• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяніс Дудзінскі: Прызвычаіцца можна нават да пастаяннай прысутнасці смерці

    Дзяніс Дудзінскі — вядомы беларускі тэлевядоўца і журналіст, які быў вымушаны з’ехаць з Беларусі крыху больш за год таму. Пагутарылі з ім пра жыццё ва Украіне і Польшчы, працу на вайне і дыскрымінацыю беларусаў.

    Ва Украіну Дзяніс Дудзінскі разам з жонкай, Кацярынай Раецкай, прыехалі ў пачатку чэрвеня 2021 года, пасля таго, як да іх прыйшлі сілавікі з ператрусам, а потым выклікалі на допыты тры дні запар.

    «З’язджалі мы не менавіта ва Украіну. Так атрымалася, бо беларусам не трэба было візы ці дазволу каб перасекчы ўкраінскую мяжу, — кажа Дзяніс. — У нас быў маршрут Расея-Арменія-Украіна. Мы планавалі быць там некалькі тыдняў, каб зразумець, куды рухацца далей. Але засталіся надоўга».

    Дзяніс з жонкай жылі б і далей ва Украіне, калі б не пачалася вайна. Цяпер яны ў Польшчы.

    А дагэтуль спрабавалі ўладкаваць свае жыццё — звыкаліся з тэмпераментам украінцаў, атрымлівалі дакументы, каб зрабіць ВНЖ, даведваліся пра бюракратыю ва Украіне. Але з сур’ёзнымі цяжкасцямі, кажа Дзяніс, не сустракаліся.

    «Усё ж украінцы максімальна падобныя да беларусаў — і па характары, і па поглядам на жыццё. А да ўсіх асаблівасцяў у краіне трэба прывыкаць. Паколькі ты госць, як мінімум павінен падстройвацца да ўкраінскага ўкладу жыцця, — лічыць Дзяніс. — Але ўкраінцы больш вольналюбівыя, можа нават з нейкай долей анархіі».

    Безумоўна, Дзяніс сумуе па Беларусі, дзе ён пражыў 47 гадоў.

    «Не так лёгка ўзяць ды й выкінуць такі кавалак жыцця. Мы прызвычайваемся да новага месца жыхарства, але, зразумела, думкі і размовы з сябрамі і таварышамі пра Беларусь. Унутры сям’і сумуем па нашай кватэры, па вуліцах і кафэ Менска, яго золлю, па тым нешматлікім сонечным дням. Усе нашыя сябры раз’ехаліся, таму па іх сумаваць не даводзіцца — сустракаемся ў Францыі, Італіі, Польшчы, Літве. Уся Беларусь зараз «размазана» па іншых краінах».

    Дзяніс плануе вярнуцца ў Беларусь. Не зараз, бо пакуль гэта для яго небяспечна.

    «Мяркую, што 2023–2024 гады будуць вырашальнымі для Беларусі і Усходняй Еўропы. Тое, што зараз адбываецца ва Украіне, — асноватворны фактар», — дзеліцца сваімі думкамі Дзяніс. «Не магу сказаць, што калі ўсё скончыцца, мы адразу ж вернемся ў Беларусь. Усе ж у нас тут ужо з’яўляюцца дамовы і працоўныя кантракты, кантакты, сувязі. Але ў любым выпадку, будзем жыць на дзве краіны і падымаць з руін Беларусь».

    Ва Украіне Дзяніс Дудзінскі пачаў працаваць на тэлеканале Белсат, вёў гумарыстычна-іранічную праграму «Хай так TV». Пасля пачатку вайны, ужо знаходзячыся ў Польшчы, прапанаваў тэлеканалу сябе ў якасці рэпарцёра ва Украіне. Калегі адказалі адразу: «Добра, давай!»

    Але спачатку Дзяніс збіраўся паехаць на вайну, каб абараняць Украіну са зброяй.

    «Рашэнне працаваць менавіта журналістам на вайне прыйшло не адразу. Я хацеў пайсці ў тэрытарыяльную абарону, але атрымаў адмову: у мяне няма аніякага ваеннага досведу, спецыяльнасці, і, галоўнае, я беларус — гэта ўсё было перашкодай. Я двойчы звяртаўся ва ўкраінскае прадстаўніцтва, але там мне казалі: «Не трэба».

    Праз дзесьці 10 дзён пасля прапановы працаваць на вайне журналістам Дзяніс вярнуўся ва Украіну. Ужо як рэпарцёр. Яму давялося прызвычайвацца да паветранай трывогі, выбухаў і смерці. Але пра свае рашэнне ён не шкадуе.

    «Калі здараюцца самыя важныя, самыя вострыя падзеі ў свеце, журналістам хочацца быць там, бачыць усё на свае вочы і мець свае ўяўленне, якое не будзе грунтавацца на меркаванні іншых людзей. І вось гэта ўсе дакладна, слова ў слова, данесці да слухачоў, гледачоў і чытачоў», — кажа Дзяніс.

    Дзяніс распавёў і пра новую працу.

    «Самае жудаснае пачуцце, вядома, калі ты чуеш паветраную трывогу. Першы час у цябе ўнутры ўсё пераварочваецца, ты бярэш свае рэчы з думкамі «Трэба кудысьці бегчы, хавацца». Праз тыдзень ужо ўспрымаеш трывогу спакойна. Праз яшчэ тыдзень — яе не заўважаеш. Мы маглі сядзець з аператарам, глядзець тэлевізар і хтосьці з нас кажа: «Слухай, штосьці даўно трывогі не было. Ці была?» Потым глядзіш у тэлефон — так, была трывога, пакуль ты фільм глядзеў. На фізічным узроўні, сапраўды, не чуеш яе ўжо. Ці, дапусцім, выбух у 2–3 кіламетраў ад цябе — гэта гучна, дрыжаць шыбы, унутры ўсё вібрыруе. І спачатку цябе гэта ўсё вельмі пужае. Але потым становіцца фонавым шумам. Гэта нармальна, для цябе ўсе гэтыя гукі — працоўныя ўмовы».

    Праца на вайне гэта не толькі небяспека, а яшчэ й заўсёды быць побач з смерцю. Але не яна ўражвала Дзяніса больш за ўсё. Вельмі ўзрушвалі гісторыі людзей, якія страчвалі свае сем’і й і дамы.

    «Вось сядзіць жанчына. Пад руінамі яе хаты, у якую трапіў снарад, дзесьці ляжаць яе дзеці і муж. Яна нават не плача ўжо. Яна не ведае што рабіць», — распавядае Дзяніс. — У Чарнігаве снарад трапіў у шматпавярховы будынак. У адной з кватэр загінула ўся сям’я — хлопчык 13 гадоў, дзяўчынкі-блізняты па 2 ці 3 гады, іх маці і бацька. Застаўся адзін дзед, які ў гэты час быў на прабежцы. Проста ранішняя прабежка. І вось гэта самае страшнае, што можна ўбачыць. Дзед стаяў на руінах будынка. Ён звар’яцеў, як нам потым растлумачылі мясцовыя жыхары. Яны за ім даглядаюць. Цяпер дзед проста ходзіць па вуліцы і мыкае. Прыгожы мужчына, гадоў 60, напэўна, італьянскай знешнасці, спартыўнага целаскладу. І вось у дзядулі было шчасце і ў адно імгненне нічога не засталося. Нават яго самога».

    Але, як кажа Дзяніс, прызвычаіцца можна нават да пастаяннай прысутнасці смерці.

    «Безумоўна, ты штодзень адчуваеш яе. Ты чуеш яе гукі — рэгулярныя абстрэлы ды выбухі. Але ты рэпарцёр, гэта твая праца. Ты дзеля гэтага сюды прыехаў. Едзеш здымаць разбурэнні й трупы — кагосьці проста разарвала, кагосьці размазала. Але табе трэба гутарыць з пацярпелымі, тымі, хто выжыў, распытваць — што здарылася, калі здарылася… Выцягваць інфармацыю ў сваякоў загінулых. Ты бачыш смерць — вось яна ляжыць фізічна, і бачыш яе ў вачох жанчыны, якая аплаквае гэтага чалавека. І якой ты ніяк не можаш дапамагчы».

    Пасля таго, як Дзяніс вярнуўся з вайны ў Польшчу, ён імкнецца максімальна насалоджвацца жыццём побач з жонкай, стасункамі з сябрамі. Аднак знаходжанне на вайне змяніла яго штодзённае жыццё.

    «Зразумела, вайна ўплывае на светаадчуванне кожнага чалавека і на разуменне таго, што адбываецца вакол. Перш за ўсё, я перастаў звяртаць увагу на ўсялякія дробязі. Ты пачынаеш шанаваць простыя радасці — сонца, дождж, восень… Я побач з жонкай. Гэта цудоўна. Вось гэта і ёсць шчасце, якое ты цэніш тут і зараз. Ты прачнуўся. Гэта ўжо добра. Дзейнічай — табе далі магчымасць прачнуцца жывым і здаровым. Далі магчымасць распараджацца часам. Ціхая, спакойная радасць — вось як бы я апісаў свае жыццё ў Польшчы зараз».

    Планаў на будучыню Дзяніс не будуе: ідзе вайна, і ніхто не ведае, што будзе заўтра. Тым не менш, ва Украіну ён паедзе зноў.

    «Пакуль вайна там не скончыцца, гэта будзе дратаваць усіх нас, і таксама з журналісцкага пункту гледжання. Мяркую, канал пагадзіцца з маім рашэннем. Усе неабходныя дакументы для гэтага ў мяне ёсць».

    Зараз складана зразумець, як украінцы ставяцца да беларусаў, пакуль на тэрыторыі нашай краіны знаходзяцца расейскія войскі, і ў той ж час за мяжой шмат беларусаў дапамагаюць украінцам чым могуць, а беларускія байцы ваююць на боку Украіны. Спыталі ў Дзяніса, ці сустракаўся ён з дыскрымінацыяй за тое, што беларус.

    «Я ніколі не саромеўся таго, што я беларус. Але тут пытанне не ў гэтым. У некаторых сітуацыях, знаходзячыся ва Украіне, куды ляцяць ракеты з тэрыторыі Беларусі, я лічыў, напрыклад, на блокпосту, задвігаць гэта на задні план. Калі пыталіся адкуль мы, я, пакуль шукаў дакументы, казаў: «Мы польскае, польскае (падкрэслівае) тэлебачанне». Ну, а потым ужо паказваў беларускі пашпарт. Зразумела, ніхто нам не казаў: «Ах вы, гады!» Было неяк, што прадстаўнік аховы сказаў: «Эх, ну што ж вы, беларусы, ну як жа так, мы ж вас так любілі» (смяецца). І потым дадаў: «Мы разумеем, што гэта не вы, а Лукашэнка ўсё».

    Украінцы — як вайскоўцы, так і мірныя жыхары, безумоўна, падзяляюць беларусаў і лукашэнкаўскі рэжым. Так што з дыскрымінацыяй не сутыкаўся, быў гумар ды іронія. Ніякага негатыву. Ну і, канечне ж, часам украінцы на блокпасту з сур’ёзным выглядам глядзелі мой пашпарт, потым ціхенька схіляліся і казалі: «Дык адкуль рыхтаваўся напад? Ха-ха-ха».

    Чытайце яшчэ: 

    Першая цэль для ўзурпатараў. Тлумачым, для чаго грамадству незалежныя СМІ і чаму іх так не любяць аўтарытарныя рэжымы

    «Мы обязаны жить дальше, чтобы вернуть украденное время». Свой день рождения Марина Золотова проводит в СИЗО, публикуем отрывки ее писем

    Провал краш-теста. Публицист Иван Давыдов о том, как изменилась российская пропаганда после 24 февраля

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці