• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Пазл склаўся». Ігар Ільяш пракаментаваў гіпотэзу, якая пралівае святло на другі прысуд Кацярыне Андрэевай

    Муж асуджанай на восем гадоў і тры месяцы за «здраду дзяржаве» Кацярыны Андрэевай у фэйсбуку пракаментаваў версію, што журналістку маглі асудзіць па справе Сяргея Васільева. Ігар Ільяш зазначае, што абставіны справы жыхара Гомеля, які прызнаўся ў тым, што працаваў на КДБ, і пазней быў асуджаны на 11 гадоў, праліваюць святло на справу ягонай жонкі, цытуе «Наша Ніва».

    Нагадаем, што Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года на «Плошчы Перамен», калі вялі стрым з грамадскага развітання забітага Рамана Бандарэнкі. Спачатку яны атрымалі адміністрацыйныя суткі, але на волю іх не выпусцілі, а супраць дзяўчат была заведзена крымінальная справа. У лютым 2021 года яны былі асуджаныя на два гады калоніі.

    На волю журналісткі меліся выйсці ў верасні 2022 года. Дар’я Чульцова выйшла на волю 3 верасня, а Кацярыну Андрэеву ў лютым 2022 года перавялі ў гомельскі СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяннямі».

    Увесну 2022 года стала вядома, што Андрэевай выстаўлена новае абвінавачванне — у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса). Справу ў закрытым рэжыме разгледзеў суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка, які 13 ліпеня 2022 года прызначыў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Увесь гэты час не было ясна, за што пакаралі Кацярыну. І вось справа Сяргея Васільева пралівае святло на абставіны новага прысуду.

    «Мне задаюць шмат пытанняў, што я думаю наконт расследавання пра «аддаленага агента» і як стаўлюся да версіі, што другі вырак Кацярыне звязаны са справай Сяргея Васільева, у якога Каця ўзяла эксклюзіўнае інтэрв’ю ў чэрвені 2017 года. Калі адказаць каротка: мне падаецца гэта версія дастаткова пераканаўчай», — піша Ігар Ільяш.

    Ён зазначае, што з прысуду мінула ўжо амаль 14 месяцаў, а родныя па-ранейшаму пазбаўлены магчымасці даведацца, у чым канкрэтна Кацярыну абвінавацілі, на падставе якіх падзеяў узнікла крымінальная справа і калі тыя падзеі адбыліся. Аднак сам факт таго, што Васільеў, як высветлілі калегі, вярнуўся ў Беларусь і быў у 2021 годзе асуджаны за «здраду дзяржаве» (той жа 356‑ы артыкул КК, што і ў Кацярыны), дазваляе зрабіць пэўныя высновы.

    «Яшчэ ў самым пачатку, калі толькі стала вядома пра абвінавачванне Каці ў «здрадзе дзяржаве», я шмат разоў казаў, што ўпэўнены: схема стварэння новай справы, хутчэй за ўсё, цалкам паўтарае схему першай справы. То-бок ёсць нейкі журналісцкі матэрыял, зроблены ў адпаведнасці з усімі прафесійнымі стандартамі, які проста пастанавілі лічыць злачынствам — белае назвалі чорным, нават не спрабуючы нічога даказваць. У першым выпадку так было са стрымам з плошчы Перамен. Што было ў другім выпадку — над гэтым мы ламалі галаву ўвесь гэты час», — звяртае ўвагу журналіст.

    Ён зазначае, што спачатку было 4—5 версіяў, за якую рэзанансную журналісцкую публікацыю маглі пакараць жонку: «Аднак гэта былі «голыя» версіі без аніякіх зачэпак, таму пазл не складаўся. Рэч у тым, што калі спецслужбы пастанаўляюць лічыць журналісцкі матэрыял злачынствам, то гэта павінна пакідаць сляды. Я маю на ўвазе, што людзі, датычныя да гэтага матэрыялу (героі, крыніцы або суаўтары), мусяць таксама стаць абвінавачванымі, падазраванымі ці прынамсі сведкамі. А па ніводнай з маіх версіяў я такіх слядоў не знаходзіў. Пакуль калегі не даведаліся пра прысуд Сяргею Васільеву».

    «Здаецца, гэта якраз той кавалак галаваломкі, якога не хапала. Ён, на мой погляд, тлумачыць усе дзіўныя акалічнасці справы, пра якія я раней казаў:

    1) Справу супраць Каці распачалі органы не ў Мінску, а УКДБ па Гомельскай вобласці. Хаця Каця ніколі не жыла на Гомельшчыне і яе журналісцкія тэксты, звязаныя з гэтым рэгіёнам, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Акрамя інтэрв’ю з Васільевым, усё астатнія абсалютна шараговыя і бяскрыўдныя, накшталт атмасфернага рэпартажу з Гомеля падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны… Затое ў Гомелі жыў і працаваў на мясцовае УКДБ агент Васільеў.

    2) Вярхоўны суд (апеляцыйная інстанцыя) скарэктаваў фармулёўку прысуду Каці з «выдачы дзяржаўных сакрэтаў» (як у Васільева) на «шпіянаж». Ну, усё зразумела. Каця не валодала сакрэтамі, а проста задавала пытанні — гэта лагічней нацягваць на «шпіянаж». А ў Васільева застаецца «выдача».

    3) Поўная адсутнасць публічнай інфармацыі — нават у фармаце прапагандысцкай прапрацоўкі і зліваў. Ну правільна, занадта далікатная тэма, каб яе ўвогуле закранаць у інфармацыйнай прасторы», — кажа Ігар Ільяш.

    Ён адзначае, што наўмысна выносіць за дужкі кейс Цыганкова, бо не гатовы ацэньваць гэтую лінію з расследавання калег.

    «Не ведаю, ці мела месца «зачыстка сведкаў», помста або проста спрацавала логіка «чаму б не пасадзіць журналістку на 8 гадоў, калі цяпер усё дазволена?» Але ў мяне амаль не застаецца сумневаў у тым, што вырак Каці звязаны са справай Васільева.

    Ігар Ільяш таксама просіць не называць матэрыял Кацярыны расследаваннем, бо журналісцкае расследаванне — «гэта калі ты сам распрацоўваеш ідэю, шукаеш крыніцы, пераконваеш чалавека пагутарыць і выцягваеш новыя факты. Такіх артыкулаў у Каці было шмат. Але ў дадзеным выпадку гэта было проста інтэрв’ю плюс фактчэкінг».

    «Васільеў сам звярнуўся ў рэдакцыю і сказаў, што хоча распавесці пра сваю працу ў КДБ. Рэдактар даў Каці кантакт гэтага чалавека ў Шчэціне (тады Васільеў жыў у Польшчы) і даручыў пагутарыць з ім. Усё. Па сутнасці, гэта было руціннае рэдакцыйнае заданне: напісаў і забыў. На працягу амаль пяці гадоў нікому і ў галаву не магло прыйсці, што гэту працу можна абвясціць злачынствам», — рэзюмуе Ігар Ільяш.

    Чытайце яшчэ: 

    Страчаныя супольнасці. У Вільні абмяркоўваюць галоўны выклік для журналістыкі рэгіёна

    Аўтар 21 тысячы артыкулаў у Вікіпедыі судзіўся з БРСМ-актывісткай. Што з імі пасля гэтага стала

    МФЖ и ЕФЖ поддерживают БАЖ в ситуации с паспортами белорусских коллег

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці