАЖ” з Магілёўскай вобласці падтрымалі пісьменніка і журналіста, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фелікса Шкірманкова ў цяжкой жыццёвай сітуацыі.

    Напрыканцы мінулага года пісьменнік-ветэран Фелікс Шкірманкоў на ўласным аўтамабілі патрапіў у дарожна-транспартнае здарэнне. 9 лістапада 2016 года Фелікс Уладзіміравіч на аўтамабілі ехаў у бальніцу, каб наведаць там смяротна хворую жонку, і збіў жанчыну-веласіпедыстку. Жанчына атрымала цяжкае цялеснае пашкоджанне — закрыты пералом левай плечавай косткі.

    10 і 15 сакавіка гэтага года ў судзе Слаўгарадскага раёна адбываўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Фелікса Шкірманкова. У гэтыя дні падтрымаць маральна свайго паплечніка і калегу прыехалі аднапартыйцы Фелікса Уладзіміравіча з партыі БНФ, сябры “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

    Падчас суда ветэран распавёў пра свой псіхалагічны стан у момант здарэння. У крытычным стане знаходзілася ў бальніцы яго жонка Вера Васільеўна, з якой яны пражылі разам амаль 70 гадоў. Фелікс Уладзіміравіч прызнаў сваю віну ў тым, што ён здзейсніў ДТЗ, сутыкнуўшыся з веласіпедысткай, аднак катэгарычна адхіліў абвінавачванне ў тым, што ён адмыслова пакінуў месца здарэння, не аказаўшы дапамогі пацярпелай. Па словах ветэрана, ён проста не заўважыў моманту сутыкнення з веласіпедысткай, бо ў гэты час імкнуўся пазбегнуць сутыкнення з іншым аўтамабілем.

    Фелікс Уладзіміравіч прынёс свае глубокія выбачэнні пацярпелай жанчыне. “Не трымайце на мяне зла, і Бог аддасць Вам. Ніякага злога намеру з майго боку  не было і не магло быць”, — сказаў ветэран.

    15 сакавіка суд Слаўгарадскага раёна пакараў Фелікса Шкірманкова 1,5 года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на адзін год. Шкірманкова пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць год і абавязалі выплаціць штраф у памеры 30 базавых велічынь (690 рублёў). Да таго ж ветэран аплоціць усе судовыя выдаткі, выдаткі, звязаныя з правядзеннем экспертыз, і выплаціць на карысць пацярпелай у ДТЗ жанчыны матэрыяльную кампенсацыю ў памеры 5 000 рублёў.

    Пасля заканчэння судовага працэса Фелікс Уладзіміравіч выказаў асабістую падзяку ўсім тым людзям, якія аказвалі яму дапамогу ў цяжкі для яго час, падтрымлівалі маральна падчас судовых паседжанняў.

    Асаблівую падзяку ветэран выказаў сябру БАЖ, выдаўцу газеты “Вольны горад” Уладзіміру Кудраўцаву. Па словах Фелікса Ўладзіміравіча, гэты чалавек не толькі маральна падтрымліваў яго тэлефанаваннямі і сваёй прысутнасцю ў зале судовых пасяджэнняў. Але да таго ж ён дасылаў свайму сябру-ветэрану, які апынуўся ў цяжкой жыццёвай сітуацыі, бандэролі з прадуктамі і грашовыя пераводы. Падчас следства па справе аб ДТЗ згодна пастановы падпалкоўніка Пазнякова быў арыштаваны разліковы рахунак Шкірманкова ў банку, ветэран фактычна застаўся без сродкаў для існавання, бо на гэты рахунак пералічвалася яго пенсія. Такая падтрымка з боку Уладзіміра Кудраўцава не была для ветэрана лішняй.

    Неабходна адзначыць, што Фелікс Уладзіміравіч не адзін год плённа супрацоўнічаў з крычаўскай незалежнай газетай “Вольны горад”. “Вольны горад” і цяпер з задавальненнем друкуе яго новыя вершы і апавяданні.

    Старшыня Магілёўскай суполкі БАЖ Барыс Вырвіч ад імя ўсіх сяброў арганізацыі выказаў словы падтрымкі ветарану, пажадаў яму плёну у яго пісьменніцкай і журналісцкай працы. Таксама ён падараваў Феліксу Уладзіміравічу цікавыя кнігі.

    Аднапартыец Фелікса Шкірманкова, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў запэўніў ветэрана, што ён заўсёды можа быць упэўнены ў падтрымцы з боку сваіх сяброў-аднапартыйцаў.

    Фелікс Уладзіміравіч цёпла развітаўся з сябрамі і калегамі-журналістамі. Ветэран выказаў упэўненасць, што, дзякуючы падтрымцы сяброў, ён яшчэ зможа папрацаваць на карысць роднай Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці