• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду». Блогераў Кабанава і Пятрухіна выдалілі з суда над імі ж — РЭПАРТАЖ з закрытага паседжання

    11 лютага пачаўся суд над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Але іх судзяць не ў Брэсце і нават не ў Брэсцкай вобласці. Справу разглядае суд Кастрычніцкага раёна Магілёва.

    Пятрухін і Кабанаў — вядомыя блогеры і актывісты. Яны звярталі ўвагу на мясцовыя праблемы, выкладвалі ролікі на Ютубе, спрабавалі балатавацца ў дэпутаты. Абодвух затрымалі яшчэ ўлетку.

    Кабанаў знік 15 чэрвеня, калі пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантроля па адбыцці каранціна. Блогер атрымаў 15 сутак, прапаў з ізалятара і ўрэшце знайшоўся ў Мінску на Валадарцы.

    Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня ў вёсцы пад Пухавічамі, пасля чаго таксама адвезлі ў мінскае СІЗА. 

    З таго часу блогераў утрымлівалі на Валадарцы. Праваабаронцы прызналі і Пятрухіна, і Кабанава палітвязнямі.

    Блогерам выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама іх вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады, а Сяргея Пятрухіна яшчэ і ў абразе суддзі.

    Цяпер блогерам пагражае да 3 гадоў калоніі. 

    Негледзячы на тое, што суд праходзіць у Магілёве, людзі прыйшлі падтрымаць блогераў. З Мінска прыехалі былы і цяперашні лідары АГП Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў. 

    Але ж — сюрпрыз! — адкрытае пасяджэнне аказалася па факце закрытым. Проста на лесвіцы ўсталі двое міліцыянтаў, якія аб’явілі людзям, што ў залу суда іх не пусцяць.

    «Там дастатковая колькасць народу, зала запоўненая», — паведамілі міліцыянты. 

    У выніку карэспандэнту «Нашай Нівы» атрымалася трапіць на працэс. Нікога з мясцовай незалежнай прэсы ці сяброў блогераў не пусцілі.

    І так малую судовую залу забілі студэнтамі, якіх рассадзілі праз аднаго. Пятрухін і Кабанаў у клетцы, каля яе аж 4 міліцыянты ў бронекамізэльках. І гэта прытым што пасяджэнне праходзіць на паўпадвальным паверсе, яшчэ некалькі міліцыянтаў дзяжураць звонку ля дзвярэй, а выхады на лесвіцу замкнёныя на замкі!

    Пятрухін у бадзёрым настроі, кажа студэнтам:

    «Вы глядзіце, дзеткі, глядзіце. Вам яшчэ ў гэтай сістэме прыйдзецца працаваць — але спадзяюся, што і не» 

    Пасля разважае ўслых: «Так, нам дадуць тры гады… Але ў калоніі лепш, чым у турме».

    Кабанаў спакойны, але слухаючы развагі свайго сябра, пасміхаецца.

    Сяргея Пятрухіна абараняе адвакатка Ірына Точкар, Аляксандра Кабанава — адвакатка Галіна Азоліна.

    На пачатку працэса Сяргей Пятрухін заявіў адвод і суддзі Вользе Краўчанка, і дзяржабвінаваўцы. Натуральна, гэтыя хадайніцтвы не задаволілі. Пасля адводы заявіў і Аляксандр Кабанаў. 

    «Ёсць народная мудрасць: сумленне — найлепшы кантралёр. Вы — і абвінаваўца, і суддзя — працягнулі мне тэрмін знаходжання пад вартай, — прамовіў Кабанаў. — У кагосьці пачуццё самазахавання перамагло сумленне. Я і Пятрухін — невінаватыя, але замест таго, каб разабрацца, вы нам працягнулі тэрмін пад вартай. Значыць, альбо на вас ідзе ціск, альбо вы некампетэтныя. А такім людзям я не магу даверыць разгляд маёй справы.

    Ды і паглядзіце, як праходзіць працэс: не пусцілі прэсу, не пусцілі блізкіх, якія адмыслова ехалі сюды, а нагналі студэнтаў і зладзілі цырк».

    Таксама ён дадаў:

    «Пракуратура не завяла справу пасля фальсіфікацый на выбарах, таксама за 20 гадоў так і не знайшлі забойцаў Захаранкі. Адпаведна, следчыя ворганы і пракуратура — прафнепрыдатныя. Адпаведна, я заяўляю адвод абінаваўцу ў сувязі з профнепрыдатнасцю». 

    Суддзя выйшла, каб прыняць рашэнне. Пакуль цягнуўся перапынак, Пятрухін прапанаваў студэнтам: «Хочаце, распавяду пра турму, каб не баяліся?»

    Але ж моладзь чамусьці не адгукнулася на прапанову.

    Чакана, што хадайніцтвы Кабанава таксама не задаволілі.

    Затым суддзя занялася разглядам хадайніцтваў, якія папярэдне паступілі ў суд поштай.

    Сяргей Пятрухін 24 студзеня прасіў прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы суда.

    «Мне трэба пераканацца, што мяне судзіць законна створаны суд. Кім і калі створаны суд Кастрычніцкага раёна Магілёва? Нейкі дэкрэт ці пастанову, кім і калі створаны суд, вось што я прашу прадаставіць», — растлумачыў на працэсе Пятрухін. 

    Кабанаў падтрымаў хадайніцтва, пракурор — не. Суддзя Краўчанка хадайніцтва не задаволіла — «гэта не тычыцца абставінаў справы, якая разглядаецца».

    У наступным хадайніцтве Пятрухін просіць даць прававую адзнаку свайму затрыманню. Суддзя, спачатку не агучыўшы цалкам хадайніцтва, спытала, ці падтрымілівае яго сам абвінавачаны.

    «Дачытайце, там усё напісана. Вы не разумееце беларускую ці ў мяне дрэнны почырк?» — прамовіў блогер.

    Пракурорка папрасіла зрабіць Пятрухіну заўвагу, суддзя Краўчанка гэтую заўвагу вынесла.

    І апошняе хадайніцтва Пятрухіна, дасланае поштай: аб змене меры стрымання на падпіску аб нявыездзе ці хатні арышт.

    Пятрухін таксама выказаўся, каб і гэтае яго хадайніцтва зачыталі цалкам:

    «Бо ў ім падрабязна распісана пра следства, пра тое, як у турме ціснулі на мяне, не даваючы лістоў. Зразумейце — мяне судзяць за тое, што я кажу. Бо я казаў: не бойцеся, давайце выбіраць сябе новага прэзідэнта. А нейкай іншай небяспекі, небяспечных дзеянняў я з сябе не ўяўляю. У мяне малы сын, якога я выхоўваю ў любові да гісторыі і мовы, і збягаць я нікуды не збіраюся. Хаця б таму, што мяне паўсюль ведаюць».

    Але абодва хадайніцтвы блогера суддзя Краўчанка не задаволіла.

    Пятрухін не спыніўся і заявіў яшчэ адно хадайніцтва.

    «Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва падпарадкоўваецца Магілёўскаму абласному суду.

    Але Магілёўскі абласны суд не мае даты рэгістрацыі як юрасобы і не мае звестак аб рэгіструючым органе, то-бок не можа выконваць юрыдычную дзейнасць, — сказаў Сяргей. — Гэты суд існуе, але належным чынам ён не створаны — паводле заканадаўства, ён не можа ажыццяўляць сваю дзейнасць».

    Сваё хадайніцтва Пятрухін папрасіў далучыць да справы. Таксама ён папрасіў прадаставіць яму дакументы з юрыдычнымі абгрунтаваннямі працы і дзейнасці суда Кастрычніцкага раёна.

    «Я ж хачу, каб усё было па законе ў нашай краіне, у нашай любімай Беларусі», — сказаў ён.

    Рашэнне суддзі нікога не здзівіла: хадайніцтва блогера да справы далучаць, але ніякіх звестак прадастаўляць ніхто не будзе. 

    Але і гэта было не ўсё.

    «Вытворчасць па справе вядзецца на беларускай ці рускай мове. Я прашу разглядаць маю справу на маёй роднай беларускай і, падкрэсліваю, дзяржаўнай мове!» — заявіў наступнае хадайніцтва Пятрухін.

    Пракурорка выказалася супраць: маўляў, і ў школе абвінавачаны вывучаў рускую, і ва ўніверсітэце адвучыўся адзін курс на настаўніка рускай мовы. Акрамя таго, вёў сацсеткі, здымаў ролікі і падчас следства гаварыў на рускай мове. Значыць, рускай валодае ў поўнай меры.

    Хадайніцтва не задаволілі, канечне. 

    «Дзякуй. Расія ў Магілёве ўжо», — сказаў Пятрухін, за што атрымаў яшчэ адну заўвагу ад суддзі.

    «Суд робіць вам афіцыйнае папярэджанне, каментары свае выказваць не трэба. Паўторнае парушэнне парадку пасяджэнне — і вы будзеце выдаленыя», — паведаміла яму суддзя Краўчанка.

    Пасля чаго няўрымслівы Пятрухін заявіў яшчэ адно хадайніцтва: папрасіў прадаставіць яму службовае пасведчанне суддзі.

    Адказ суддзі чаканы: хадайніцтва да справы далучылі, але не задаволілі.

    «Хачу зрабіць заяву. Тое, што адбываецца, парушае мае законныя інтарэсы. Прашу, каб людзі, якія сядзяць у залі і не маюць ніякага дачынення да мяне ці Кабанава, выйшлі і саступілі месцы нашым блізкім і прэсе. Ці знайдзіце вялікую залу, альбо можна нават клуб ці ДК. 

    Калі вы адмовіцеся — я проста буду маўчаць і нічога не казаць, пратэстуючы такім чынам», — — сказаў Пятрухін. 

    Алякснадр Кабанаў падтрымаў хадайніцтва і дадаў: «Аб’яўлены год народнага адзінства, а з нас і нашымі сваякоў працягваюцца здзекі. Калі гэта не спыніцца — я не буду плясаць пад вашу дудку. Выдаляйце мяне з зала і хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду».

    Пракурорка заявіла, што ўсё законна, маўляў, людзі ў залі нічога не парушаюць, усё іншае адбываецца ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай.

    «Вы прафнепрыдатны чалавек, вам не месцы ў пракуратуры». 

    Паркурорка зноў папрасіла зрабіць заўвагу Пятрухіну. Суддзя зрабіла, а пасля хадайніцтва адхіліла.

    Тады слова ўзяў Кабанаў: «Праводзьце пасяджэнне без нас. Збярыце лепш тройку. А мы просім канвой адвесці нас у камеру — будзе сацыяльнае дыстанцыяванне».

    Суддзя Краўчанка адмовіла ў задавальненні хадайніцтва.

    «Навошта вы нас правакуеце? Хочаце, каб мы пачалі парушаць парадак і вы нас выдалілі?», — спытаў Кабанаў.

    Выдаліць яго з залі суда папрасіў і Пятрухін. Адказ: не задаволіць хадайніцтва.

    «Сядайце», — сказала суддзя

    Кабанаў і Пятрухін працягнулі стаяць.

    «Хай нас судзіць тройка», — сказаў Пятрухін.

    «Займіце свае месцы!», — сказала суддзя.

    «Выдаліце нас з залі суда!»— адказалі абвінавачаныя.

    «Ці давайце зробім перапынак, мы параімся з адвакатамі», — прапанаваў Пятрухін.

    Суддзя пасля гэтага выдаліла Пятрухіна.

    «Хлопцы, падпісвайцеся на «Народны рэпарцёр»!» — крыкнуў ён студэнцікам на развітанне. 

    А суддзі сказаў: «Дай вам бог здароўечка. Не забудзем»

    «Яшчэ хадайніцтвы?» — спытала суддзя Краўчанка.

    «Выдаліце мяне, — сказаў Кабанаў. — Справа палітычна матываваная, вы не маеце права трымаць нас пад арыштам і судзіць. Прашу яшчэ раз: выдаліце мяне адсюль. Не мае ніякага значэння, тут я ці не. Навошта мне тут знаходзіцца? Прыехалі сваякі — іх сюды не пусцілі, журналісты прыехалі — іх не пусцілі, а нагналі дзяцей. Што вы ім паказваеце? Брава!

    Выдаліце мяне з гэтага канцэрта!»

    Пракурорка нарэшце падтрымала гэтае хадайніцтва — але суддзя адмовіла. Кабанава пакінулі ў залі суда.

    «Яшчэ хадайніцтвы?»

    «Прашу выдаліць мяне з залі суда! — паўтарыў Кабанаў. — Буду заяўляць, пакуль мяне не выдаляць».

    Суд пастанавіў выдаліць Кабанава. Але не задаволіць хадайніцтва, а выдаліць яго за парушэнне парадку судовага пасяджэння.

    Аляксандру Кабанаву надзелі кайданкі і вывелі яго з залы суда.

    «Да пабачэння», — сказаў перад выхадам ён.

    На гэтым усё скончылася. Працяг — у 9.30 16 лютага.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці