• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Першая цэль для ўзурпатараў. Тлумачым, для чаго грамадству незалежныя СМІ і чаму іх так не любяць аўтарытарныя рэжымы

    З лета 2020 года супрацьстаянне беларускіх уладаў і незалежных СМІ зрабілася асабліва жорсткім. Для здушэння свабоды слова першыя адкрыта выкарыстоўваюць рэпрэсіі — толькі за кратамі цяпер знаходзяцца 32 супрацоўнікі незалежных медыя. А ёсць яшчэ і мноства іншых інструментаў ціску, якімі карыстаюцца ўлады: пагрозы, закрыццё выданняў і абмежаванне да іх доступу. Гэта прывяло да амаль поўнага знішчэння незалежнай журналістыкі ўнутры краіны і эвакуацыі таго, што ад яе засталося, за мяжу. Што гэта значыць для беларускага грамадства і для чаго наогул патрэбныя свабодныя СМІ? Разбіраецца  Zerkalo.io ў новым праекце.

    Кароткія ўводзіны: як наогул зразумець, дэмакратыя перад намі ці не

    Большасць сучасных аўтарытарных і нават таталітарных рэжымаў «прыкідваюцца» дэмакратыямі, выкарыстоўваючы вонкавыя атрыбуты народаўладдзя. І ў Іране, і ў Беларусі, і ў Расіі, і нават у Паўночнай Карэі праходзяць выбары, існуюць розныя палітычныя партыі — фармальна ўсё гэта выглядае як дэмакратычны лад. Як правіла, у такіх краінах дэкларуецца, што крыніцай дзяржаўнай улады з’яўляецца народ (а гэта і ёсць ключавое адрозненне дэмакратыі). Нарэшце, дэмакратычная, рэспубліканская форма кіравання замацаваная ў іх канстытуцыях. У прыватнасці, нават у цяперашнім, неаднаразова змененым, і дапоўненым у перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі выглядзе, Канстытуцыя Беларусі:

    • пацвярджае прыхільнасць агульначалавечым каштоўнасцям;

    • абвяшчае Рэспубліку Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай;

    • абвяшчае, што найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі;

    • сцвярджае, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту дзяржавы з’яўляецца народ.

    Але неадпаведнасць фармальнага апісання сутнасці хутка становіцца відавочным — напрыклад, калі тысячы чалавек аказваюцца ў турмах праз свае палітычныя перакананні. Спрабуючы хоць неяк прымірыць рэальнасць з палажэннямі, апісанымі ў галоўных законах, палітычныя эліты вымушаныя прыдумляць супярэчлівыя ідэалагічныя канцэпцыі накшталт «суверэннай дэмакратыі». Згаджаючыся з тым, што дэмакратыя — гэта, увогуле, нядрэнна, ідэолагі некаторых дзяржаваў спрабуюць даказаць, што ўніверсальных дэмакратычных прынцыпаў, прыдатных для выкарыстання ва ўсіх краінах, не існуе. І захаванне некаторых з іх, напрыклад, правоў чалавека, для пабудовы дэмакратычнай дзяржавы ў асобна ўзятай краіне можа быць зусім не патрэбнае.

    Тым часам па-сапраўднаму дэмакратычная дзяржава мае абавязковы набор атрыбутаў, без якіх дэмакратыя як сістэма наогул не здольная эфектыўна працаваць. Менавіта іх наяўнасць альбо адсутнасць дазваляе класіфікаваць дзяржавы як больш і менш дэмакратычныя ці зусім не дэмакратычныя. Сярод тых атрыбуаў, што згадваюцца часцей за ўсё, можна вылучыць наступныя:

    • свабодныя і сумленныя выбары;

    • падзел уладаў на не залежныя адна ад адной галіны;

    • паўнавартаснае мясцовае самакіраванне ў сукупнасці з развітай грамадзянскай супольнасцю;

    • свабодная рынкавая эканоміка;

    • свабодны доступ грамадзян да разнастайных крыніц інфармацыі, якія не кантралююцца нейкай адной палітычнай сілай.

    З апошняга, не самага відавочнага, і пачнём.

    Як недэмакратычныя рэжымы змагаюцца са свабоднымі мас-медыя

    Журналісты недзяржаўных СМІ вельмі часта трапляюць пад удар рэжымаў, якія імкнуцца падоўжыць сваё знаходжанне ва ўладзе. Беларусы з гэтым вельмі добра знаёмыя. Ужо ў канцы 1994 года, неўзабаве пасля першых прэзідэнцкіх выбараў, многія газеты краіны выйшлі з белымі плямамі на першых палосах. З дапамогай цэнзуры новыя ўлады перашкаджалі выхаду даклада дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі.

    Каб ўтрымліваць уладу цяшам чвэрці стагоддзя, аўтарытарны беларускі рэжым увесь гэты час з зайздроснай упартасцю знішчаў свабодныя СМІ. З 1995 па 2019 год ім былі закрытыя радыёстанцыі «Радыё 101,2», «Авторадио», газеты «Свабода», «Навіны», «Имя», «Пагоня», «Наша Свабода», «День», «Белорусская деловая газета» і многія іншыя. Паралельна пераследу падвяргаліся асобныя супрацоўнікі гэтых і іншых альтэрнатыўных дзяржаўным крыніц інфармацыі.

    Але нягледзячы на пастаянны прэсінг, беларускія свабодныя СМІ працягвалі існаваць у аўтарытарнай дзяржаве і выконваць сваю працу. Самы магутны ўдар па іх быў нанесены падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі ўлады ажыццявілі татальную зачыстку інфармацыйнага поля краіны. У гэты перыяд пад нож пайшлі амаль усе не залежныя ад дзяржавы беларускія СМІ, якія яшчэ заставаліся ў Беларусі, уключаючы самы наведвальны інфармацыйны партал краіны TUT.BY. Дзясяткі журналістаў былі пазбаўленыя волі, многія з іх пацярпелі ад рук супрацоўнікаў сілавых ведамстваў падчас выканання сваёй працы. У выніку цяпер практычна ўся свабодная беларуская журналістыка (за вельмі рэдкімі выключэннямі) працуе па-за Беларуссю.

    Флагманам нацысцкай прэсы стала газета VB (Völkisch­er Beobachter, у перакладзе з нямецкай — «Народны аглядальнік»), афіцыйнае друкаванае выданне Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП). Яе былі абавязаныя выпісваць усе органы ўлады і супрацоўнікі дзяржаўных арганізацый. Саюз газетна-часопісных выдаўцоў Германіі з грамадскай арганізацыі быў ператвораны нацыстамі ў ведамства, падпарадкаванае партыйнаму чыноўніку — райхсляйтару па справах прэсы. Дарэчы, беларускія ўлады не сталі так замарочвацца, а проста ліквідавалі няўрадавую Беларускую асацыяцыю журналістаў. Нарэшце, з 1935 года «журналістам» ў Германіі мог быць толькі нацыст, то-бок сябар кіраўнічай НСДАП.

    Наяўнасць дакладных і незалежных ад дзяржавы крыніц інфармацыі неабходная толькі дэмакратычным краінам. Чым менш дэмакратычны рэжым, тым часцей і ахвотней ён выкарыстоўвае цэнзуру, прапаганду і дэзінфармацыю. А самі незалежныя СМІ для аўтарытарных рэжымаў увогуле небяспечныя, бо, паведамляючы праўдзівую інфармацыю, здольныя падарваць іх легітымнасьць, пабудаваную на скажэнні фактаў. Так, менавіта дзякуючы не залежным ад дзяржавы навінавым інтэрнэт-рэсурсам і іншым медыя, якія ў 2020 годзе засталіся ў Беларусі, беларусы даведваліся пра парушэнні ўладамі закона падчас перадвыбарчай кампаніі, пра фальсіфікацыі падчас падліку галасоў, пратэсты грамадзян і хвалю гвалту з боку рэжыму пасля гэтага.

    Невыпадкова адным з першых дзеянняў, да якіх рэгулярна звяртаюцца многія сучасныя дыктатарскія рэжымы ў выпадку пратэстаў, становіцца частковая ці поўная блакіроўка інтэрнэту — самага эфектыўнага ў наш час сродку распаўсюджвання інфармацыі. Аўтарытарная і карумпаваная ўлада баіцца, што людзі даведаюцца праўду пра тое, што адбываецца — і імкнецца да таго, каб усе СМІ былі падкантрольныя ёй. Яскравая прыкмета аўтакратычнага рэжыму: усе ці пераважная большасць буйных СМІ ў краіне кантралююцца дзяржавай. І наадварот, чым больш дэмакратычным робіцца грамадства, тым больш разнастайным і складаным робіцца яе медыйны ландшафт.

    Ці можна пабудаваць паспяховую дзяржаву без свабодных медыя?

    Кароткі адказ — не.

    Сувязь паміж свабодай СМІ ў дзяржаве і ўзроўнем дабрабыту яго грамадзян вельмі добра прасочваецца пры супастаўленні індэкса свабоды прэсы, які падлічваецца штогод арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў», і эканамічнымі паказчыкамі, такімі, як памер унутранага валавага прадукту на душу насельніцтва (паводле дадзеных Сусветнага банка). З аднаго боку, сярод краін з самай свабоднай прэсай бедных няма наогул. Вось спіс першага дзясятка дзяржаваў з самымі свабоднымі СМІ ў 2022 годзе:

    1. Нарвегія (з індэксам 92,65 — знаходзіцца на шостым месцы ў свеце сярод дзяржаваў па ВУП на душу насельніцтва з 89 203 далярамі);
    2. Данія (90,27 — дзясятае месца ў свеце, 67 803 даляры);
    3. Швецыя (88,84 — 12‑е месца, 60 239 даляраў);
    4. Эстонія (88,83 — 36‑е месца ў свеце і 1‑е на постсавецкай прасторы, 27 281 даляр);
    5. Фінляндыя (88,42 — 15‑е месца, 53 983 даляры);
    6. Ірландыя (88,3 — 4‑е месца, 99 152 даляры);
    7. Партугалія (87,02 — 39‑е месца, 24 262 даляры);
    8. Коста-Рыка (85,92 — 62‑е месца ў свеце, 12 509 даляраў);
    9. Літва (84,14 — 41‑е месца ў свеце, 23 433 даляры і 2‑е на постсавецкай прасторы);
    10. Ліхтэнштэйн (84,03 — 2‑е месца ў свеце, 169 049 даляраў).

    З іншага боку, ні адна з краін з найменш свабоднымі СМІ не можа пахваліцца высокім узроўнем дабрабыту людзей. У рэйтынгу «Рэпарцёраў без межаў» за 2022 год ацэньваліся 180 дзяржаваў, і апошнімі з іх былі:

    176. М’янма (25,03, 165‑е месца па ВУП на душу насельніцтва, 1187 даляраў);
    177. Туркменістан (25,01, 83‑е месца, 7104 даляры);
    178. Іран (23,22, дадзеныя па ВУП гэтай краіны вельмі адрозніваюцца праз велізарную розніцу паміж афіцыйным і рынкавым курсамі іранскага рыяла і знаходзяцца ў прамежку паміж 2757 і 23 034 далярамі на душу насельніцтва);
    179. Эрытрэя (19,62, 184‑е месца, 643 даляры);
    180. Паўночная Карэя (13,92, па ВУП на душу насельніцтва ёсць толькі дадзеныя ААН за 2020 год — 181‑е месца, 618 даляраў).

    Для параўнання, Беларусь у 2022 годзе знаходзіцца ў рэйтынгу свабоды прэсы на 153‑м месцы з індэксам 39,62 — паміж Таджыкістанам і Азербайджанам, апярэджваючы на два радкі Расію. ВУП Беларусі на душу насельніцтва, паводле звестак Сусветнага банка, ацэньваецца ў 7304 даляры — 87‑е месца ў свеце і адно з апошніх у Еўропе.

    Чаму СМІ называюць «чацвёртай уладай»?

    Сродкі масавай інфармацыі, вядома, не галіна ўлады ў тым сэнсе, у якім імі традыцыйна лічацца тры іншыя: заканадаўчая, выканаўчая і судовая. Але менавіта свабодныя медыя ў грамадствах з ужо дзейнымі дэмакратычнымі інстытутамі дапамагаюць сістэме падзелу ўладаў і граюць ролю засцерагальнікаў, якія не дазваляюць дэмакратыі скаціцца да дыктатуры (што, вядома, не выключае такой магчымасці цалкам — калі грамадства не гатовае ўставаць на абарону свабодных СМІ, іх лёгка разграміць).

    Асабліва вялікая роля медыя ў дзяржавах з гібрыднымі рэжымамі, якія спалучаюць у сабе аўтарытарныя і дэмакратычныя рысы. Наяўнасць свабоднага доступу да інфармацыі для грамадзян такіх краін не дазваляе дэмакратычнай трансфармацыі замерці на палове шляху. Так, наяўнасць не залежных ад дзяржавы СМІ адыграла велізарную ролю ў тым, што Украіна за прэзідэнтам Віктарам Януковічам не стала аўтарытарнай дзяржавай.

    Наадварот, дрэйф гібрыдных рэжымаў у бок паўнавартаснага аўтарытарызму суправаджаецца прыгнётам незалежных СМІ з боку ўладаў — як, напрыклад, гэта адбываецца ў апошнія гады ў Турцыі і Расіі.

    Пры гэтым не варта лічыць, што свабодныя медыя заўсёды мусяць быць апанентамі ўлады, якія замінаюць ёй працаваць. Ва ўмовах дзейнай дэмакратыі незалежныя СМІ забяспечваюць камунікацыю паміж дзяржавай і грамадствам, даюць магчымасць быць пачутымі ўсім. З аднаго боку, журналісты пераводзяць для грамадзян дзеянні і рашэнні ўлады на «чалавечую мову», з другога — забяспечваюць зваротную сувязь ад грамадства да ўлады. А гэта, у сваю чаргу, дапамагае чыноўнікам адэкватна ацэньваць сітуацыю і прымаць правільныя рашэнні.

    Чытаць яшчэ:

    «Мы обязаны жить дальше, чтобы вернуть украденное время». Свой день рождения Марина Золотова проводит в СИЗО, публикуем отрывки ее писем

    “Намінанты на сабе зазналі, што такое ціск улады”. Названыя лепшыя публікацыі ў рэгіянальных медыя па версіі Асацыяцыі выдаўцоў

    «Усё кепска. Трасуцца рукі і ногі»,— бацька журналісткі Ксеніі Луцкінай пра стан яе здароўя за кратамі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці