• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Пачынаў жыццё ад пачатку 6 разоў». Дарафееў пра бежанства, эфэкт Карлсана, «карысных ідыётаў» і беларусаў пад тонамі расійскага кантэнту

    Госць Ганны Соўсь у эфіры «Радыё Свабода» — папулярны беларускі і ўкраінскі вядоўца, мэдыяаналітык Сяргей Дарафееў. «Свабода» абмяркоўвае з ім уздзеянне рознага кшталту прапаганды падчас вайны і брутальных рэпрэсій.

    Дарафееў аналізуе, у які бок рухаецца беларуская прапаганда пасля 2020 году, чаму яе тварам стаў Рыгор Азаронак, чым ягоны стыль адрозніваецца ад Зімоўскага. А яшчэ тлумачыць свой пост у Фэйсбуку пра бежанства і разважае пра тое, што чакае Беларусь.

    Вядоўца ток-шоў тэлеканалу АНТ «Выбар» Сяргей Дарафееў быў звольнены пасьля 19 сьнежня 2010 году, калі ў ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў задаў у жывым этэры некалькі непрыемных пытаньняў Лідзіі Ярмошынай, пасьля чаго тая пакінула студыю. Сяргей Дарафееў зьехаў тады ва Ўкраіну, дзе працаваў на ўкраінскім тэлеканале «Інтэр», на 5‑м украінскім тэлеканале. У 2012 годзе атрымаў тэлевізійную прэмію Ўкраіны «Тэлетрыюмф-2012». Пазьней Сяргей Дарафееў быў тры з паловай гады вядоўцам тэлепраграмы «Настоящее время». Цяпер удзельнічае ў шэрагу мэдыйных праектаў у ЭЗ.

    Ніжэй — фрагмэнты гутаркі

    Беларуская прапаганда як прынцып савецкай сталоўкі

    — Сяргей, я працытую твой нядаўні допіс у Фэйсбуку пра інтэрвію Пуціна амэрыканскаму вядучаму Такеру Карлсану: «Заморскі госьць Карлсан, які прыляцеў у Маскву, зусім не бяскрыўдны, як камусьці здаецца. Гэта працяг агіднай гісторыі пра новую, самую сучасную вэрсію прапаганды і маніпуляцый». Патлумач пра самую сучасную вэрсію прапаганды і маніпуляцый.

    — Каб гаварыць пра сучасную вэрсію, трэба сказаць пра тое, на чым усё будуецца, з чаго пачыналася і чаму прапаганда працуе ў Беларусі. Я думаю, што гэта вынік грамадзянскай падатлівасьці. Яшчэ гэтаму паспрыяла тое, што Беларусь ня ведала разнастайнасьці тэлеканалаў, як Украіна, што ў беларусаў няма досьведу гэтай нагледжанасьці, досьведу выбіраць з многіх меркаваньняў. Пасьля 1996 году Беларусь ня ведала хаця б контураў цывілізаванага парлямэнтарызму, каб была палеміка, спрэчкі, каб быў прынцып палітычнага спаборніцтва. Усяго гэтага ў нас няма. У нас, адрозна ад Украіны, на сталай аснове не паказвалі ў этэры паседжаньні парлямэнту. Працаваў прынцып савецкай сталовай — ежце тое, што вам даюць, бо хутка і гэтага можа ня быць. Гэта асноўныя прычыны.

    Прапаганда і маніпуляцыі сталі часткай гібрыднай вайны. Сам Пуцін прызнае, што ў Расеі нястачы мабілізаваных няма. Гэта таксама вынік прапаганды. А таксама вынік галечы ў Расеі, памножанай на безвыходнасьць і на жаданьне сублімаваць. Бо прапаганда — гэта ня столькі хлусьня, паўпраўда, колькі гэта такая тонкая гульня на пачуцьцях людзей, кім яны хочуць падавацца і кім не зьяўляюцца.

    «Не пра карысных ідыётаў, а пра злых геніяў, як называюць таго ж Карлсана»

    — Чым небясьпечнае для ўкраінцаў і беларусаў добра падрыхтаванае інтэрвію Карлсана з Пуціным?

    — Калі ў фокусе ўвагі будзе жыхар занядбанага гарадка ў Расеі ці Беларусі, то гэты чалавек, лежачы на канапе перад тэлевізарам, можа пагражаць, як аказалася, самому Байдэну словамі Карлсана ці Салаўёва, каго ён часьцей глядзіць. Маленькі чалавек у сваіх вачах становіцца вялікім без дадатковай працы і адукацыі. Так працуе прапаганда. Гэтая формула выдатна працуе ў краінах, дзе не працуюць сацыяльныя ліфты. Тэлевізар ва ўсёй гэтай гісторыі — зручнае самаапраўданьне. Потым людзі, якія маўчаць з розных прычынаў ці актыўна падтрымліваюць уладу, будуць казаць: адкуль мы маглі ведаць праўду, калі па тэлевізары пра гэта не гаварылі?

    Калі рэзюмаваць, то сучасная прапаганда і маніпуляцыя — гэта сумесь маркетынгу, псыхалёгіі і розных паліттэхналёгій. Што тычыцца Карлсана. У амэрыканскім істэблішмэнце кажуць, што ня Карлсан ідзе за парадкам дня — Карлсан сам вызначае гэты парадак дня. Нашаму чалавеку цяжка ўявіць, што існуюць такія трэнды, але ў ЗША гэта так. Карлсан падтрымлівае рэспубліканцаў і стрымлівае дэмакратаў. Таму расейская прапаганда ведае, да каго зьвяртацца. Яна ўздымае Карлсана на свае сьцягі. Я па працы вывучаў кантэнт розных ток-шоў, у тым ліку «60 минут» на канале «Россия» (дзе Скабеева крычыць). З прыблізна 300 праграмаў Карлсана цытавалі і паказвалі ў траціне выпускаў. Усё гэта абсалютна ўкладаецца ў тыя альгарытмы, якія пішуцца ў Крамлі.

    Цяпер мы жывём у той час, калі інфармацыя падаецца пульсавана, прычым на дакладную мэтавую аўдыторыю. Прычым такі панятак, як мэтавая аўдыторыя, беларускія кіраўнікі тэлеканалаў пачынаюць разумець і выкарыстоўваць у сваёй працы. Інфармацыя падаецца з ключавымі словамі, больш-менш слушна расстаўленымі акцэнтамі. І кожны прапагандыст, у тым ліку ў Беларусі, працуе на свайго гледача зь яго ўзроўнем адукацыі, выхаваньня. Адсюль пэўная лексыка ў прамовах некаторых беларускіх тэлевядоўцаў. Нічога не хачу гаварыць пра згаданага чалавека. Я б гаварыў пра больш адукаваных і тонкай гульні людзей. Не пра «карысных ідыётаў», а пра злых геніяў, як называюць таго ж Карлсана.

    — А ў Беларусі ёсьць такія людзі сярод прапагандыстаў?

    — Як бы я ні ставіўся да факту прапаганды і тых людзей, якія яе разносяць, я б не хацеў адказваць на гэтае пытаньне. Ёсьць яны ці не, кожны беларус, які думае адэкватна, разумее, каго ён бачыць у кадры і колькі кніжак у жыцьці прачытаў гэты чалавек.

    — Як зьмянілася і ў які бок рухаецца беларуская прапаганда пасьля 2020 году? Чаму яе тварам стаў такі дзяяч, як Рыгор Азаронак, і чым ягоны стыль адрозьніваецца ад папярэднікаў, таго ж Зімоўскага?

    — Ёсьць попыт, і ёсьць прапанова. Можна згадаць і расейскія ток-шоў, дзе махаюць кулакамі, лаюцца, прыносяць у студыю вёдры памыяў. У гэтых ток-шоў ёсьць свая аўдыторыя, якая на адной хвалі з пасыламі гэтых вядоўцаў. Я ўспамінаю Зімоўскага. Гэта таксама была беларуская прапаганда, сам Зімоўскі казаў, што ён яркі прадстаўнік і яе заснавальнік. Але гэта быў больш разумны і больш хітры чалавек. Яго не параўнаць зь цяперашнімі беларускімі вяшчальнікамі. Тады быў ягоны час, хоць адэкватныя беларусы не пераносілі яго гэтак жа, як і адэкватныя беларусы не пераносяць таго, што цяпер бачаць у беларускім тэлеэтэры, калі мы гаворым аб прапагандзе.

    «Беларускія гледачы так даўно знаходзяцца пад тонамі расейскага кантэнту, што не разумеюць, дзе расейскі, а дзе беларускі парадак дня»

    — Пад узьдзеяньнем якой прапаганды больш знаходзяцца беларусы — расейскай ці беларускай? Ці можна беларускай прапагандай назваць тое, што гучыць па БТ?

    — Беларускія гледачы так даўно знаходзяцца пад тонамі расейскага кантэнту, што ў мяне складаецца дакладнае адчуваньне, што яны не разумеюць, дзе расейскі, а дзе беларускі парадак дня. Беларусь цяпер настолькі шчыльна ў зоне ўплыву Расеі, ня толькі палітычнага, але і ідэалягічнага, што ніякі сярэднестатыстычны глядач ня зможа правесьці дакладную мяжу — гэтая гісторыя беларуская, а гэтая расейская.

    — Днямі ты апублікаваў у ФБ пранізьлівы пост пра бежанства, адчуваньне, якое блізкае сотням тысячаў беларусаў і мільёнам украінцаў. Ты даўно жывеш у Эўропе, тым ня менш адчуваеш сябе ўцекачом. Магчыма, твая парада магла б прыдацца людзям, якія былі вымушаныя зьехаць адносна нядаўна. Якія стадыі праходзіць уцякач, мяняючы розныя краіны? Ці патрэбная глыбокая інтэграцыя? Ці можна жыць на валізках, чакаючы магчымасьці вяртаньня?

    — Я напісаў, што адчуваю сябе бежанцам, бо я чалавек вельмі прывязаны да сваіх каранёў, да сваёй зямлі. Я называю сябе ўцекачом, бо ад сябе не ўцячы. Я люблю Менск і Кіеў, і гэтыя гарады я нашу ў сваёй галаве. Так, я сумую, пры гэтым я не хачу пускацца ў сэнтымэнтальнасьць. Я чалавек тонкай настройкі, для мяне важныя дэталі, паўтоны, які даюць мне сілы. Я зьяжджаў у 2011 годзе, калі атрымаў у Беларусі фактычна забарону на прафэсію, але ў мяне была магчымасьць сабраць рэчы і зьехаць на сваёй машыне. Я не ішоў праз балоты, я не хаваўся ў прычэпе фуры. Больш за тое, я зьяжджаў на гатовы, падпісаны яшчэ ў Менску кантракт з украінскім 5‑м тэлеканалам. Я зьяжджаў публічным чалавекам, гэтая падтрымка давала мне сілы.

    Я пачынаў жыцьцё ад пачатку 6 ці 7 разоў. Магу сказаць, што чалавек ніколі не даведаецца, колькі ў яго сілаў, пакуль не апынецца ў крытычнай сытуацыі. У такім сьвятле эміграцыю трэба ўспрымаць як пытаньне адказнасьці за тых, хто побач з намі. Найперш думаеш не пра сябе. Што тычыцца тапаграфіі беларусаў цяпер, то гэты тысячы кілямэтраў. Цяпер гэта народ, які расьсеяны па сьвеце, ён прадстаўлены ў асяродзьдзі іншых культураў і традыцый. Жыцьцё многіх пачалася ад пачатку. Мне вельмі зразумела, праз што праходзяць гэтыя людзі.

    Цяпер сьвет куды больш наводнены бежанцамі. Умоўны мільён беларусаў, якія зьехалі, тоне ў мільёнах украінцаў, плюс бежанцы з Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Бежанцы, якія сталі ня проста людзьмі з валізкамі, а сталі сур’ёзнай зброяй масавага паражэньня, часткай гібрыднай вайны. Тут наша задача, мігрантаў, захаваць сябе і ня даць зрабіць сябе ідэалягічнымі снарадамі Расеі і яе сатэлітаў.

    — Апошнім разам мы рабілі вялікае інтэрвію ў разгар падзеяў 2020 году, калі мірная беларуская рэвалюцыя была сапраўды масавай. І я памятаю, што тады ў цябе не было эўфарыі, а было адчуваньне трывогі, што спраўдзілася ў гады рэпрэсій. Як ты цяпер глядзіш на тое, што чакае Беларусь?

    — У мяне і цяпер няма эўфарыі, прычым яе няма ўвогуле. Не хачу нікога засмучаць. Мы часта чуем, што будуць коркі з аэрапорта «Менск» у горад. Не, корку ня будзе зь людзей, якія вяртаюцца на радзіму. Нічога раптам ня зьменіцца, я ня веру ў гэта. Нехта асядзе ў краінах, куды зьехаў. Асабліва сямейныя людзі зь дзецьмі. Нехта ня будзе сьпяшацца вяртацца пасьля зьменаў у Беларусі, бо ня будзе верыць у трываласьць гэтых зьменаў. Якія могуць быць зьмены? Калі зьявяцца новыя людзі ў той жа жалезабэтоннай сыстэме, то гэта ня зьмены. Беларусь усё больш губляе сваю суб’ектнасьць ва ўсіх сфэрах… Цяпер мы назіраем экспансію расейскага ўсяго. Я бачу, што зьмены ў Беларусі могуць адбыцца толькі пасьля кардынальных зьменаў у Расеі. Скажу наўпрост: Беларусь і ўсім сьветам успрымаецца ў абойме з Расеяй, хоць мы зусім розныя з Расеяй, мы больш з украінцамі падобныя.

    Чытайце яшчэ:

    «Спадзяюся, ў яе атрымаецца». Ксеніі Луцкіной за кратамі споўнілася 40

    Журналіст праекта Dekoder: «Доўгі час немцам пра падзеі ў Беларусі і Украіне распавядалі карэспандэнты з Масквы»

    Флэшмоб «21»: што рабілі і як выглядалі беларускія медыйшчыкі ў свае 21 год

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    «Медиазона» часто пишет новости о том, как заключенных отправляют в ШИЗО, ПКТ или переводят на тюремный режим. В колониях политзаключенные не сидят в камерах, а живут в бараках, ходят на работу по улице. Но даже этих «удобств» можно лишить. По сути, осужденные отбывают двойное наказание — часто по надуманным поводам — мерзнут в одиночных камерах, дышат хлоркой и не получают письма. «Медиазона» рассказывает, как наказывают тех, кто уже наказан заключением в колониию и СИЗО.
    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці