• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гісторык, кінадакумэнталістка, ні дня не працавала ў навінах. Гісторыя Ксеніі Луцкінай

    Першага верасьня ў Вярхоўным судзе пачынаецца працэс над былой журналісткай БТ, сябрам Каардынацыйнай рады Ксеніяй Луцкіной. Ёй пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. "Радыё Свабода" расказвае, чым яна займалася.

    Ксенія нарадзілася ў расейскай Пермі, дзе ў ракетнай вучэльні вучыўся ейны бацька. Потым сям’я жыла ў Петрыкаве і Слуцку. Дзяўчына захаплялася гісторыяй, займала прызавыя месцы на алімпіядах. З чырвоным дыплёмам скончыла гістфак БДУ.

    Разам зь сябрам падала заяўкі з канкрэтнымі праектамі на тэлевізію, сябра ўзялі на АНТ, Ксенію — на БТ. У 24 гады (у 2008‑м) стала шэф-рэдактаркай студыі дакумэнтальнага кіно.

    У 2013 годзе яна скончыла асьпірантуру. На БТ Ксенія адпрацавала 15 гадоў: здымала выключна дакумэнтальныя фільмы, гістарычныя рэпартажы.

    Зь ліста Ксеніі Луцкіной бацьку:

    «Вялікай Айчыннай я займалася як дакумэнталіст. Як дасьледчыка мае тэмы — гісторыя БССР, культура Беларусі другой паловы ХХ стагодзьдзя. Проста здолела сумясьціць дзьве прафэсіі. Тэлевізійнік я да мозгу касьцей, як і гісторык… У навінах ніколі не працавала. Ад пачатку разьвівалася ў навукова-асьветніцкім, папулярным жанрах».

    На сайце Белтэлерадыёкампаніі дагэтуль дсясяткі фільмаў Луцкіной

    Ксенія прапанавала свой аўтарскі праект «Ter­ra incog­ni­ta» («Невядомая Беларусь»), зьняла звыш 140 праграм, якія выходзілі кожную пятніцу, а таксама больш за 20 дакумэнтальных фільмаў. За гэты цыкль яе каманда атрымала дзьве нацыянальныя прэміі «Тэлевяршыня» — за найлепшую тэматычную праграму і за найлепшы дызайн.

    Дагэтуль на сайце Белтэлерадыёкампаніі можна знайсьці дзясяткі фільмаў Ксеніі з цыклю «Тer­ra Іncog­ni­ta».

    Яшчэ адну «Тэлевяршыню» Ксенія заваявала за цыкль з чатырох дакумэнтальных фільмаў да 30-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы «Зямля страчаная. Зямля здабытая». Чарнобыльскі цыкль Ксенія прысьвяціла сваёй бабулі-ліквідатарцы, якая працавала ў адміністрацыі Магілёўскай вобласьці, атрымала вялікую дозу апраменьваньня, захварэла на рак і памерла.

    Яшчэ адзін праект Луцкіной — пра Другую сусьветную вайну: «1418 дзён. Гісторыя перамогі», зьняты ў 2020 годзе.

    Зь ліста Ксеніі Луцкіной родным:

    «Па словах экспэртаў, „1418 дзён“ — мая найлепшая праца. Яна вельмі важная для мяне з многіх прычынаў. Самае важнае — я людзей паказала ў тых абставінах, перажыць якія ня ўсім пад сілу. Думала пра сваіх продкаў, калі пісала…

    Цяпер сама ў падобных абставінах… Бачыш, як жыцьцё паварочваецца…»

    «Трымайцеся! І ўсьміхайцеся кожнаму новаму дню»

    Адразу пасьля выбараў 2020 году Ксенія далучылася да страйку, звольнілася з БТ і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады.

    Ксенію Луцкіну затрымалі 22 сьнежня 2020 году, у адзін дзень з супрацоўнікамі «Прэс-клюбу». Больш за яе да суду ўтрымліваюць за кратамі толькі сына Віктара Бабарыкі Эдуарда, якога затрымалі на паўгода раней.

    Спачатку яе вінавацілі ў нясплаце падаткаў. Калі ў жніўні 2021 году справу «Прэс-клюбу» закрылі, Ксеніі выставілі новае абвінавачаньне — паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).

    Генпракуратура Беларусі сьцьвярджае, што Ксенія Луцкіна нібыта займалася стварэньнем «грамадзкай беларускай інтэрактыўнай тэлевізіі, мэта якой — утойваньне і скажэньне рэальных фактаў, эскаляцыя пратэставай актыўнасьці, стымуляваньне расколу ў беларускім грамадзтве, фармаваньне ў людзей нэгатыўнай думкі аб дзейнасьці дзяржорганаў».

    Ксенія з турмы піша вельмі аптымістычныя лісты сябрам. На аркушы заўсёды пакідае свой фірмовы лягатып: чырвонае сэрцайка і подпіс: «Усё будзе добра».

    Зь ліста Ксеніі Луцкіной сяброўцы:

    «Галоўнае сонца ў чалавека ня звонку, а ўнутры. Ад яго і ўсьмешкі ў вачах, адсутнасьць жаху перад нечым новым, і ўменьне любіць, не баяцца нічога! Трымайцеся! І ўсьміхайцеся кожнаму новаму дню».

    На Валадарцы ў Ксеніі пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, Абвастрылася бранхіяльная астма. У 2014 годзе Ксеніі зрабілі складаную нэўралягічную апэрацыю: выдалілі дзьве пухліны ў мозгу. Цяпер пухліна зноў зьявілася і расьце.

    У Ксеніі ёсьць 10-гадовы сын Мацьвей, якога цяпер выхоўвае яе бацька.

    Чытайце яшчэ:

    «Гляджу на фота і дзіву даюся, як мяняецца сын». Што піша з‑за кратаў журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык

    Сёння Дзень нараджэння за кратамі адзначае наш калега Аляксандр Любянчук

    Шведскі інстытут FOJO святкуе 50-годдзе. 25 з іх ён дапамагае беларускаму медыясектару

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці