• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што пісалі да 8 сакавіка беларускія газеты 90, 50 і 10 год таму?

    Як атрымалася, што з Дня салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы 8 сакавіка пераўтварылася ў “цукеркава-букетнае” свята? І як гэта адлюстроўвалася ў медыя.

    8 сакавіка ў выглядзе, які мы назіраем сёння — кветкі і падарункі “для мілых дам”, з амаль выхалашчаным палітычным зместам — святкуецца прыкладна з 1960‑х.

    Пачалося ж усё 8 сакавіка 1908 года ў ЗША, калі на заклік нью-ёркскай сацыял-дэмакратычнай жаночай арганізацыі адбыўся мітынг з лозунгамі пра раўнапраўе жанчын. У 1910‑м дзяячка нямецкага і міжнароднага камнуністычнага руху Клара Цэткін (вуліца яе імя ёсць у Мінску) прапанавала заснаваць Міжнародны жаночы дзень як свята салідарнасці працоўных жанчын у барацьбе за роўныя з мужчынамі правы. Прапанова была падтрыманая пераважна сацыялістычнымі краінамі. У СССР 8 сакавіка святкавалася з 1921 г. у памяць аб дэманстрацыі ў Петраградзе ў 1917‑м, з якой пачалася Лютаўская рэвалюцыя. З 1966 г. 8 сакавіка ў СССР стала непрацоўным днём.

    Паступова свята ў масавай свядомасці перастала асацыявацца з пытаннямі правоў жанчын і фактычна набыло супрацьлеглы першапачатковаму сэнс, замацоўваючы гендэрную няроўнасць.

    “Наша ніва” ўжо ў 1913 і 1914-ым пісала пра дэманстрацыі, што ладзіліся на жаночых курсах з мэтай падтрымкі стачак студэнтаў. Падкрэслівалася, што нароўні са студэнтамі ў стачках удзельнічаюць студэнтКІ.

    У гэта, можа быць, складана паверыць сёння, але ў даваенных афіцыйных зваротах партыі і ўрада, прымеркаваных да Міжнароднага жаночага дня, адсутнічае ўсялякая лірыка, жанчына разглядаецца як палітычны і эканамічны суб’ект, а таксама як маці. У нумарах за 7 – 9 сакавіка святкаванне Міжнароднага жаночага дня з 1920‑х (верагодна, у сувязі з увядзеннем дзяржаўнага свята) становіцца значнай тэмай. Выключэнне — ваенныя выпускі і 1953 год (смерць Сталіна). Жанчын заклікаюць: “Мацней гуртуйцеся вакол кампартыі!”, якая ўспрымае іх як аб’ект “узняцця культурнага і палітычнага ўзроўню”, акцэнтуючы ўвагу на “адсталасці і няроўнасці работніцы і сялянкі”.

    У даваенных газетах да жанчын нават не звяртаюцца на пачатку артыкула-адозвы ЦК, іх не віншуюць. Гэтыя артыкулы носяць паведамляльны характар, кшталту “на засяданні ЦК напярэдадні 8 сакавіка зазначылі…”

    Зварот да жанчын становіцца формай віншавання ў афіцыйнай прэсе толькі ў канцы 1950‑х. Мабыць, у сталінскую эпоху ўлада не ўспрымала жанчыну як аб’ект для віншаванняў, 8 сакавіка пісалі пра яе, але не для яе.

    У другой палове 1940‑х — пачатку 1960‑х асабліва яўнымі становяцца акцэнты на мацярынства, што выклікана неабходнасцю паправіць дэмаграфічнае становішча краіны пасля вайны. Падкрэсьліваецца патэрналісцкая роля дзяржавы: “кампартыя, савецкі ўрад акружылі жанчыну пастаяннай увагай і клопатамі”,  “мнагадзетныя маці ўзнагароджваюцца ордэнамі і медалямі, атрымліваюць дзяржаўную дапамогу”, “партыйныя арганізацыі і дзяржаўныя органы павінны быць непрымірымымі да кожнага выпадку знявагі годнасці жанчыны, непавагі да яе мацярынскіх абавязкаў”, “партыя і дзяржава ўсё робяць для таго, каб поўнасцю ліквідаваць рэшткі няроўнага становішча жанчын у быце, стварыць такія сацыяльна-бытавыя ўмовы, якія далі б магчымасць спалучаць шчаслівае мацярынства з усё больш актыўным і творчым удзелам жанчын у грамадскай працы”.

    З пачатку 1950‑х на старонках прэсы, што выходзіць да 8 сакавіка, пачынаюць з’яўляцца артыкулы пра асобных жанчын-работніц, якія называюцца па прозвішчах, расказваецца пра іх вытворчыя дасягненьні, часамі змяшчаюцца фотаздымкі — падыход становіцца больш персаналізаваным.

    У нумарах газеты “Звязда” за 5 і 6 сакавіка 1958 г. змешчаны абвесткі аб датэрміновым прыёме віншавальных тэлеграм да 8 сакавіка. З гэтага можна зрабіць вынік, што свята стала масавым, людзі актыўна віншуюць адзін аднаго. У канцы 1960‑х паведамляецца пра перадсвяточную мітусню ў крамах.

    У 1960‑х падыход да віншаванняў набывае адценне лірычнасці, у газетах з’яўляюцца вершы, выявы кветак, рэклама падарункаў. Нават выходзяць тэматычныя “жаночыя” нумары да 8 сакавіка, што па змесце нагадваюць сучасныя глянцавыя часопісы: кулінарныя рэцэпы і “рэцэпты прыгажосці”, “жаночыя гісторыі”. Мабыць, такія нумары ўспрымаліся як падарунак газеты сваім чытачкам.

    У святочных віншаваннях 1970‑х тэма мацярынства набываю такую ж значнасць, як тэма працы. Ужо мала згадваецца рэвалюцыя, але падкрэслівацца ўдзел жанчын у ВАВ разам з мужчынамі. Тым жа часам у апісанні жанчын з’яўляецца больш індывідуальнага: “невысокага росту стройная дзяўчына” (пра першую свінарку ў калгасе). У 1980‑х тэма мацярынства выходзіць на першы план, у 1990‑х паступова яна саступае  месца ў віншаваннях кампліментам прыгажосці і жаноцкасці: “у апошні час мы пазбавіліся ад многіх ранейшых стэрэатыпаў: усё менш захапляемся і ставім у прыклад жанчын-ударніц… мы вяртаемся да вечнага… вечная жаноцкасць… і вобраз жанчыны звязваем… не з вытворчымі перамогамі і не з новымі дасягненнямі эмансіпацыі, а з паняццямі вечнымі… дамашняга цяпла, мацярынскай ласкі, жаночай прыгажосці…”

    Першапачатковы змест свята наўпрост адмаўляецца. Напрыклад, права жанчын займацца палітыкай параўноўваецца… з правам валяцца ў лужыне. Жанчынам выказваюцца пажаданні, “каб не клікалі вас на 8 сакавіка на мітынгі і маршы пратэсту, ці на новыя працоўныя подзвігі” (“Звязда”, 1993 г.). А ў 1994‑м тая ж газета на сваіх старонках нават вінаваціць (!) жанчын у тым, што “80 год таму выйшлі “стройнымі шэрэнгамі”, каб задаволіць свае эканамічныя і палітычныя амбіцыі. Ці ваша гэта была справа?” Праўда, з’яўляюцца артыкулы пра жаночыя фонды, псіхалагічныя праблемы, пра жанчын у гісторыі Беларусі, у традыцыйна “мужчынскіх” прафесіях — “жаночая” тэма ў медыя набывае некаторую разнастайнасць. Аднак, нават пішучы аб прадпрымальніцах, медыя падкрэсліваюць, што такія жанчыны на першае месца ўсё роўна ставяць сям’ю.

    Можна сказаць, што пасля распаду СССР 8 сакавіка – гэта Дзень жанчын. Дзень жанчын, якія хочуць быць прыгожымі, добрымі і пяшчотнымі. 

    Найноўшая гісторыя Беларусі адлюстроўваецца нават у суб’екце, які віншуе жанчын з 8 сакавіка ў прэсе. Напрыклад, у газеце “Звязда” з 1917 г. і ажно да перабудовы віншаванне апублікавана як адозва ЦК Партыі. На пачатку 1990‑х назіраецца пэўная разгубленасць, з’яўляюцца нават віншаванні, падпісаныя прозвішчамі журналістаў. У 1994 г. афіцыйныя віншаванні вяртаюцца (прынамсі, у газету “Звязда”): да жанчын звяртаюцца Прэзідыум Вярхоўнага Савета і асабіста Вячаслаў Кебіч. У 1995 г. віншуе асабіста прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і Прэзідыум Вярхоўнага Савета. З 1999 г. віншуе жанчын са старонак “Звязды” толькі прэзідэнт.

    У віншаваннях з 8‑м сакавіка адлюстроўваецца і складаная эканамічная сітуацыя 1990‑х: незаможным мужчынам раяць “падараваць сваім жанчынам прызнанне ў каханні”, не забыцца сказаць, што іхняя спадарожніца па жыцці — прыгожая і абаяльная.  У сярэдзіне 1990‑х у сувязі з развіццём рынкавай эканомікі гучыць пасланне, што жанчына не хоча працаваць, хоча вярнуцца дамоў, а мужчына ёй не дазваляе. Сам ляжыць на канапе\сядзіць на пасадзе, і толькі раз на год “прачынаецца” і дарыць кветкі. Назіраецца тэндэнцыя друкаваць замест гісторый “простых” жанчын, пабудаваных па савецкіх канонах, аповяды пра свецкіх ільвіц эпохі грамадства спажывання.

    “Наша ніва” з часу свайго аднаўлення ў 1991‑м наступныя 10 гадоў увогуле амаль не публікавала віншаванняў ні з якімі святамі. У 2000‑м, мабыць, у сувязі з прыходам на пасаду галоўнага рэдактара Андрэя Дынько, сітуацыя рэзка памянялася. НН пачынае надаваць 8‑му сакавіка нават больш увагі, чым афіцыйныя медыя (але не штогод). Са старонак выдання вынікае, што ўжо ў 2000‑х з’сталася папулярнаю тэндэнцыя беларускім рок-музыкам віншаваць жанчын з 8‑м сакавіка канцэртамі. Друкуюцца развагі вядомых беларусак аб цяжкасцях на шляху да кар’ернага росту і творчага поспеху. Практычна ўсе вылучаюць хатнія клопаты і сям’ю як фактары, што ў пэўнай меры абмяжоўваюць творчае і прафесійнае развіццё, тым не менш лічаць гэтыя фактары абавязковымі для поўнай і паспяховай рэалізацыі жанчыны. Меркаванні, выказанныя на старонках НН да 8 сакавіка, часта супярэчаць адно аднаму і меркаванню рэдакцыі. Яно і добра. У матэрыялах пра жанчын творчай сферы часта прысутнічаюць згадкі пра мужоў гераінь і паведамленні пра тое, што яны ўтрымліваюць сваіх жонак.

    У сакавіку 2006-га ніякіх згадак пра Міжнародны жаночы Дзень у НН эксперткай Яўгеніяй Станкевіч знойдзена не было, мабыць, усім свядомым беларусам і беларускам было “не да гэтага” ў сувязі з выбарамі.

    У 2000‑х на старонках афіцыйных выданняў жанчынам выказваецца падзяка за ўдзел “у пабудове маладой суверэннай дзяржавы”. Аднак, галоўнае месца ў віншаваннях займае апяванне жаноцкасці, прыгажосці, мацярынства.

    Аналізуючы і афіцыйныя, і неафіцыйныя медыя, можна сцвярджаць, што асвятленню 8 сакавіка як дня, прысвечанага барацьбе жанчын за свае правы, надаецца вельмі мала ўвагі. Свята трансфармавалася разам з савецкай дзяржавай, а ў незалежнай Беларусі зусім страціла палітычны змест.

    Экспертка Вольга Петруковіч адзначыла: “На працягу ўсёй гісторыі віншаванняў 8 сакавіка жанчыны вызначаюцца праз мужчын: яны альбо маці, альбо жонкі, або сёстры, альбо сяброўкі. Часта, калі гаворка ідзе пра поспехі жанчын у якой-небудзь сферы, яны аказваюцца “вартыя сваіх бацькоў і сыноў, мужоў і братоў”. Да 1980‑х 8 сакавіка канчаткова ператвараецца ў “свята вясны і абнаўлення”, “дзень жанчын і свята прыгажосці”. У канцы 1980‑х – пачатку 1990‑х першапачатковае значэнне свята практычна знікае з масавай свядомасці, пра яго толькі зрэдку ўзгадваюць прадстаўніцы жаночага руху.

    Характэрна, што ў той час як роля маці і мацярынства фігуруе ў матэрыялах, роля бацькі і бацькоўства нават не згадваецца. У постсавецкі перыяд бацьку надаецца роля здабытчыка, які павінны зарабляць грошы на сям’ю, аднак актыўнае бацькоўства ніяк не заахвочваецца і нават не ўзнікае на старонках газет”.

    Экспертка Яўгенія Станкевіч дадае: “Да таго ж неафіцыйныя медыя, прысвячаючы значную долю ўвагі палітыцы, часцяком выключаюць жанчын з катэгорыі палітычна актыўных грамадзян Беларусі, адводзячы ім “традыцыйную” ролю — парадкаванне хатняй гаспадаркі. Адной з асаблівасцяў свядомай беларускі з’яўляецца “традыцыяналісцкая самасвядомасць”, якая не прадугледжвае карэнных змен у патрыярхальных адносінах і сцвярджае непатрэбнасць удзелу ў жаночых грамадскіх арганізацыях”.

    ***

    Аўтарка рэкамендуе для прагляду дакументальны фільм “Сукенка” — пра 8 сакавіка і не толькі.

    Для падрыхтоўкі артыкула выкарыстаны матэрыялы рэсурснага пакета “Гендэрны лікбез” (агляды беларускай прэсы, зробленыя Аленай Ляшкевіч, Вольгай Петруковіч і Яўгеніяй Станкевіч, даследаванне расійскай прэсы Галіны Карпавай).

    Рэсурсны пакет і фільм “Сукенка” былі створаныя ў межах праекту “Развіццё гендэрнай адчувальнасці ў Беларусі”, які ажыццяўляўся ў 2011–2012 гг. Беларускім домам правоў чалавека ў супрацоўніцтве з Цэнтрам гендэрных даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта,ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», РГА “Прававая ініцыятыва”, Міжнародным Цэнтрам гендэрных ініцыятыў “Адліга”, ГА “Цэнтр “Трэці сектар”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці