• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хто такая польская журналістка Агнешка Півар, перад якой выбачаецца кіраўніца «Белсату» і якой шле паштоўкі Лукашэнка

    Агнешка Півар — прыватны выпадак дзеяння расійскай прапаганды ў Польшчы.

    Журналістка Агнешка Півар адкрыта выказвае прарасейскія погляды, падтрымлівае антыўкраінскія настроі ў польскім грамадстве і распаўсюджвае ўстаноўкі пуцінскай прапаганды. У адным з расследаванняў Gaze­ta Wybor­cza аднесла яе да ліку «пуцінскіх агентаў хаосу», якія атручваюць інфармацыйную прастору Польшчы.

    Сама Півар на гэтую публікацыю адрэагавала пастом у фэйсбуку:

    «Яўрэі з «Газеты Выборчай» ніколі не прабачаць мне напісання артыкула пад назвай «Новы Іерусалім — прыхаваная мэта вайны на Украіне?» Таму яны будуць працягваць нападаць на мяне з розных нагодаў».

    Хто гэтая журналістка?

    Як пазначае Півар на сваім сайце, яна нарадзілася ў 1982 годзе ў Верхняй Сілезіі. Бацька паходзіць з Віленшчыны. Агнешка скончыла факультэт філасофіі Вроцлаўскага універсітэта і аспірантуру па журналістыцы ў Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве. Сярод яе сацыяльнай актыўнасці пазначана пасада сакратара Каталіцкай асацыяцыі журналістаў.

    Як сцвярджае Півар, у 2015–2022 гадах яна была журналістам штотыднёвіка Myśl Pol­skа (выданне, якое адрозніваецца яскравай антызаходняй скіраванасцю).

    Пры гэтым, паводле яе слоў, за свае артыкулы, інтэрв’ю і рэпартажы журналістка «ніколі не атрымлівала ні капейкі», згаджаючыся «публікавацца бясплатна», таму што журналістыка — яе «жыццёвы запал», а сам рэдактар не падвяргаў яе матэрыялы цэнзуры.

    Месцам жа сталай працы ў Півара быў архіў польскага тэлебачання. Цяпер яна пазіцыянуе сябе як незалежная журналістка.

    Агнешка Півар зʼяўляецца аўтарам кнігі «Убачанае з Масквы, і не толькі» і сааўтарам такіх кніг, як «Беларусь. Анатомія крызісу», «Украіна ў агні — каму патрэбна гэтая вайна?», «Страчаная вайна. Канфлікт ва Украіне, бенефіцыяры і банкруты».

    Сумнеўныя знаёмствы

    У 2017 годзе Півар з групай польскіх журналістаў наведала Чачню.

    «Няма гаворкі аб гендарнай ідэалогіі, агрэсіўных феміністках, жанчынападобных мужчынах, ЛГБТ-рухах і іншых падобных адхіленнях. (…) Чачэнскія мужчыны моцныя, вельмі мужныя, спартовыя, апранутыя па-мужчынску», — дзялілася яна сваімі ўражаннямі.

    Як піша Wybor­cza, каўказскую паездку польскіх журналістаў аплаціў Фонд падтрымкі грамадскай дыпламатыі, задачай якога з’яўляецца «садзейнічанне і фармаванне спрыяльнага клімату (…) для Расіі за мяжой». У яго апякунскую раду уваходзяць былыя кіраўнікі і агенты КДБ і рэктар адной з разведшкол.

    Галоўным спонсарам зʼяўляецца Канстанцін Малафееў, якога называюць «пуцінскім праваслаўным алігархам». Перакананы вораг фемінізму, правоў ЛГБТ, разводаў і абортаў ужо шмат гадоў знаходзіцца ў спісе бізнэсменаў, якія падпадаюць пад санкцыі ЕС і ЗША.

    «Новая газета» пісала, што менавіта Малафееў браў удзел у распрацоўцы першапачатковага плана далучэння Украіны, які быў прадстаўлены ў Крэмль у лютым 2014 года.

    Акрамя гэтага Агнешка Півар была назіральніцай на парламенцкіх выбарах у Азербайджане ў лютым 2020 года і цалкам чакана высока ацаніла іх арганізацыю.

    Як пазней высветліў журналіст Radiozet, місія па назіранні была арганізавана нейкім Янушам Н., арыштаваным у 2021 годзе па абвінавачанні ў шпіянажы. Ён прадстаўляўся супрацоўнікам АБСЕ, але насамрэч (гэта высветлілася толькі пасля затрымання) ім не зʼяўляўся. Галоўнай яго задачай было ўсталяваць кантакт з палітыкамі і журналістамі, якія маглі б служыць інтарэсам Расіі.

    З Янушам Н. Півар знаёмая як мінімум з 2016 года, калі зняла дакументальны фільм пра байкерскі клуб «Начныя ваўкі», удзельнікаў якога ў 2015 годзе не пусцілі ў Еўропу. Адным з прыхільнікаў клуба ў Польшчы быў якраз Януш Н.

    Другім падазроным сябрам Агнешкі Півар Radiozet называе рускага прапагандыста Леаніда Свірыдава, які ў 2015 годзе быў высланы з Польшчы. Летась забарона на ўезд у Шэнгенскую зону па просьбе польскай контрразведкі яму была працягнутая яшчэ на пяць гадоў.

    У сябрах у Півар таксама заснавальнік польскай пракрамлёўскай партыі «Змена» Матэвуш Піскорскі, якога абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Расіі і Кітая.

    Журналістка ўвесь час сцвярджае, што не бярэ грошай за свае журналісцкія матэрыялы. Як заўважае аўтар артыкула ў Radiozet, у Польшчы цяжка знайсці кагосьці, хто ва ўзросце 40 гадоў у якасці супрацоўніка нішавых СМІ меў бы магчымасць узяць удзел у спансараваных паездках у Азербайджан, Сочы, Маскву ці Карабах. Пры гэтым яе працы ў інтэрнэце можна знайсці толькі ў сродках масавай інфармацыі і парталах, якія публікуюць прапагандысцкі прарасейскі кантэнт.

    Беларускі след

    У ліпені 2021 года Агнешка Півар атрымала акрэдытацыю і паехала ў Мінск, дзе прыняла ўдзел і задала сваё пытанне ў «Вялікай размове» з Лукашэнкам. Пасля гэтага журналістка напісала:

    «Я лукашэнкафіл, таму што польскасць захавалася на Гарадзеншчыне, а не ў заняпалай і дэмаралізаванай Варшаве, знявечанай вясёлкавымі анучамі».

    А ў фэйсбуку яна падзялілася сваімі ўражаннямі:

    «Беларусь у мяне асацыюецца з чысцінёй, нявіннасцю і натуральнай ежай. А зараз падумайце, што было б, калі б падступны план заходніх інтрыганаў, якія спрабавалі зладзіць там Майдан і жадалі зрынуць беларускую ўладу, увянчаўся поспехам».

    Навінай аб атрыманні акрэдытацыі Півар падзялілася на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Кіраўніца тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы перапосціла яе паведамленне з каментаром:

    «Ёсць чым пахваліцца… сапраўды… У той час, як сумленныя журналісты знаходзяцца ў турме, а заслужаная Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) ліквідуецца, журналістка Myśli Pol­skiej хваліцца…. Адкуль такія бяруцца?.. Паглядзела яе профіль у інтэрнэце — рэгулярна аплачваемая маскоўская наймітка».

    Півар падала ў суд на Рамашэўскую-Гузы і праз некаторы час, паводле яе слоў, пазбавілася свайго адзінага месца працы, а польскія спецслужбы заблакавалі доступ да яе блога.

    Сёлета 6 снежня кіраўніца «Белсата» прынесла публічныя прабачэнні за свае словы. А незадоўга да гэтага ў сеціве зʼявіўся персанальны сайт журналісткі.

    «Пры жаданні я без праблем магу атрымаць прэс-акрэдытацыю ў Беларусі (у адрозненне ад журналістаў «Белсат ТБ»), дзякуючы чаму магу ездзіць туды, пазнаваць краіну знутры і яе людзей»,

    — пісала Півар на сваім сайце, а на старонцы ў фэйсбук выхвалялася паштоўкай ад Лукашэнкі да 8 сакавіка.

    Як адзначаюць эксперты, праца такіх журналістаў, як Півар, надзвычай важная для стварэння і распаўсюджвання расійскай прапаганды. Яны дзейнічаюць не ў адзіночку, іх суправаджае сетка, якая распаўсюджвае іх кантэнт. У выніку польскі інтэрнэт наводнены расійскай дэзынфармацыяй і прапагандай. І, як дэманструюць апытанні грамадскай думкі, гэтая прапаганда становіцца ўсё больш эфектыўнай у захопе розумаў польскіх грамадзян.

    Чытайце яшчэ:

    Як дзве дзяржаўныя газеты ў трох артыкулах абвяргалі адзін «экстрэмісцкі» паблік

    Рэдактар глыбоцкай раёнкі заклікае чытачоў не быць «пастаўшчыкамі кантэнту» для тых, хто выехаў за мяжу

    «Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці