• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шэсць наратываў, якія расійская прапаганда распаўсюджвае ў Босніі і Герцагавіне

    Супрацьстаянне расійскай прапагандзе ў часы вайны ва Украіне — гэта тое, што яднае многія краіны: Беларусь, Украіну, Грузію, Арменію, Азербайджан, Паўночную Македонію, Сербію. Што рабіць з гэтым і як можна злучыць намаганні ў барацьбе з крамлёўскімі фэйк-ньюс журналісты, фактчэкеры, даследчыкі і іншыя эксперты з гэтых краін абмяркоўвалі ў сталіцы Босніі і Герцагавіны. Адмысловую канферэнцыю ў Сараеве ў гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 23-25 лютага зладзіла Еўрапейская служба знешніх сувязяў (EEAS).

    Большая яе частка прайшла па правілах Chatem House, то бок удзельнікі пагадзіліся падзяліцца думкамі і досведам на ўмовах неразгалошвання інфармацыі звонку. Што прэзентавалі публічна, дык гэта вынікі аналізу распаўсюду расійскай прапаганды ў баснійскіх медыя ў 2022. Даклад зрабіла Ціяна Цвецічанін (Tijana Cvjetićanin), якая шмат гадоў працуе ў фактчэкінгавых ініцыятывах і цяпер узначальвае рэдакцыйную калегію заснаванай у 2017 годзе баснійскай фактчэкінгавай платформы Raskrinka­van­je. 

    Фэйк-ньюс наконт вайны ва Украіне пранікаюць у грамадства праз перадрукі расійскіх навін, а таксама праз сербскі “Спутник”.

    — Мы зрабілі фактчэкінг больш за 1000 артыкулаў, пастоў у сацыяльных сетках і іншых адзінак кантэнту. У тым ліку і тыя, пра якія мы атрымалі сігналы ад нашай аўдыторыі. Мы зрабілі аналіз гэтых матэрыялаў і вылучылі тое, што мы назвалі дэзынфармацыйнымі наратывамі. Пры гэтым мы ацэньвалі, наколькі важнымі з’яўляюцца гэтыя наратывы. Напрыклад, тое, што размяшчае дзяржаўны вяшчальнік, для нас было больш актуальным, чым ананімны пост у сацсетках, — тлумачыць Ціяна Цвецічанін.

    У выніку атрымалася вылучыць шэсць найбольш папулярных непраўдзівых наратываў пра вайну ва Украіне, якія распаўсюджвае расійская прапаганда і якія трапілі ў інфаполе аўдыторыі з Босніі і Герцагавіны. То бок улічваліся заведама хлуслівыя гісторыі, якія скажаюць успрыняцце рэчаіснасці і ўводзяць у зман таго, хто чытае навіны пра Украіну. 

    Варта заўважыць, што гэтыя наратывы цыркулююць таксама і ў беларускім інфаполі.

    1.“Украіна і краіны Захаду распрацоўваюць або плануюць распрацаваць атакі з выкарыстаннем біялагічнай і ядзернай зброі”

    Гэты непраўдзівы тэзіс распаўсюджваецца праз артыкулы і сюжэты пра біялабараторыі. Напрыклад, што ЗША збіраецца пабудаваць ва Украіне біялабараторыі, у якіх будзе праводзіць эксперыменты з біялагічнай зброяй, якую нібыта пратэстуюць на рускім насельніцтве. Няма ніякіх пацверджанняў гэтым фактам, таксама як і існаванню якіх-кольвек біялабараторый у рэальнасці і ядзернай зброі.

    Тым не менш, гэты наратыў мае сваіх паслядоўнікаў, асабліва сярод тых, хто падтрымлівае канспіралагічныя тэорыі.

    — Мы знайшлі пацверджанні, што ў Босніі і Герцагавіне ў гэта верылі вельмі моцна, — зазначае прадстаўніца фактчэкінгавай ініцыятывы.

    2. Гларыфікацыя расійскай арміі і яе перамог

    Гэты наратыў падтрымліваюць гісторыі пра нібыта высокатэхналагічную расійскую армію, яе геніяльную стратэгію. Сюды ж адносяцца заявы пра тое, што расійскія войскі ніколі не трапляюць па грамадзянскіх аб’ектах. Задача такога кантэнту — падтрымліваць трыўмфалісцкі настрой у тых, хто знаходзіцца на баку Расійскай Федэрацыі ў гэтым канфлікце.

    Гэта не новы наратыў, ён і раней існаваў у медыя рэгіёна, асабліва ў “Спутник Сербия”, які гадамі выпраменьвае такога кшталту прапаганду.

    — Асабліва шмат было гэтай інфармацыі ў першыя дні ўварвання, і шмат падтрымкі асабліва з боку “правых” рэсурсаў у рэгіёне, — каментуе Ціяна Цвецічанін.

    3. Тлумачэнне, чаму вайна пачалася: “Расія абараняе сябе ад ворага ў выглядзе НАТА”

    Наратыў паходзіць каранямі з палітычнага міфа, што НАТА парушыла даўняе абяцанне не праводзіць экспансію на Усход. Тут Крэмль сцвярджае, што Расія атакавала ў мэтах самаабароны.

    — Напэўна, гэта найбольш распаўсюджаны наратыў у нашым коле: быццам бы насамрэч гэта НАТА вядзе проксі-вайну ва Украіне, а Расія змагаецца супраць НАТА, — робіць рэмарку Ціяна Цвецічанін.

    4. “Украіна — нацысцкая краіна, і Расія вызваляе брацкі народ”

    Гэты наратыў паходзіць найбольш з прамоў і артыкулаў Пуціна, дзе сцвярджалася, быццам бы Украіна нават не самастойная дзяржава. Упор робіцца на тое, што ва Украіне недэмакратычным шляхам абранае кіраўніцтва, а толькі нацысцкі рэжым. Расія ў гэтай сітуацыі “вызваляе брацкі народ ад нацызму” — гэта ідэя зноў жа з прамовы Пуціна. Артыкулы на гэтую тэму апісваюць, што Украіна быццам бы здзяйсняе або плануе здзейсніць генацыд рускамоўнага насельніцтва. Краіны Захаду пры гэтым абвінавачваюцца ў падтрымцы нацызму.

    5. “Санкцыі супраць Расіі працуюсь супраць тых, хто іх уводзіць”

    Раскручванне тэмы санкцый супраць Расіі таксама папулярнае ў баснійскіх медыя. Наратыў прэзентаваны ў выглядзе гісторый пра тое, што Расію, маўляў, насамрэч не закранаюць санкцыі краін ЕС і ЗША, і больш за тое, яны “нават умацоўваюць эканоміку”. Прасоўваецца ідэя, што санкцыі бумерангам робяць горш тым, хто іх уводзіць. У падтрымку гэтага — апакаліптычная карцінка Еўропы без ежы, ацяплення, электрычнай энергіі і гэтак далей.

    6. “Фэйк-ньюс пра фэйк-ньюс”: абвінавачанне заходніх медыя ў хлусне

    Наратыў базуецца на тым, што заходнія медыя фармуюць хлуслівы вобраз Расіі. Яны нібыта робяць пастаноўкі сцэн вайны ва Украіне, несправядліва абвінавачваючы Расію, выкарыстоўваюць для гэтага акцёраў. 

    Тролі ў сацсетках, заходнія медыя фармуюць “хлуслівы вобраз Расіі”. Заявы пра злачынствы супраць грамадзянскага насельніцтва — быццам бы таксама заходнія фэйкі. 

    — Гэта мы таксама назіралі ў нашым рэгіёне ў 90‑я, — узгадвае спікерка.

    Напрыклад, у Сербіі мы мелі вельмі падобную афіцыйную прапаганду, якая кожны рэпартаж пра вайну (Баснійская вайна 1992–1995) называла хлуснёй, пастаноўкай, “сербафобіяй” і гэтак далей.

    — Гэты наратыў выкарыстоўваецца шматлікімі рэсурсамі ў рэгіёне, нібыты ў іх ёсць нейкі ўзор для стварэння кантэнту па той самай схеме, — дадае яна.

    Гэта, вядома, не адзіныя фэйкі, якія распаўсюджвае прапаганда Крамля, але найбольш папулярныя ў баснійскіх медыя. Акрамя іх аналізаваліся таксама і сербскія, бо яны ахопліваюць аўдыторыю Босніі і Герцагавіны і іншых краін рэгіёна. Па высновах ініцыятывы Raskrinka­van­je, адзін з самых актыўных трансмітараў фэйкаў — сербскі “Спутник”. У публічных баснійскіх медыя хлуслівыя наратывы з’яўляліся пераважна праз распаўсюд артыкулаў з расійскіх медыя, а не ўласную вытворчасць фэйкаў. 

    Чытайце яшчэ:

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

    Родныя журналіста Дзяніса Івашына не могуць даведацца, дзе ён знаходзіцца

    Канал «Беларусь 5» у YouTube, хутчэй за ўсё, быў узламаны, ён перайменаваны ў Tesla

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці