• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Незалежныя медыя перажываюць крах бізнэс-мадэлі, а грамадства падвяргае сябе самацэнзуры». Асноўнае са справаздачы Freedom House

    Глабальны рэйтынг свабоды ў Беларусі праваабарончая арганізацыя Freedom House ацэньвае на 8 балаў са 100. У справаздачы пазначана, з чым сутыкнулася медыясфера за апошнія гады: крыміналізацыя прафесіі, выштурхоўванне журналістаў з краіны, крымінальны пераслед. Рэжым цалкам падпарадкаваў сабе інфапрастору, узмацніў прапаганду і кантроль за карыстальнікамі ў інтэрнэце.

    Свабода ў інтэрнэце: 25 балаў са 100

    Свабоду ў інтэрнэце ў Беларусі праваабаронцы з Free­dom House ацэньваюць на 25 балаў са 100 (год таму сітуацыя ацэньвалася на 28 балаў), паколькі беларускі рэжым узмацніў ціск на крытычныя галасы, блакаванне незалежных медыя і крыніц інфармацыі, а таксама выкарыстаў заканадаўства для крыміналізацыі дзейнасці тых, каго лічыць «экстрэмістамі».

    Масавая блакіроўка сайтаў, у тым ліку медыя, якія цяпер працуюць з‑за мяжы, а таксама больш шырокае выкарыстанне законаў аб экстрэмізме і тэрарызме для абмежавання анлайн-кантэнту, прывялі да ўзмацнення дзяржаўнага кантролю.

    На пачатак чэрвеня 2023 года заблакавана больш за 9 тысяч сайтаў. Паводле экспертаў, пятая частка падвергнулася абмежаванням па палітычных матывах.

    Такім чынам да вясны 2023 года практычна ўсе сайты буйных незалежных медыя былі заблакаваныя, за выключэннем партала Onlin­er.

    Таксама рэжым абмяжоўвае сайты, ускосна звязаныя з незалежнымі крыніцамі інфармацыі. У снежні 2022 года быў заблакаваны рэсурс TGStat, які адсочвае статыстыку і рэйтынгі Telegram-каналаў. А ў снежні 2022 года ўлада абмежавала доступ да папулярнай краўдфандынгавай платформы Patre­on.

    Пасля вымушанай рэлакацыі сайты незалежных СМІ вымушана пакінулі даменную зону .by і прапісаліся за мяжой, што вымусіла рэжым заблакаваць і гэтыя рэсурсы.

    Праваабаронцы звяртаюць асаблівую ўвагу, што пераследам падвяргаліся беларускамоўныя сайты, паколькі ўлада лічыць беларускую мову мовай апазіцыі. Напрыклад, у красавіку 2023 года быў заблакаваны партал Audiobooks.by, на якім размяшчаліся спасылкі на 500 кніг на беларускай мове.

    Пасля смерці Прыгожына былі зафіксаваныя абмежаванні інтэрнэту ў Асіповіцкім раёне

    Улада таксама блакуе сайты замежных медыя, якія рэгулярна асвятляюць беларускую тэматыку, у тым ліку беларускай службы «Радыё Свабода», Deutsche Welle, «Настоящего времени» і інш.

    Пік такіх блакаванняў адбыўся пасля пачатку вайны ва Украіне. Да лютага 2023 года былі заблакаваныя як мінімум дзевяць украінскіх СМІ. Аналагічным абмежаванням былі падвергнутыя расійскія сайты, асвятленне ўварвання якіх адхіляецца ад лініі Крамля.

    Падобныя захады рабіліся ў Расіі ў дачыненні да беларускіх медыяў. Да студзеня 2023 года ўлада РФ заблакавала сайты 27 незалежных медыя.

    У той жа час у справаздачы адзначаецца, што карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі атрымліваюць выгаду ад добра развітай інфраструктуры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, да канца 2022 года анлайн-доступ быў у 89,5 працэнта насельніцтва, што амаль на тры працэнты больш, чым раней.

    За апошні час рэжым не абмяжоўваў доступ да інтэрнэту, чым шырока карыстаўся ў 2020–2021 гадах. Аднак у жніўні 2023 года былі зарэгістраваныя лакальныя збоі ў Асіповіцкім раёне, дзе знаходзіўся лагер ПВК «Вагнер». Гэта праваабаронцы звязваюць з раптоўнай смерцю Яўгена Прыгожына.

    Апошняе буйное незалежнае выданне ў краіне прыняло падыход «здаровага сэнсу»

    У справаздачы ААН зроблена выснова, што беларускі рэжым прыраўноўвае незалежную журналістыку да экстрэмізму. Да лета 2023 года ў адпаведны спіс увайшло больш за 3 тысячы рэсурсаў, уключаючы сайты, сацыяльныя сеткі і мэсэнджары практычна ўсіх незалежных медыя.

    Улада вядзе асобны спіс, каго яна адносіць да «экстрэмістаў», у тым ліку журналістаў, блогераў і іншых крытычна настроеных асоб. Не так даўно рэжым стаў адносіць да «экстрэмісцкіх» асабістыя акаўнты незалежных рэпарцёраў у сацыяльных сетках. Мэта – дыскрэдытаваць як выданне, так і яго журналістаў, тым самым скараціўшы іх ахоп і ўплыў.

    Адначасова прынятыя законы, накіраваныя на далейшае абмежаванне журналістыкі і актывізму, у тым ліку закон, які ўводзіць крымінальную адказнасць за «прапаганду тэрарызму», «дыскрэдытацыю арміі» і «парушэнне правілаў абароны дзяржаўнай таямніцы».

    За справаздачны перыяд прымаліся ўсё больш рэпрэсіўныя законы, у прыватнасці, пашырэнне вызначэння таго, што ўяўляе сабой «экстрэмізм». Пераслед журналістаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, дзеячаў апазіцыі і звычайных карыстальнікаў інтэрнэту разам спрыялі значнай самацэнзуры.

    Апошняе буйное незалежнае выданне, якое усё яшчэ дзейнічае ўнутры краіны, — Onliner.by — прыняло падыход «здаровага сэнсу» і скараціла сваё навінавае і палітычнае асвятленне. Многія медыяпрафесіяналы, якія не пагадзіліся з самацэнзурай альбо пакінулі краіну, альбо знаходзяцца ў турме.

    Незалежным медыя, нават тым, хто яшчэ не названы «экстрэмісцкімі», становіцца ўсё цяжэй атрымаць інтэрв’ю ў экспертаў і грамадзян з‑за самацэнзуры.

    Нават журналісты, якія працуюць за межамі краіны, могуць падвяргаць сябе цэнзуры з‑за страху быць выкрадзенымі і гвалтоўна вернутымі ў Беларусь, а таксама, каб абараніць сваіх калегаў або сваякоў у РБ.

    Атмасфера страху прывяла да таго, што ўсё менш беларусаў звяртаюцца да незалежных СМІ — іншымі словамі, грамадскасць падвяргае самацэнзуры сваё спажыванне.

    Нягледзячы на агрэсіўныя паводзіны рэжыму, ёсць сведчанні, што незалежныя медыя па многіх паказчыках застаюцца больш папулярнымі

    Тэорыі змовы ператварыліся з «інструмента» урадавай прапаганды ў «аснову свету, пабудаванага дзяржаўнымі СМІ». Улады таксама пашырылі інфармацыйную вайну, закліканую падтрымаць уварванне Крамля ва Украіну.

    Паводле звестак Media IQ, з 2022 года беларускія «дзяржаўныя СМІ фактычна адмовіліся ад нацыянальнай інфармацыйнай палітыкі, рэтранслюючы расейскія апавяданні па многіх пытаннях».

    Як адзначала «Радыё Свабода» у сакавіку 2022 года, «фабрыка троляў», што знаходзіцца пад кантролем сіл спецыяльных аперацый, працуе над падмацаваннем афіцыйнага парадку дня Крамля.

    Колькасць і актыўнасць падтрымліваемых Расіяй навінавых і інфармацыйных сайтаў у Беларусі значна ўзраслі ў апошнія гады, у тым ліку на рэгіянальным узроўні. Хаця аўдыторыя рэсурсаў не заўсёды вялікая, іх змест пашыраецца праз сацыяльныя сеткі і прыкладанні для абмену паведамленнямі.

    Новыя і нібыта прыватныя сродкі масавай інфармацыі, ускосна звязаныя з дзяржавай, нанеслі шкоду разнастайнасці і надзейнасці анлайн-кантэнту. Гэтыя СМІ прапануюць сумесь забаўляльных матэрыялаў і навін, якія падтрымліваюць як беларускі ўрад, так і лінію Крамля ў дачыненні да ўварвання ва Украіну.

    Так, партал Smartpress.by стаў піянерам гэтай стратэгіі. Яшчэ адзін аналагічны рэсурс — Tochka.by — быў запушчаны ў 2022 годзе. Яго рэдактарам з’яўляецца былы прэс-сакратар расійскага прапагандысцкага выдання Sput­nik Беларусь.

    Аднак ёсць сведчанні, што незалежныя медыя па многіх паказчыках застаюцца больш папулярнымі, чым іх кантраляваныя дзяржавай аналагі.

    Аб’ём інтэрнэт-рэкламы скараціўся на 10 адсоткаў

    Пасля крызісу 2020 года беларускія нацыянальныя даменныя зоны ўпершыню перасталі расці. У 2021 годзе колькасць актыўных сайтаў упала. Беларусы зарэгістравалі на 13% больш імёнаў у міжнародных даменных зонах. Гэтая тэндэнцыя працягнулася і ў 2022 годзе, калі колькасць сайтаў у даменах .by і .бел скарацілася на 6 тысяч, а колькасць рэгістрацый у міжнародных зонах вырасла на 25 адсоткаў.

    Унутраныя і знешнія крызісы прывялі да краху бізнес-мадэлі, якая раней падтрымлівала незалежныя СМІ ў Беларусі. Апалітычныя медыя, якія застаюцца ў Беларусі, сутыкаюцца з цяжкай эканамічнай сітуацыяй.

    Эканамічны спад прывёў да 25-адсоткавага зніжэння агульнага аб’ёму рэкламы ў 2022 годзе. Інтэрнэт-рэклама скарацілася менш — усяго на 10 адсоткаў. Большая частка гэтых даходаў дасталася буйным глабальным альбо расейскім платформам, а не беларускім кампаніям.

    Чытайце яшчэ:

    Заблакаваныя рахункі ва Украіне, пытанні легалізацыі — праблемы журналістаў у выгнанні ўвайшлі ў даклад ПАРЕ

    Маніторынг: «Асвятленне прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў беларускіх медыя». Фінальная справаздача

    «Рэпрэсіі працягваюцца, 32 супрацоўнікі СМІ ў зняволенні». Платформа бяспекі журналістаў Савета Еўропы — пра Беларусь

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці