Кантэнт ад гэтага не палепшыцца. Зісер, Казловіч, Блішч — пра новы закон аб СМІ
Міністэрства інфармацыі падрыхтавала новую рэдакцыю закона аб СМІ. Там уводзіцца тэрмін "сеткавае выданне". Што гэта такое, з прапанаваных паправак няясна, але падаецца, што гэта аналаг азначэння "сродкі масавай інфармацыі", толькі для інтэрнэта.
Сёння інтэрнэт-выданні афіцыйна не з’яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі. Нават калі за імі стаіць юрыдычная асоба, статус СМІ яны здабыць не могуць, бо банальна не адпавядаюць крытэрыям, якія закон прад’яўляе для медыя. У абноўленым законе напісана, што інтэрнэт-рэсурс можа добраахвотна зарэгістравацца як сеткавае выданне. Але слова “добраахвотна” не зусім падыходзіць да сітуацыі, бо ў выпадку, калі інтэрнэт-рэсурсы не пройдуць рэгістрацыю, яны не змогуць працаваць з дзяржаўнымі органамі і звяртацца па акрэдытацыю сваіх карэспандэнтаў.
Пра папраўкі ў закон аб СМІ і іх верагодны ўплыў на працу сайтаў Еўрарадыё вырашыла паразмаўляць з заўважнымі гульцамі беларускага медыйнага поля.
Юрый Зісер: Форумы перастануць быць памыйніцай
Заснавальнік і саўладальнік беларускага інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY Юрый Зісер мяркуе, што новыя праўкі робяць заканадаўства больш жорсткім. Але гэта для Беларусі звычайная справа: «Учора быў у жаху ад таго што прачытаў, а сёння я прачнуўся і падумаў: а што ўласна змянілася? Я ўжо і не прыгадаю, калі ў апошні раз у нас былі нейкія заканадаўчыя паслабленні. Відавочна, што вядучым сайтам давядзецца рэгістравацца, атрымліваць ліцэнзію, і на іх будуць накладзеныя тыя ж абмежаванні, што і на іншыя СМІ, частка з якіх вельмі фармалісткія».
Таксама новая рэдакцыя закона аб СМІ прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю інтэрнет-карыстальнікаў. Напрыклад, прайсці нейкую працэдуру ідэнтыфікацыі трэба будзе для таго, каб пакінуць на сайце каментарый. І тут Юрый Зісер не такі скептычны:
«Можа быць, гэта будзе на карысць, магчыма, людзі перастануць пісаць столькі смецця і трэшу, і будуць больш думаць над тым, што пішуць. І форумы перастануць быць памыйніцай. Тут я мінуса не бачу. Акрамя гэтага, хачу звярнуць увагу яшчэ на адзін станоўчы момант — да гэтага часу ўсе папраўкі ў закон аб СМІ прымаліся кулуарна. А тут сама камісія, якая займалася гэтымі праўкамі, самастойна даслала іх БАЖ. Гэта прагрэс. Але, калі глядзець агульна, я не бачу нічога новага. У канчатковым выніку любое ўзмацненне заканадаўства ў сферы СМІ вядзе да сыходу чытачоў з зоны байнэту».
Людміла Чэкіна: Папраўкі справакуюць узмацненне самацэнзуры
Ужо вядома, што калі будць прынятыя новыя папраўкі, то, хутчэй за ўсё, яны будуць падавацца на рэгістрацыю як сеткавае выданне. Гендырэктарка ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людміла Чэкіна распавяла, что папраўкі былі чаканыя, а ўзмацненне заканадаўства — прадказальнае:
«Асноўны момант, які змяняецца, — абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія размяшчаюць матэрыялы ў інтэрнэт-рэсурсах. Ну, і, вядома, увядзенне такой хуткай меры рэагавання, як штрафы. Нашы беларускія інтэрнэт-рэсурсы прывыклі працаваць у небяспечным асяроддзі, і наўрад ці гэтыя папраўкі неяк моцна паўплываюць на іх працу. Пры гэтым папраўкі ў тым ліку накіраваныя на ўзмацненне самацэнзуры. Улада, пагражаючы СМІ штрафамі, папярэджаннямі і блакаваннямі, вымушае іх дзейнічаць асцярожна. Відавочна, усё гэта не будзе павышаць якасць кантэнту. Можна прагназаваць ўзмацненне ўплыву замежных інтэрнэт-рэсурсаў на нашай тэрыторыі і ў нашым інфармацыйным полі.
Асноўнай мэтай паправак з’яўляецца ўзмацненне кантролю над інтэрнет-выданнямі. Магчыма, будзе перацяканне аўдыторыі з рэсурсаў, дзе праводзяцца абмеркаванні, форумы і розныя іншыя пляцоўкі, у даменныя зоны дзе не распаўсюджваюцца беларускія законы».
Мікалай Казловіч: Медыя працуюць не для чыноўнікаў, якія расстаўляюць у інтэрнэце чырвоныя сцяжкі
Галоўны рэдактар Onliner.by Мікалай Казловіч кажа, што яго праект пакуль яшчэ не вызначыўся, ці будуць афіцыйна рэгістравацца. Але, на яго думку, выбару ў медыя, па сутнасці, не застаецца:
«Мы будзем аналізаваць выніковы дакумент, раіцца з юрыстамі. І далей прымаць рашэнне, зыходзячы з таго, што медыя працуюць не для чыноўнікаў з калідораў з чырвонымі дыванамі, якія расстаўляюць у інтэрнэце чырвоныя сцяжкі, а для сваіх чытачоў. Чытачам трэба прадастаўляць поўную і хуткую інфармацыю, у тым ліку афіцыйную. На ўзроўні ДАІ, мытні, падатковай. Калі атрымліваць такую інфармацыю будзе магчыма толькі ў статусе зарэгістраванага СМІ, калі па “вертыкалі” паляціць каманда не супрацоўнічаць з астатнімі, значыць, выбару ў медыя па сутнасці і не застанецца».
Дзяніс Блішч: Не падабаецца, што я буду несці тую ж адказнасць, што і зарэгістраваныя СМІ
Медыя-кансультант і блогер Дзяніс Блішч мяркуе, што ад новых паправак яго дзейнасць ніяк не зменіцца: «Мне не трэба рэгістравацца ў Міністэрстве інфармацыі, таму што мне не патрэбная акрэдытацыя, я не прысутнічаю на розных мерапрыемствах і прэс-канферэнцыях, якія арганізоўваюць дзяржаўныя ведамствы. Пры гэтым мне не падабаецца, што я вымушаны буду несці тую ж адказнасць, што і зарэгістраваныя СМІ. Але гэта дадзенасць нашага інфармацыйнага поля».
Ася Паплаўская: Выглядае як «закручванне гаек». Але фрылансеры і блогеры знойдуць выхад
Блогерка Ася Паплаўская заявіла, што, калі гэтыя папраўкі будуць унесеныя, яна, хутчэй за ўсё, зарэгіструецца як СМІ, бо не бачыць у гэтым ніякай праблемы для сябе:
«Я не думаю, што гэтыя папраўкі неяк моцна паўплываюць на маю дзейнасць, таму што я вельмі рэдка кантактую з прадстаўнікамі ўлады. А калі мне даводзіцца мець зносіны з чыноўнікамі або прэс-сакратарамі, дык гэта заўсёды адбываецца нармальна. Мне заўсёды давалі каментарый і адказвалі на ўсе мае пытанні.
Калі гэтыя папраўкі увядуць, то я, хутчэй за ўсё, буду рэгістраваць свой сайт як СМІ. Я не бачу ў гэтым вялікай праблемы, таму што я займаюся даволі простай тэматыкай з пункту гледжання заканадаўства.
Вядома, гэта ўсё выглядае як «закручванне гаек». Але нават у гэтай сітуацыі, я думаю, нашы фрылансеры, блогеры і ўсе астатнія знойдуць выхад з гэтай сітуацыі, будзем далей нармальна працаваць, і ўсё будзе добра».
Асноўныя змены заканадаўства тычацца інтэрнэт-выданняў. З'явіцца добраахвотная рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ. Уводзіцца тэрмін "сеткавае выданне". Гэта аналаг азначэння "сродкі масавай інфармацыі", толькі для інтэрнэта. Але невядома, ці будуць у "сеткавага выдання" тыя ж правы, што і ў СМІ. Незарэгістраваныя сайты таксама змогуць працаваць, але без статуса СМІ. Іх супрацоўнікі не будуць мець права звяртацца ў дзяржаўныя органы па акрэдытацыю сваіх карэспандэнтаў, не змогуць карыстацца правамі журналістаў падчас масавых акцый, пры абароне крыніцы інфармацыі. Пры гэтым адказнасць будзе распаўсюджвацца на ўсе інтэрнэт-рэсурсы. Доступ да інтэрнэт-рэсурсаў плануецца абмяжоўваць у пазасудовым парадку, як і раней. "Сеткавае выданне" таксама могуць пакараць без суда — ануляваннем пасведчання аб рэгістрацыі. А таксама ўводзяцца штрафы — як для зарэгістраваных "сеткавых выданняў", так і для незарэгістраваных "інтэрнэт-рэсурсаў". Таксама будзе магчымасць блакіроўкі сацыяльных сетак. Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія змяшчаюць матэрыялы на ўсіх інтэрнэт-рэсурсах, у тым ліку і тых, хто пакідае каментарыі, удзельнічае ў форумах. Але як гэта будзе здзяйсняцца, пакуль невядома.
Ці будуць TUT.BY i Onliner рэгістравацца як сеткавыя выданні?
Папраўкі да закону аб СМІ могуць разгледзець ужо 19 красавіка
Поправки в Закон о СМИ: регистрация интернет-изданий, идентификация комментаторов, блокировка соцсетей