851

Тэлеграм-бот «Магніт», які сілавікі ставяць затрыманым: якія звесткі ён можа збіраць і як ад гэтага абараніцца

05.04.2023 Крыніца: Наша Ніва

Падчас аблавы ў Дзяржынску затрыманым запускалі ў тэлеграме новы бот «Магніт». «Наша Ніва» распавядае, чым ён можа быць небяспечны і што рабіць, каб ад яго абараніцца. 

Што за бот «Магніт» і якія звесткі Telegram-акаўнта ён можа збіраць?

Гэты бот у тэлеграме міліцыянты апошнім часам запускаюць многім затрыманым. Ініцыятыва CyberBeaver лічыць, што гэта можа быць саманапісаны бот сілавікоў, задача якога — сабраць інфармацыю з акаўнта.

«Мы мяркуем, што ён, тэарэтычна, можа збіраць усе падпіскі, выдаваць ID і нумар тэлефона, кантакты, можа сапраўды далучацца да нейкай базы сілавікоў і праганяць па ёй. Таксама можа залезці ў базу звестак, у якой фігуруе акаўнт, і выдаць суполкі, на якія чалавек быў раней падпісаны, але цяпер адпісаўся. Але там можа быць і шмат іншых функцый, менш відавочных», — мяркуюць у ініцыятыве.

«Канешне, большую частку з гэтых даных можна знайсці іншымі сродкамі, але, калі такі бот, тэарэтычна, збірае ўсе звесткі ў адну базу, то пераслед людзей становіцца прасцейшым», — дадаюць у CyberBeaver.

Кіберпартызаны схільныя прыпісваць боту больш сціплыя функцыі. Яны лічаць, што ўсё, што ён можа сабраць — гэта ID тэлеграм-карыстальніка, імя карыстальніка і імя акаўнта (бягучыя і ўказаныя пры рэгістрацыі акаўнта), то-бок, тое самае, што можна сабраць і без доступу да акаўнта, а таксама нумар тэлефона, які і так бачны сілавіку, які мае ў руках тэлефон.

Як падрыхтавацца да таго, што на вашым акаўнце запусцяць «Магніт»?

Мець акаўнт «чыстым». То-бок, рэгулярна чысціць перапіскі і чаты ва ўсіх сацсетках (прынамсі для сябе), не ўступаць у адкрытыя палітычныя групы і не пісаць там каментарыяў, калі вы не ўпэўненыя ў бяспецы акаўнта, не захоўваць пратэсных фота ў тэлефоне.

Калі на вашым акаўнце ўжо ёсць след з суполак ці вы разумееце, што пры аналізе ботам «Магніт» вам пагражае пераслед, то варта акаўнт выдаліць і стварыць нанова. Гэта не гарантыя бяспекі, але нашмат лепш, чым не рабіць гэтага.

«Кіберпартызаны» раяць таксама стварыць асобны акаўнт для палітычных чатаў і каналаў. Пасля гэтага — загрузіць «Партызанскі тэлеграм» і наладзіць ілжывы код-пароль, пры ўводзе якога гэты акаўнт будзе аўтаматычна хавацца або праграма будзе выходзіць з яго. Пры ператрусе тады можна ўвесці фальшывы код-пароль і паказаць «чысты» акаўнт, з якога вы не падпісаныя на палітычныя чаты і каналы.

Відэаінструкцыя па настройках «Партызанскага тэлеграма» ёсць тут.

Як увогуле падрыхтавацца да агляду тэлефона сілавікамі?

Варта сачыць не толькі за тэлеграмам, але і за іншымі сацсеткамі і месенджарамі, бо іх таксама правяраюць. Таксама важна надзейна вычысціць «пратэсныя» фота з тэлефона і іншых сацсетак і месенджараў — прынамсі тыя, у якіх фігуруюць рэальныя людзі.

У самім тэлефоне і вашых акаўнтах увогуле не мусіць быць ніякіх відавочных зачэпак: пачынаючы ад «застаўкі» і заканчваючы асабістай перапіскай.

Што рабіць, калі на вашым акаўнце ўжо запускалі бот «Магніт»?

«Кіберпартызаны» раяць, па-першае, ніколі больш не падпісвацца з гэтага акаўнта на палітычныя каналы або чаты.

Па-другое, як мага хутчэй акаўнт выдаліць.

Па-трэцяе, калі вы разумееце, што пасля запуску бота «Магніт» і атрымання звестак пра ваш акаўнт вам пагражае крымінальная справа, то падумаць, наколькі небяспечна заставацца ў краіне.

Чытайце яшчэ:

У выдання Office Life узніклі праблемы з Мініфармам

Ситуация продолжает ухудшаться. Госдепартамент США оценил состояние свободы слова в Беларуси

«Правасуддзе да злачынстваў супраць журналістаў павінна быць забяспечана!» — у Лондане апублікаваная гадавая справаздача НСЖУ

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!