• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Каханне на адлегласці: журналісты пра свае сямейныя стасункі, нягледзячы на мяжу

    Журналіст Мікіта выехаў у Казахстан у чэрвені 2022-га. Паўгода стасункі з жонкай, якая заставалася ў Беларусі, падтрымліваў размовамі праз інтэрнэт.  Ірына вымушана была з'ехаць за мяжу ў ліпені 2021 года. Медыя, дзе яна працавала журналістам і менеджарам лакальнай сеткі, вымушана спыніла сваю дзейнасць у Беларусі. Зараз яно прызнана беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім». Але рэдакцыя працягвае працу ў замежжы. Амаль два гады Ірына жыве з мужам па розныя бакі мяжы.

    Напярэдадні Дня ўсіх закаханых мы пагаварылі з нашымі калегамі аб каханні, сям'і, захаванні сувязі на адлегласці і марах пра Беларусь.  

    Мікіта: «За пару месяцаў расстання з’явілася хранічнае сумаванне і жаданне бачыць і чуць адзін аднаго як мага даўжэй»

    — З жонкай мы разам з 2016-га. У гэтым годзе святкавалі тры гады з нашага вяселля. А пазнаёміліся яшчэ ва ўніверсітэце на падрыхтоўчых курсах, потым вучыліся на адной плыні. Першыя два с паловай гады мы наогул не ўспрымалі адзін аднаго, таму што я лічыў яе “батанікам”, а яна мяне — выскачкам. Проста ігнаравалі адзін аднаго, ды і ўсё.

    А потым было некалькі сумесных івэнтаў, дзе паступова мы пачалі размаўляць і знаходзіць кропкі судотыку, агульныя інтарэсы. Пасля ўнівера некалькі гадоў пражылі разам, каб зразумець, ці гатовыя дзяліць побыт і існаваць разам, а потым ажаніліся ў Мінску — якраз за некалькі месяцаў да пандэміі “кароны”.

    У апошні час у Беларусі штатнай працы, якая задавальняла б мяне па ўмовах, не было. Перабіваўся падпрацоўкамі, потым знайшоў пару рэдакцый, дзе былі цікавыя задачы, але працаваў пазаштатна.

    І раптам у Казахстане з’явіўся вялікі попыт на кантэнт аб бізнесе і тэхналогіях. Мяне запрасілі ў медыя. І я пагадзіўся амаль без роздумаў.

    Рашэнне аб пераездзе было цяжкім. У той час ехаць са мной жонка не магла, бо гэта стварыла б дадатковыя тры гадзіны розніцы ў працы з яе калектывам. Таму першапачаткова мы дамаўляліся толькі на паўгады расстання з магчымасцю сустрэчы ў Мінску ці Астане.

    У першыя тыдні жыцця па розных краінах паміж намі былі толькі званкі і перапіска. Спачатку гэтага хапала. Але за пару месяцаў расстання сітуацыя змянілася — з’явілася хранічнае сумаванне і жаданне бачыць і чуць адзін аднаго як мага даўжэй.

    Таму рэгулярна пачалі ладзіць відэазванкі па выходных: настройваеш зум, купляеш віно, сушы — і нібыта знаходзішся побач.

    Праз нейкі час ў мяне з’явілася разуменне, што я затрымаюся тут даўжэй, чым на паўгода. Таму мы пачалі планаваць жыццё ў Казахстане, шукаць прыдатнае жыллё. Мы разумелі, што гэта шанец паспрабаваць свае сілы ў адносна новым і невядомым асяроддзі, прапампаваць кар’еру і зрабіць наступны крок у жыцці.

    І вось у снежні, без трох тыдняў як паўгода з моманту расстання, мая каханая прыляцела да мяне.

    Сустрэча, вядома, была хвалюючай. Калі яе самалёт сеў, яна ўжо магла мне пісаць. І вось яна дасылае паведамленне, што дабралася, але яе не выпускаюць з самалёта, бо ўзлётна-пасадачная паласа занятая. І яшчэ каля 40 хвілін мы проста перапісваліся на адлегласці ў некалькія сотні метраў адзін ад аднаго.

    Калі я ўбачыў яе на выхадзе з тэрмінала, так узрадаваўся, што і забыўся пра гэтыя бясконцыя шэсць месяцаў без яе.

    Да яе прылёту я ўвесь дзень намываў падлогу з пенай, як у войску вучылі. А на вячэру замовіў здаравенны сэт сушы ў адной з лепшых устаноў горада за 50 баксаў.

    Але, дарэчы, жонцы казахскія сушы не спадабаліся. Сказала, што ў Мінску за 40 рублёў смачнейшыя.

    Ужо потым разам з’ездзілі ў гандлёвы цэнтр купіць усяго, што я не паспеў купіць да яе прыезду. Ехалі на таксі — і жонка дзівілася гарам. Казала, як быццам да ўскраіны горада наляпілі фоташпалеры.

    Далейшыя нашы планы? Адзіныя і аднолькавыя — жыць, развівацца і знаходзіцца побач адзін з адным. Бо планаваць на два-тры гады наперад немагчыма, таму што ў свеце з’явілася занадта шмат абставін, на якія мы ніяк не можам паўплываць.

    Але ў бліжэйшыя планы я ўсё ж унёс задумку з’ездзіць у Беларусь на майскія святы, бо сумуем па родных.

    Ірына: «Гэта самае доўгае расстанне за 30 гадоў нашага шлюбу»

    Мы з мужам разам ужо больш за 30 гадоў. Стасункі пачаліся ў студэнцкія гады. Мы вучыліся разам і жылі ў адным інтэрнаце, толькі на розных паверхах. Хадзілі адзін да аднаго ў госці, размаўлялі, жартавалі, нешта гатавалі на сумесныя вячэры. Звычайныя стасункі аднакурснікаў. Як жартавалі сябры, у нас каханне ў хатніх тапках. Так яно і было.

    І неяк так здарылася, што наша сяброўства стала чымсьці большым. Мы вырашылі пажаніцца.

    Безумоўна за 30 гадоў здаралася ўсялякае ў нашым жыцці, былі нейкія складаныя моманты: і доўгія расстанні праз працу, і цяжкія матэрыяльныя праблемы. Усяго хапала. Гэта жыццё.

    І мне, і мужу прыходзілася з’язджаць у камандзіроўкі на доўгі тэрмін. Нават калі дзеці былі малыя, я ехала, бо праца гэтага патрабавала. Але заўсёды была спакойная, ведала, што на мужа можна пакінуць дзяцей, гаспадарку, хату. Таксама і ён ведаў, што я пратрымаюся без яго.

    Можа гэты досвед нас і загартаваў.

    Таму сённяшняе выпрабаванне адлегласцю нам знаёмае, звыклае. Тым больш, што калі доўга жывеш разам з чалавекам, тут ужо больш не рамантыка, а нейкае сямейнае сталае партнёрства, калі разлічваеш на свайго сужэнца, як на сабе, і нават крыху больш.

    Канешне, гэтае расстанне самае доўгае. Яно ўжо набліжаецца да рэкорднага тэрміну ў нашых стасунках. Хутка будзе два гады, як мы жывем па розныя бакі мяжы. Самым складаным быў першы год: у нас нават не было магчымасці сустрэцца ў рэальнасці.

    Потым такая магчымасць з’явілася. І мы вырашылі сустрэцца ўсёй сям’ёй, раскіданай па розных краінах. У Грузію я ляцела з Літвы, муж — з Беларусі, нашыя дзеці — з іншых краін. Сабраліся разам на тыдзень.  Гэта было вяртанне да нейкага адчування маладосці, калі з дзецьмі разам адпачывалі, як яны прыязджалі да бацькоў дадому.

    Праз пару месяцаў мы з мужам зноў выбралі Грузію, каб сустрэцца. Гэта ўжо быў такі мядовы месяц цягам тыдня.

    Батумская рамантыка сакавіка: снег, дождж, дзікі холад, і мы ў дажджавіках шпацыруем уздоўж мора. Нягледзячы на кепскае надвор’е, выходзілі кожны дзень, гулялі, жартавалі: «Якія стасункі — такое і мора», «Якая рамантыка — такое і надвор’е».

    Але ж гэта была магчымасць пабачыцца, пабыць разам. Такім чынам за першы год вымушанай эміграцыі ў нас былі дзве сустрэчы.

    Цяпер стала прасцей. Мужу атрымалася зрабіць візу, і зараз мы можам бачыцца часцей, прыкладна раз на месяц ён прыязджае да мяне.

    Паміж сабой жартуем, што праз 30 гадоў мы прыйшлі да гасцявога шлюбу.

    Затое цяпер падчас нашых сустрэч у нас адзін для аднаго толькі пазітыўныя эмоцыі. Складанасці ёсць, канешне, у кожнага, і ў мужа ў Беларусі, і ў мяне ў Літве. Але, калі ён прыязджае на выходныя, мы стараемся, каб правесці час на пазітыве: робім толькі прыемныя адзін аднаму рэчы, не паказваем сваіх складанасцей і праблем.

    Вядома ж, ёсць штодзённыя сазвоны па вечарах — гэта звычайныя чалавечыя размовы аб тым, як прайшоў дзень, каго бачыў, хто званіў, як суседзі, якія хто прывітанні перадаваў. Размовы звычайныя, але вельмі патрэбныя для адчування чалавека побач, падтрымання сувязі на адлегласці.

    Гаворкі пра пераезд мужа ў Літву нават не ідзе. Я хачу вярнуцца ў Беларусь, хачу жыць у Беларусі. Мая эміграцыя вымушаная, і я не разглядаю варыянтаў, што тут застануся. Не дзеля гэтага з’язджала. Я з’ехала, каб вярнуцца.

    Як я ўяўляю сваё вяртанне? Яно будзе без сюрпрызаў. Я сама сюрпрызы ненавіджу. Калі б мяне спыталі, якую б адну рэч з жыцця прыбрала, дык гэта былі б сюрпрызы. Я люблю планавасць, калі ўсё можна прадбачыць. Сюрпрызы мяне палохаюць, і ў жыцці мне іх ўжо хапіла.

    Безумоўна, я паведамлю аб вяртанні блізкім, каб яны мяне ўжо чакалі і сустракалі. 

    Уяўляю сваё вяртанне яшчэ і адчуваннямі. Вось я бачу білборд «Шчыра вітаем у Беларусі» і радуюся, бо веру, што шчыра. Вось іду па вуліцы роднага горада, і сэрца не замірае ад праязджаючага каля мяне таніраванага бусіка…

    Я б загадзя пазваніла мужу, сказала, калі дакладна прыеду. Напэўна б муж спытаў: «Што смачнага табе прыгатаваць?», а я б адказала: «Звары бульбы». Яшчэ б папрасіла купіць што-небудзь беларускае, ну, можа зефіру ці што-небудзь простае, нібыта я вяртаюся са звычайнай камандзіроўкі, у якой была пару дзён…

    Але я стараюся не маляваць сабе карціны вяртання, ганю думкі аб гэтым, каб не засяроджвацца на тым, што мая эміграцыя надоўга, і што яна, магчыма, незваротная.

    Чытайце яшчэ:

    Накануне 30-летия старейшая в Беларуси FM-станция Radio BA прекратила вещание. Что случилось?

    «Прасіла прывезці некалькі сукенак і вершы Бродскага». Муж зняволенай Кацярыны Андрэевай згадвае іх спатканні

    “Элементарная помста, жаданне прадэманстраваць сваю значнасць”. Ян Рудзік пра “спецвытворчасць” і суд

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці