• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларусь не выконвае ніводную рэкамендацыю ААН — даклад БАЖ і Free Press Unlimited

    У лістападзе 2025 года Працоўная група УПА ААН чацвёрты раз разгледзіць сітуацыю са свабодай выказвання меркавання ў Беларусі. Беларуская асацыяцыя журналістаў сумесна з арганізацыяй Free Press Unlim­it­ed падрыхтавалі адпаведны даклад.

    калючы дрот

    Пасля фактычнай забароны незалежным медыям працаваць у Беларусі сітуацыя са свабодай слова толькі пагаршаецца. Фота: unsplash

    У лістападзе 2025 года Працоўная група па Універсальным перыядычным аглядзе (УПА) на чарговай сесіі разгледзіць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Сесія падсумуе, як афіцыйны Мінск выконваў рэкамендацыі, дадзеныя яшчэ ўвосень 2020  года ў сферы правоў чалавека.

    Рэкамендацыі, якія Беларусь прыняла, насамрэч не выконваюцца

    Тады на адрас Беларусі паступілі 266 рэкамендацый, якія сфармулявалі краіны-ўдзельніцы ААН. З 266 рэкамендацый Беларусь прыняла каля паловы, прычым прыняла як ужо выкананыя (то-бок, беларускі ўрад заяўляе, што гэтыя рэкамендацыі выкананыя), тлумачыць юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка.  Рэкамендацыі агульнага характару (кшталту забяспечыць свабоду выказвання меркаванняў) Беларусь лічыць выкананымі: у Канстытуцыі прапісана свабода слова, значыць, на думку палітычнага рэжыма, рэкамендацыя выкананая.

    Яўген Пыльчанка

    Яўген Пыльчанка. Фота: з сайта defendersbelarus.org

    Агульнапалітычныя рэкамендацыі — вызваліць палітзняволеных і спыніць рэпрэсіі — беларускі рэжым не прыняў увогуле, бо адмаўляе сам факт ажыццяўлення рэпрэсій.

    Рэкамендацыі, якія Беларусь прыняла, насамрэч не выконваюцца, — канстатаваў Яўген Пыльчанка.

    Беларусь ужо тройчы станавілася аб’ектам разгляду УПА ААН: у 2010, 2015 і 2020 гадах. На восеньскай сесіі будзе разглядацца Нацыяльны даклад (афіцыйны Мінск адкажа, як выконвае рэкамендацыі і падасць даклад пра стан з правамі чалавека ў краіне). Офіс вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН на падставе інфармацыі розных структур і працэдур ААН падасць свой даклад. Трэці даклад таксама рыхтуе офіс Вярхоўнага камісара на падставе інфармацыі ад розных «зацікаўленых бакоў» (праваабарончыя арганізацыі, НДА і г.д.).  То-бок, трэці даклад гэта сціслы пераказ інфармацыі, якую ў працоўную групу па УПА накіравалі розныя зацікаўленыя бакі.

    БАЖ паўдзельнічаў у працы над кааліцыйным дакладам. У дадатак да яго БАЖ разам з FPU таксама падаў сумесны даклад, які тычыцца толькі сферы свабоды выказвання меркавання і свабоды інфармацыі / медыясвабод.

    Мы прааналізавалі тыя рэкамендацыі, якія Беларусь прыняла, і прыйшлі да высновы: ніводная рэкамендацыя не выконваецца. Правы ў сферы свабоды выказвання меркавання не выконваюцца: і заканадаўства, і практыка супярэчаць міжнародным стандартам свабоды слова, — адзначыў Яўген Пыльчанка.

    Аўтары даклада не ставілі перад сабой задачу ацаніць ступень «закручвання гаек»:

    Пасля фактычнай забароны незалежным медыям працаваць у Беларусі сітуацыя са свабодай слова толькі пагаршаецца, — рэзюмаваў юрыст.

    БАЖ і Free Press Unlimited рэкамендуюць

    У дакладзе сфармуляваныя рэкамендацыі, якія могуць быць накіраваныя Беларусі па выніках чацвёртага цыклу УПА на сесіі, якая адбудзецца ў лістападзе 2025 года.

    a. Вызваліць усіх журналістаў і работнікаў медыя, зняволеных за працу ў медыясектары і рэалізацыю права на свабоду выказвання меркавання.

    b. Спрыяць плюралістычнаму і незалежнаму медыяасяроддзю праз спыненне запалохвання і пераследу журналістаў як унутры краіны, так і за яе межамі, у тым ліку спыніўшы ператрусы, канфіскацыю маёмасці і адвольныя затрыманні.

    c. Скасаваць «экстрэмісцкі» статус, нададзены незалежным медыя і недзяржаўным арганізацыям.

    d. Спыніць празмернае выкарыстанне «экстрэмісцкага» статусу як сродку прымусіць замаўчаць крытычныя галасы і забяспечыць празрыстасць працэдуры надання такога статусу, а таксама гарантаваць, што гэтая працэдура адпавядае прынцыпам належнай прававой працэдуры, уключаючы стварэнне механізму абскарджання рашэнняў.

    e. Рэфармаваць прававую сістэму для прывядзення яе ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў сферах свабоды прэсы, свабоды мірных сходаў, а таксама права на абарону ад катаванняў і жорсткага абыходжання. Гэта павінна ўключаць, сярод іншага, скасаванне паўнамоцтваў Міністэрства інфармацыі спыняць дзейнасць СМІ, адмену патрабавання акрэдытацыі для журналістаў і зняцце забароны на асвятленне масавых мерапрыемстваў у прамым эфіры.

    f. Скасаваць абмежаванні доступу да інтэрнэту і лічбавую цэнзуру, уключаючы пазасудовую блакіроўку сайтаў, адключэнне інтэрнэту і прымусовую канфіскацыю даменных імёнаў па рашэнні Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце.

    g. Унесці наступныя змены ў Крымінальны кодэкс:

    • дэкрыміналізаваць дыфамацыю (артыкулы 188, 367, 368, 369, 369–1, 391, 444);
    • дэкрыміналізаваць удзел у мірных масавых мерапрыемствах (артыкул 342);
    • змяніць артыкул 411, каб гарантаваць, што турэмныя тэрміны не будуць адвольна падаўжацца.

    h. Унесці змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, каб гарантаваць, што штрафы і адміністрацыйныя арышты не будуць ўжываюцца да асоб, якія ажыццяўляюць сваё права на свабоду выказвання меркавання і свабоду сходаў.

    i. Расследаваць і прыцягнуць да адказнасці за ўсе выпадкі гвалту і пераследу, у тым ліку тыя, што адбываюцца ў месцах утрымання пад вартай і ў дачыненні да журналістаў у выгнанні.

    j. Аднавіць узаемадзеянне з сістэмай ААН у сферы правоў чалавека, прыняць меры па спыненні адвольных затрыманняў і забеспячэнні права на свабоду выказвання меркавання, свабоду мірных сходаў і свабоду аб’яднанняў, а таксама забяспечыць адказнасць за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека.

    k. Дазволіць праваабарончым арганізацыям і структурам грамадскага кантролю ажыццяўляць маніторынг стану свабоды прэсы ў Беларусі.

    Даведка

     Універсальны перыядычны агляд (УПА) — гэта ўнікальны механізм Савета па правах чалавека, які заклікае ўсе дзяржавы—члены ААН кожныя чатыры з паловай гады праходзіць экспертную ацэнку сітуацыі ў галіне правоў чалавека. Універсальны перыядычны агляд дае кожнай дзяржаве рэгулярную магчымасць:

    • паведамляць аб мерах, прынятых для паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў гэтых краінах і для вырашэння праблем, якія перашкаджаюць ажыццяўленню правоў чалавека; а таксама
    • у мэтах пастаяннага ўдасканалення атрымліваць рэкамендацыі ад дзяржаў-удзельніц ААН на падставе экспертных меркаванняў мноства зацікаўленых бакоў і даных перадсесійных дакладаў.

    УПА заснаваны ў сакавіку 2006 года рэзалюцыяй 60/251 Генеральнай Асамблеі ААН.

    Ад першага перыядычнага агляду ў 2008 годзе кожная са 193 дзяржаў-удзельніц ААН прайшла агляд тройчы. Чацвёрты цыкл агляду пачаўся ў лістападзе 2022 года на 41-ай сесіі Працоўнай групы па УПА.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2025 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у 2025 годзе ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Калегі ў турмах. Спіс зняволеных журналістаў. Спіс медыя, названых «экстрэмісцкімі» арганізацыямі альбо фармаваннямі
    31.12.2025
    Акцэнты

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне распачаць разбіральніцтва наконт сітуацыі вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў на сваім пасяджэнні 14 жніўня разгледзела сітуацыю вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. З інфармацыяй пра такія абвінавачанні да Праўлення звярнуўся сам Гарэцкі.
    14.08.2025

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    23.12.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.