• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Па Гродне з завязанымі вачыма — рэдакцыя Hrodna.life правяла незвычайную экскурсію для журналістаў

    У сярэдзіне мая ўдзельнікі курса БАЖ “Менеджар інфармацыі” наведалі Гродна. У праграме былі сустрэчы з супрацоўнікамі рэдакцыі гарадскога партала Hrodna.life.

    Пра працу рэдакцыі, манетызацыю, праекты і офлайнавыя мерапрыемствы распавялі супрацоўнікі Ірына Новік, Аляксей Шота, Руслан Кулевіч.

    nashy_ekskursavody_z_chargovay_zahaplyalnay_gis_toryyay.jpg

    Як прыклад офлайнавых мерапрыемстваў рэдакцыя Hrodna.life правяла для журналістаў экскурсію па мікрараёне Новы Свет. Экскурсія была незвычайнай. Час ад часу яе ўдзельнікі прыпыняліся, завязвалі вочы, слухалі разнастайныя гукі, нюхалі і каштавалі прысмакі.

     

    Чаму Новы Свет?

    — Мікрараёны з назвай Новы Свет ёсць не толькі ў Гродна, а, напрыклад, у Вільні, Варшаве, Беластоку. Звычайна так называлі раён, які значна пазней далучыўся да гістарычнай часткі горада,— распавядаў экскурсавод, галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. — У 18 стагоддзі цяперашні Новы Свет быў каралеўскімі ўладаннямі. У пачатку 19 стагоддзя стаў уласнасцю Друцкіх-Любецкіх. У другой палове 19 стагоддзя яны прадалі гэтыя землі гораду.

    zhoutaya_cegla_i_nadpisy_drugoy_susvetnay_-_taksama_gistoryya.jpg

    І вось наш першы прыпынак. Завязваем вочы. Слухаем гукі. Іржанне коняў, звон манет, незразумелы стук. І пытанне: што было на гэтым месцы. Стайня? Кузня?

    Аказваецца, рынак дроў. Па словах экскурсавода, тут прадавалі дровы, што прывозілі з недалёкіх ад горада вёсак. Гараджанін плаціў дзесяць злотых і дзённы заробак рабочага — за гэтыя грошы воз дроў везлі проста ў двор пакупніку і складалі ў хлеў.

     

    Як бізнесовец-беларус не збаяўся канкурэнцыі з яўрэямі

    Ідзем далей. Ізноў завязваем вочы. Нюхаем прапанаваную вадкасць. О! Усе адчуваюць пах алкаголю. Але на прапановы пакаштаваць ніхто не пагаджаецца. А экскурсавод працягвае: у пачатку стагоддзя мясцовы жыхар па прозвішчы Яблонскі адчыніў тут краму спіртных напояў.

    Ніхто не верыў у поспех гэтай справы, бо была вялікая канкурэнцыя з гандлярамі-яўрэямі, што прадавалі такія ж напоі. Але хутка крама Яблонскага стала самай папулярнай у Гродне. Чаму?

    Сакрэт бізнесоўца быў просты: ён ніколі не разводзіў гарэлку і віно вадой, як гэта рабілі астатнія гандляры.

    У Яблонскіх быў прыгожы дом на шмат пакояў. Калі ў 1939 годзе прыйшлі камуністы, яны забралі дом, пакінуўшы былым гаспадарам пару пакойчыкаў. 

    У іншым месцы ў паху прапанаванага напою пазнаём настой чабору. Гэта значыць, што тут была аптэка.

    — Аптэку Юдэйкі адчынілі ў 1936 годзе. Першапачаткова тут быў адзін паверх. Другі дабудавалі ў 1944 годзе як інтэрнат для фармацэўтаў, — расказаў Аляксей Шота.

    Дарэчы, аптэка працуе ў гэтым будынку і сёння.    

    zhurnalisty_na_vulicah_grodna.jpg

    Кава, спецыі, селядзец, булкі-напалеонкі, кілбаса…

    Ранейшы Новы Свет — гэта суцэльная вуліца крамаў і невялічкіх прадпрыемстваў.

    У адным месцы каштуем каву з духмянымі спецыямі. А экскурсавод тлумачыць, што тут была крама каланіяльных тавараў. Аднекуль з‑за мора прывозілі каву, чай, разнастайныя спецыі, цытрусавыя. А каля крамы стаялі бочкі са свежымі селядцамі. 

    Яшчэ некалькі крокаў — Ірына Новік частуе нас булкамі. А Аляксей з Русланам распавядаюць, што ў пачатку мінулага стагоддзя тут стаяла пякарня Любэка, дзе выпякалі булкі-напалеонкі трохвугольнай формы, падобныя на галаўны ўбор вядомага французскага палкаводца. Прыгожы драўляны дом з разьбою, дзе жыў прадпрымальнік, да сёння не захаваўся: згарэў у 2009 годзе па невядомай прычыне.

    А вось яшчэ дзіўны пачастунак ад арганізатараў — кавалачак пальцам піханай кілбасы і… скрылёк апельсіна. Пакуль мы думаем, што з гэтым рабіць, Ірына тлумачыць: есці. Толькі абавязкова разам. Апельсін з кілбасой! Уяўляеце?

    Смак аказаўся прыемным, а тлумачэнне — захапляючым. Аказваецца, гадоў з сотню таму ў Гродне было прадпрыемства па вырабу кілбас. Вытворцы мелі прафесійны сакрэт — для прыгожага колеру і асаблівага смаку ў кілбасу дадавалі цытрусавыя.

    Адкуль у Новым Свеце самотныя гукі скрыпкі

    Запомнілася ўдзельнікам і кранальная гісторыя скрыпкі з Новага Свету. Да Другой сусветнай у адным з дамоў жыла габрэйская сям’я, дзе сын-падлетак іграў на скрыпцы. Калі фашысты прыйшлі забіраць сям’ю ў гета, хлопчык па просьбе бацькі перакінуў скрыпку ў двор да суседзяў. Яўрэі, хутчэй за ўсё, загінулі. А скрыпку суседская сям’я захоўвае да сёння.

    Шчымлівую гісторыю скрыпкі раскапаў журналіст Руслан Кулевіч. Дзякуючы яму, мы змаглі нават пабачыць інструмент і дакрануцца да яго. Па просьбе Руслана гаспадыня старога дома паказала нам тую скрыпку. Інструмент захаваў яе бацька.

    «Не ведаю слова “не магу”, ведаю слова “трэба”». Лайфхакі ад самага хуткага гарадзенскага журналіста

    vyasnovy_dozhdzh_ne_perashkadzhau_ekskursii.jpg

    Пра драўляна-мураваныя дамы і журналістаў як аб’ектаў для выпрабаванняў

    Многія дамы ў Новым Свеце маюць своеасаблівы выгляд: сцены — драўляныя, а тарцы — мураваныя. Гэтаму ёсць практычнае тлумачэнне. У пазамінулым стагоддзі ў горадзе часта здараліся пажары і вуліцы выгаралі цалкам.

    Таму царскія ўлады ад канца 19 стагоддзя загадалі гарадзенцам будаваць мураваныя дамы. Але яны былі больш дарагімі,  чым з дрэва. Практычныя жыхары знайшлі выйсце. Сталі рабіць мураванымі толькі тарцы дамоў. Наткнуўшыся на каменную перашкоду, пажар спыняўся.

    Як прызналіся арганізатары, удзельнікі адукацыйнага курса БАЖ сталі своеасаблівым аб’ектам для выпрабавання. Менавіта на нас “абкаталі” экскурсію, якая ў недалёкай будучыні можа стаць візітоўкай рэдакцыі і магчымасцю для манетызацыі.

    Як адна з удзельніц адзначу, экскурсія вельмі ўразіла, запала ў памяць незвычайным падыходам і шчымлівымі гісторыямі, якія знайшлі ў сваім горадзе нястомныя журналісты Hrodna.life. Гатовая пабыць такім аб’ектам для вопытаў яшчэ не раз. Запрашайце!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці